Вы тут

Яжмаці з «Інстаграма»


Што большасць з нас прыгадвае, думаючы пра сваю матулю? Пяшчоту, дабрыню, цеплыню... Часам строгасць, вядома. Ну як без яе? «— Сы-нок, да-до-му! — Ма-а-ам, яшчэ дзесяць хвілін, можна!?» Хто не памятае такога з дзяцінства? Ну, дык гэта ж усё з-за любові, праўда? («Гаспадыні на заметку. Ваша дзіцё праслужыць даўжэй, калі аддаць яго ў флот».) Хаця, канешне, празмерная апека далёка не ўсім спадабаецца. Прыгадайце хоць бы эпізод эмацыянальнай размовы паміж Эмікам і яго маці цёткай Песяй з кінасерыяла «Ліквідацыя». «— Не, вы бачылі?! Ён такі хоча маёй смерці! Не пушчу!!! — Мама, я зарэжу сябе ножыкам! — Рэж! Рабі маму сіратой!» Тут на фоне любові ўжо праглядаецца пэўная маніпуляцыя. («Маці піша ў «Вайберы»: «Сынок, тэрмінова патрэбна тваё сэлфі». Здзівіўся, але адправіў. Тут жа прыходзіць адказ: «Шапка дзе?!») Усім жа ва ўзаемаадносінах з бацькамі, прыгадайце, хацелася больш свабоды, асабліва ў падлеткавым узросце. («Часам маці вядуць сябе як гопнікі-майдадыры: — Ёсць што светлае памыць? А калі знайду?»)


Але часам той самай свабоды становіцца зашмат і ў першую чаргу — з боку маці. У адносінах да дзяцей, навакольных, усяго свету... («— Што, знайшоў хату на Новы год ці зноў, як ёлуп апошні, будзеш з бацькамі сустракаць? — Ну ма-а-ам...») Гэта я пра так званых яжмаці. Так карыстальнікі сеціва называюць жанчын, якія пры абсалютна неадэкватных сваіх паводзінах пачынаюць пераконваць (часта з агрэсіяй) усіх у тым, што маюць права на падобныя выхадкі, паколькі яны — маці. Іх меркаванне — усе ім вінны: саступаць месца ў транспарце, цярпець дрэнныя паводзіны іх нашчадкаў у грамадскіх месцах і г. д. Памятаю, у гасцях была пара з дзіцем. Вы б бачылі, з якім замілаваннем маці назірала за тым, як яно размазвае торт па экране чужога тэлевізара... Што вы — яны профі ў пытаннях выхавання! («— Сынок, ад цябе пахне аптымізмам, ты што, радаваўся? — Не, гэта пацаны радаваліся, а я побач стаяў».) Мабыць, кожны можа прывесці падобны прыклад з жыцця.

Некаторыя тлумачаць такія паводзіны яжмаці «сіндромам выдатніцы», маўляў, усё трэба рабіць правільна, ідэальна, як па падручніку. («Аб'ява на іпадроме: «Жанчынам з рускіх паселішчаў уваход забаронены!») Іншыя гавораць пра «нарцысавае расшырэнне маці» — гэта калі жанчына ўспрымае ўсе поспехі дзіцяці як свае ўласныя, насамрэч прыкрываючы такім чынам асабістыя эгацэнтрычныя амбіцыі. («Калі Каці было тры гады, яна бегала галышом па пляжы. Зараз ёй 30, і дзве бутэлькі шампанскага дапамагаюць вярнуцца ў дзяцінства».) Я не псіхолаг, каб меркаваць аб дакладнасці гэтых фармулёвак. («— Іра, ты заўсёды чуеш толькі тое, што хочаш! — Віно з сырам? Канешне буду!») Самае галоўнае, як яны ўплываюць на псіхіку ўласных дзяцей? Асабліва, калі маці — яшчэ і публічная (значыць, апрыёры аўтарытэтная) асоба. А што думаць простым людзям?

Напрыклад, амерыканская актрыса і мадэль Шарліз Тэрон расказала, што вырашыла выхоўваць свайго сына Джэксана як... дзяўчынку. («— Чуў, у цябе дзіця нарадзілася! Віншую! Як назвалі? — Сцяпан... — Вой, напакутуецца дзяўчына з такім імем...») Быццам бы ў тры гады (?!) дзіця так само сказала — я не хлопчык. І Джэксана ўжо бачылі ў Дыснейлендзе ў чорнай сукенцы з карункамі, фальбонамі і неонавымі аранжавымі стужкамі. На галаве — абручык, валасы заплеценыя ў афрыканскія коскі... Як вам?

Вы ведаеце, які самы папулярны трэнд у знакамітасцяў жаночага полу ў апошні час? Пра яго нядаўна выказаўся расійскі спявак Юрый Лаза: «У рэйтынгах героі, якія год фатаграфавалі і выкладвалі ў сеціве голыя задніцы. Даруйце! Але гэта нікуды не варта». Так, існуе такая забаўка... («Галоўны орган у чалавека — «пятая кропка». Ва ўсім прымае ўдзел: у лячэнні, вучобе, выхаванні, прыняцці рашэнняў. А ў пошуку прыгод ёй увогуле роўных няма».) Застаецца толькі дадаць, што многія з «гераінь» — маці.

Нядаўна колішнюю зорку «Дома 2» Алену Ваданаеву (у яе васьмігадовы сын) асудзілі за «гарачыя танцы» ў адкрытым бодзі і батфортах. Усё ж, вядома, з'явілася ў інтэрнэце. А яна толькі ўсміхнулася: «Калі што, я памятаю пра тое, што маці». Вера Брэжнева далучылася: на «гарачай вечарынцы» станцавала на стале. Буру абурэння выклікала Анастасія Валачкова, калі прыйшла на школьную лінейку да дачкі ў сукенцы з велізарным разрэзам і дэкальтэ. Карыстальнікі пажартавалі: што, маўляў, і там сабралася сваю расцяжку паказваць? Пра апошнія я ўжо маўчу — дзе іх толькі не было? («Валачкову добра па піва пасылаць — адна нага тут, другая там».)

А як вам гісторыя пра 30-гадовую матушку — жонку святара — з Магнітагорска? Яна працуе касметолагам, а нядаўна эфектная бландзінка паўдзельнічала ў конкурсе прыгажосці: дэфіліравала там у адкрытых касцюмах, купальніку. У выніку заваявала тытул «Міс Пачуццёвасць». Толькі бацюшку, калі ўсё адкрылася, пасля гэтага адхілілі ад службы ў царкве — пакуль матушка не пакаецца. («— Бацюшка, грэшная я: жэрла, гуляла. — Ведаю! — Адкуль? — Падпісаны на твой «Інстаграм».) Такія яны, яжмаці ад гламуру...

Кастусь ХАЦЕЛАЎ-ЗМАГЕЛАЎ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.