Вы тут

Як на Жлобіншчыне працуюць маладыя леснікі


Аповед пра выбар, аповед пра лес

— Старонніх людзей тут няма. У нашу прафесію прыходзяць толькі тыя, хто па-сапраўднаму любіць прыроду, — лічаць супрацоўнікі Жлобінскага лясгаса. — Па Ірыне адразу было зразумела — яна свой чалавек!


Сімволіка выпадковасцяў

«Сваёй» Ірына Рубанава стала тры гады таму. Дзяўчына прыехала сюды па размеркаванні:

— Я хацела быць эколагам, але крыху не хапіла прахадных балаў пры паступленні. Так стала студэнткай ГДУ імя Францыска Скарыны біялагічнага факультэта спецыяльнасці «лясная гаспадарка». І, ведаеце, не пашкадавала, што ўсё склалася менавіта так!

Іра нарадзілася ў пасёлку Сасновы Бор Светлагорскага раёна. Прыгожая назва, праўда? Быццам бы сам лёс ужо тады падказваў дзяўчыне, што яе будучыня будзе звязана з лесам. З малых гадоў усе гульні Іры праходзілі вакол дрэў. Сям'я часта хадзіла ў грыбы і ягады. «З прафесіяй неяк усё сімвалічна склалася. Або, як той казаў, выпадковасці не выпадковыя?» — усміхаецца суразмоўніца.

Ірына — інжынер па лесааднаўленні і меліярацыі. Асноўныя абавязкі дзяўчыны — кантроль за лесакультурнымі работамі — пасадка дрэў і іх догляд.

— Вырошчванне лесу — доўгі і карпатлівы працэс, — расказвае дзяўчына. — Усё пачынаецца з нарыхтоўкі шышак. Затым яны перапрацоўваюцца. У нашым лясгасе ёсць свая шышкасушыльня. Так атрымліваецца насенне, якое праходзіць апрабацыю. Згодна з класамі і якасцю мы высейваем яго ў гадавальніку. Праз год вырастаюць паўнавартасныя сеянцы.

Іх высаджваюць на той тэрыторыі, дзе прайшла высечка лесу. На працягу трох гадоў гэты ўчастак трэба аблясіць. Або пакінуць пад натуральнае аднаўленне. Высаджваюцца елкі, хвоі, алешыны, дубы, клёны, ліпы, ясені. На тэрыторыі Жлобінскага лясгаса пераважае хвоя.

— Менавіта ўвесь гэты працэс ад пачатку да канца я і кантралюю. Мне неабходна дакладна падлічыць, на якой плошчы і што будзем высаджваць. Праца адказная, патрабуе ўседлівасці, — канстатуе спецыяліст. — Прымаю ўдзел і ў пасадцы лесу.

— У сваёй працы Ірыне даводзіцца карыстацца шматлікімі нарматыўнымі дакументамі. Я адразу сказала: пакуль ты не паедзеш у лес, не памацаеш усё сваімі рукамі, не ўбачыш на свае вочы, будзе цяжка. На паперы напісана адно, а на практыцы — іншае, — упэўнена Ірына Крукоўская, начальнік аддзела лясной гаспадаркі і лесааднаўлення.

«Угоддзі» з трох дрэў

— Добра памятаю свае першыя працоўныя дні. Я прыйшла ў момант пасадкі лесу. Сакавік, красавік, май — «гарачы» час. Таму сарыентавацца і паглыбіцца ў сутнасць спраў давялося хутка. Дзякуй вопытным калегам, што дапамаглі, — узгадвае Ірына. — Зараз працую пераважна ў кабінеце з 8 да 17 з перапынкам на абед. Раз-два на тыдзень бываю ў лесе, у гадавальніку — часцей. Частку таго, што вырошчваем у ім, пакідаем сабе, астатняе — прадаём іншым лясгасам. Рэалізацыяй пасадачнага, дэкаратыўна-пасадачнага (туя, ядловец і інш.) матэрыялу займаюся таксама я.

Цікава, што да таго, як Ірына прыйшла ў лясную гаспадарку, для яе паняцце «лес» складалася з дуба, хвоі, елкі — «базавых» дрэў, якія дзяўчына бачыла дома:

— А потым трапіла ў гадавальнік плошчай 25 гектараў з 50 відамі дэкаратыўных раслін. Вось як, аказваецца, бывае! Google тады мне добра дапамог.

На жаль, прызнаецца дзяўчына, яе матуля больш любіць кветкі, чым туі або ядловец. Інакш яна разгулялася б, выкарыстала ўсе свае веды на прысядзібным участку! «Матуля толькі на буякі пагадзілася. Прывезла ёй, пасадзілі», — дадае суразмоўніца.

— Дзяўчат у лясной галіне шмат?

— Такім прыгожым маладым кадрам мы заўсёды радыя. Асабліва задаволеныя мужчыны, — жартуе Ірына Крукоўская. — Увогуле, дзяўчаты ў лясной гаспадарцы — справа звычайная. Яны ў першую чаргу прыўносяць парадак. Парадак ва ўсім...

У яднанні з прыродай

Плошча Жлобінскага лясгаса складае больш за 80 тысяч гектараў, у тым ліку пакрытых лесам — 71,4 тысячы гектараў. Лясгас складаецца з дзевяці лясніцтваў.

— У Лугавірнянскім лясніцтве шмат ласёў. Бачыла іх некалькі разоў. Казулі сустракаліся, зайцы. Узімку па слядах магу вызначыць, што за жывёла прабягала, — расказвае Ірына. — У лесе па сонцы і моху мы не арыентуемся. Гэта толькі ў кіно прыгожа выглядае, — смяецца. — Аддаём перавагу сучасным тэхналогіям. Напрыклад, мабільнай праграме «ГісЛес». Яна дапамагае сарыентавацца, дзе ты знаходзішся, падказвае, як трапіць у неабходнае месца ўгоддзяў.

Ірына лічыць, што культура наведвання лесу ў нашых людзей ёсць. Але заўсёды знойдуцца тыя, каму закон не пісаны:

— Вогнішчаў ва неўстаноўленых месцах разводзіць, на мой погляд, сталі менш. А вось смецце ў лес звозяць актыўна! Апошняе мяне асабліва здзіўляе. Як можна не разумець, што прырода — гэта багацце, якое трэба берагчы? Інакш што пакінем будучым пакаленням? Родныя і знаёмыя заўсёды кансультуюцца са мной, пытаюцца пра розныя новаўвядзенні і змяненні ў лясной галіне. Напрыклад, шмат хто тэлефанаваў і ўдакладняў, ці праўда, што дазволілі чарніцы збіраць камбайнамі, — кажа спецыяліст.

Ірына жыве ў інтэрнаце. Пакой дзяўчыне лясгас выдзеліў амаль адразу, як яна прыступіла да сваіх абавязкаў:

— Да лясніцтва хвілін дзесяць пешшу. Зручна! Увогуле, у Жлобіне нятаннае жыллё, таму такая падтрымка з боку работадаўцы вельмі каштоўная.

Дзяўчына скрозь і ўсюды

Зараз малады спецыяліст актыўна рыхтуецца да вяселля. Урачыстасць запланаваная на жнівень. Жаніх родам са Жлобіна. Пара не рвецца ў сталіцу, плануе застацца ў невялікім утульным горадзе.

У Іры, як і ў яе калег, ёсць некалькі камплектаў формы: парадна-выхадная, паўсядзённая, рабочая:

— Зручна! Не трэба гадзіну круціцца каля люстэрка і думаць, што апрануць на працу! А якая эканомія для будучага сямейнага бюджэту! Абутак таксама выдаюць.

— Як з такім манікюрам лес саджаць? — паглядаю на ярка-бірузовыя пазногці суразмоўніцы.

— Для гэтага пальчаткі ёсць! — усміхаецца Ірына. — Дзяўчына павінна заўсёды заставацца дзяўчынай. Лёгкі макіяж кожны дзень таксама раблю.

Ірына стараецца развівацца ў сваёй сферы самастойна, шмат чытае па спецыяльнасці. Вядзе актыўны лад жыцця:

— Удзельнічаю ў розных спартакіядах за родны лясгас. Бегаю на доўгія дыстанцыі. Зімой упершыню стала на лыжы. Спадабалася.

У Іры ў планах пайсці на курсы па ландшафтным дызайне. А яшчэ дзяўчына збіраецца паступаць у Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь на спецыяльнасць «Дзяржаўнае кіраванне і права». Яна ўпэўнена, што веды лішнімі не бываюць...

Кацярына АСМЫКОВІЧ

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Мінск — Жлобін — Мінск

Загаловак у газеце: Усё пачынаецца з шышак...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».