Добра знаёмая кніжная серыя «У пошуках страчанага», у якой ужо выдадзена нямала выданняў з рэпрадукцыямі старых паштовак, папоўнілася альбомам «Місія міласэрнасці: ілюстрацыйная гісторыя Чырвонага Крыжа ў Беларусі».
Лаўрэат прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» філакартыст і гісторык Уладзімір Ліхадзедаў з дапамогай артэфактаў са сваёй уласнай калекцыі расказвае пра рух Беларускага Чырвонага Крыжа. Матэрыялы са збораў уважлівага да даўніны рупліўцы ўзнаўляюць дзейнасць грамадскага аб'яднання на тэрыторыі сучаснай Беларусі з пачатку ХХ стагоддзя да 1939 года. Некаторыя рэпрадукцыі дазваляюць зазірнуць і ў ранейшыя часіны, у дзевятнаццатае стагоддзе. Вось што піша ва ўступным слове да кнігі Генеральны сакратар Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Вольга Мычко: «У кнізе вядомага гісторыка Уладзіміра Ліхадзедава... прадстаўлены ўнікальныя фотаздымкі і паштоўкі з яго калекцыі, якія паказваюць работу нашай арганізацыі на тэрыторыі сучаснай Беларусі з 1867 г., калі было створана Расійскае таварыства апекі аб параненых і хворых воінах. 26 сакавіка 1872 г. утварылася першае Мінскае мясцовае ўпраўленне, а ў 1877 г. на тэрыторыі цяперашняй Беларусі налічвалася ўжо 5 мясцовых упраўленняў, 30 крапасных і павятовых камітэтаў, якія аб'ядноўвалі ў сваіх шэрагах больш за 3000 чалавек...»
Відавочна, што дзякуючы кнізе У. Ліхадзедава можна здзейсніць адмысловае падарожжа па Беларусі, убачыць «адрасы міласэрнасці», разгледзець вобразы і постаці людзей, якія не шкадавалі ні сваіх сіл, ні сардэчных перажыванняў дзеля іншых — дзеля тых, каму найболей была патрэбна дапамога. Такія выявы, такія кнігі — добры ўрок выхавання міласэрнасці, чуллівасці, душэўнасці.
Выдатна было б у знак 70-годдзя падпісання Жэнеўскіх канвенцый 1949 года, якія з'яўляюцца асновай міжнароднага гуманітарнага права і складаюцца з найбольш важных прававых норм, што абмяжоўваюць праявы жорсткасці падчас узброеных канфліктаў, правезці па краіне, а мо і за яе межамі, і кнігу «Місія міласэрнасці», і самі паштоўкі, старыя фотаздымкі. Прэзентацыя ці выстаўка такога характару сталася б добрым складнікам сур'ёзнай выхаваўчай работы ў грамадстве. Кніга-альбом Уладзіміра Ліхадзедава пабачыла свет у Выдавецкім доме «Звязда» па заказе і пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь.
Мікола БЕРЛЕЖ
Для смуглявага, з нетыповай для Беларусі знешнасцю трактарыста-машыніста КУСГП «Вялікадолецкае» Ушацкага раёна Ра Вутха наша краіна даўно с
На прасторах яе вялікасці кнігі.