Вы тут

Беларусь актывізуе перамовы па пастаўках нафты з Казахстанам


Пра ўзаемадзеянне Беларусі і Казахстана напярэдадні саміта Еўразійскага эканамічнага саюза ў Нур-Султане і пазачарговых выбараў у Казахстане ішла размова Аляксандра Лукашэнкі і Надзвычайнага і Паўнамоцнага пасла гэтай краіны Ермухамета Ертысбаева.


«Я ўпершыню буду ў сталіцы з новай назвай. А ўвогуле, я вельмі часта бываў у Казахстане, добра ведаю гэтую краіну. Выдатная краіна, дынамічна развіваючаяся. Няпростыя працэсы адбываюцца ў палітычнай вобласці —прэзідэнцкія выбары са зменай кіраўніка. Яны заўсёды пэўным чынам адлюстроўваецца на жыцці, грамадстве. Ды што там казаць, нават на эканоміку ўплываюць», — сказаў Прэзідэнт Беларусі.

Па словах кіраўніка дзяржавы, у плане гандлю ў краін няма праблем. Праўда, станоўчае сальда ў таваразвароце ў Беларусі. «Але вы павінны ведаць, што ў Казахстане ствараюць масу тавараў, якія нам вельмі патрэбныя, пачынаючы ад бавоўны і заканчваючы металамі», — запэўніў Аляксандр Лукашэнка і акрэсліў новыя напрамкі для сумеснага гандлю.

Беларусь гатова пакупаць у Казахстане зерне. Яго ў краіне лішкі, дзякуючы высокай ураджайнасці і вялікай колькасці пасяўных плошчаў цвёрдых сартоў пшаніцы. Таму праблема дысбалансу ў гандлі — толькі пытанне часу. Яго вырашэнне Прэзідэнт даручыў міжурадавай камісіі дзвюх краін.

Пакуль сустаршыня гэтага органу з казахскага боку адсутнічае — мінулы, Аскар Мамін, заняў пасаду прэм’ер-міністра. «Гэта таксама для нас добра. Чалавек, які ведае добра праблематыку Беларусі, стаў прэм’ер-міністрам Казахстана. Гэта, шчыра кажучы, нас вельмі задавальняе»,— пракаментаваў лідар краіны.

Справа тут, па словах Прэзідэнта, не ў персаналіях — у краін заўсёды былі добрыя сувязі, лідары выбудавалі дакладную сістэму ўзаемаадносін. Патэнцыял развіцця супрацоўніцтва ў краін маштабны, садзейнічае яму і ініцыятыва «Адін пояс і адзін шлях».

«У вас усходнія вароты, у нас «Вялікі камень», свабодныя эканамічныя зоны. Я думаю, тут большае спалучэнне павінна быць», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Звярнуў ён увагу і на тое, што Беларусь дыверсіфікуе пастаўкі вуглевадароднай сыравіны. «Мы маем некалькі кропак судакранання і вядзём перамовы пра пастаўку нафты ў Беларусь з іншых крыніц. У гэтым годзе мы, у асноўным, скончым мадэрнізацыю нафтапераапрацоўчых заводаў. Нам будзе крыху лягчэй пакупаць з сусветных рынкаў нафту. У сувязі з гэтым мы ўжо вядзём перамовы і хацім, каб яны (па пастаўках казахстанскай нафты ў Беларусь) былі актывізаваны», — адзначыў Прэзідэнт.

Пытанне транзіту «чорнага золата» тычыцца не толькі дзвюх краін, але і Расіі. «Думаю, што з блізкай нам краінай мы зможам дамовіцца аб пэўных аб’ёмах пастаўкі нафты з Казахстана», — упэўнены беларускі лідар.

На палях юбілейнага саміта ў Нур-Султане Прэзідэнт плануе абмеркаваць двухбаковыя адносіны краін са сваім дзеючым і былым калегамі з Казахстана. 

У сваю чаргу, Ермухамет Ертысбаеў звярнуў увагу на цікавую заканамернасць: «Сустаршыня міжурадавай казахска-беларускай камісіі папрацаваў і стаў прэм’ер-міністрам. Касым-Жамарт Кемелевіч [Такаеў, былы старшыня сената — Зв.] 30 кастрычніка сустрэўся з вамі тут, у Беларусі, стаў прэзідэнтам».

Пасол у размове з журналістамі таксама адзначыў праблему адмоўнага сальда Казахстана, пра якую казаў Аляксандр Лукашэнка. «У мінулым годзе на 900 мільёнаў долараў мы нагандлявалі і 700 мільёнаў долараў на карысць Беларусі. Для нас, Казахстана, гэта рэзка адмоўнае сальда і мы хацелі б, каб Беларусь шырока адкрыла рынак для казахстанскіх тавараў. Мы можам 44 віда таварнай прадукцыі пастаўляць у Беларусь», — сказаў Ермухамет Ертысбаеў.

Выправіць гэту сітуацыю плануюць да восені, калі адбудзецца афіцыйны візіт Прэзідэнта Беларусі ў Казахстан.

Чалавечы капітал і вытворча-тэхнічны вопыт Беларусі, па словах кіраўніка казахскай дыпмісіі, дазволіць выправіць памылкі, калі падчас рэформаў у краіне дэмантавалі прадпрыемствы. «Напрыклад, Паўладарскі трактарны завод быў адным з буйнейшых у саюзе. Але зараз мы збіраем беларускую сяльгастэхніку ў многіх гарадах, машынныя камплекты і іншае прыходзіць з Беларусі і не толькі — кар’ерная, шахтавая, ліфтавая тэхніка», — канстатаваў Ермухамет Ертысбаеў.

Казахстанскі бок у сваю чаргу гатоў пастаўляць нафту ў Беларусь, учора гэту тэму з галіновымі ведамствамі абмяркоўваў беларускі пасол у Казахстане Анатоль Нічкасаў.

«Паміж намі ляжыць Расія. Яна з’яўляецца важным партнёрам і для Беларусі, і для Казахстана. Гэта наш галоўны, стратэгічны партнёр. Таму гэта прадмет перамоўнага працэсу, я думаю, мы пастараемся знайсці агульнадапушчальнае. Канечне, для Расіі гэта будзе нявыгадна. У іх сваёй нафты дастаткова. Але мы хацелі бы, каб Еўразійскі эканамічны саюз быў выгадны для ўсіх удзельнікаў. І на этапе станаўлення нашага саюза вельмі важна падтрымліваць усіх, — адзначыў пасол. — У нас адна праблема — як запусціць нафту ў трубу. Там чарга ёсць, груба кажучы. Канечне, мы можам чыгуначнымі саставамі пастаўляць і гэтак далей. Але эфектыўнасць некалькі іншая будзе».

Новае кіраўніцтва Казахстана разгледзіць пытанне і набыцця пакету акцый «Гомсельмаша», каб наладзіць вытворчасць беларускай сяльгастэхнікі.

Палітыка заўсёды ідзе поруч з эканомікай. Беларусь і Казахстан — саюзнікі па АДКБ, ЕАЭС.

Па словах пасла, падчас размовы Прэзідэнт высока ацаніў дзеючага лідара Касым-Жамарта Такаева: «Сказаў, што ведае яго як удумлівага, граматнага, інтэлегентнага, універсальнага чалавека. Усе-такі ён быў намеснікам Генеральнага сакратара Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Тры гады папрацаваў. Мае магутную падтрымку і ўнутры Казахстана, і на міжнароднай арэне».

Расказаў пасол пра ідэю заснаваць пасаду «Ганаровага старшыні Еўразійскага эканамічнага саюза», аддаючы пашану Нурсултану Назарбаеву за аўтарства ініцыятывы. Аляксандр Лукашэнка падтрымаў гэту думку.

Марыя ДАДАЛКА

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.