Вы тут

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў


Ляжыць? Хай ляжыць

pixabay.com

...Як вядома, колькі людзей, столькі і меркаванняў. Я, напрыклад, лічу, што ў кожнага з нас павінны быць пэўныя мэты. Гэта — па-першае, а па-другое — жаданне іх здзяйсняць. Калі такога ў чалавека няма, то няма, відаць, і сэнсу ў ягоным жыцці.

Мне, напрыклад, з ранняга дзяцінства хацелася мець вышэйшую адукацыю. Атрымаць яе пры маіх сямейных абставінах было неймаверна цяжка! Можна было адступіць, здрадзіць сваёй мары, аднак гэта — не ў маім характары: я скончыла не адну, а нават дзве ВНУ, хоць пазней (аб гэтым таксама варта сказаць) і зразумела, што галоўным доказам найлепшых чалавечых якасцяў ды арганізатарскіх здольнасцяў з'яўляюцца зусім не дыпломы...

Але ж вось яны з'явіліся, а пасля гэтага — і новыя мэты-жаданні. Я навучылася вадзіць машыну, іграць на гармоніку і нават — каб паспытаць свайго сапраўднага мёду — занялася пчалярствам.

Трэба сказаць, што з ім, як і з многім іншым: мала было захацець, трэба шмат чаго ведаць і шмат што ўмець. Добра, што побач былі вопытныя пчаляры-аднавяскоўцы. Пад іх «чулым кіраўніцтвам» і з цягам часу я займела пчальнік, у якім было ўжо 12 вулляў, што ў маім, на жаль, не юным узросце нават і мнагавата, бо цяжка...

Як на тое ліха, гэтыя скаргі быццам нехта пачуў: леташняй восенню на маіх пчол напалі чужыя і, на вялікі жаль, перамаглі. Вуллі засталіся пустыя, і глядзець на іх стала вельмі балюча. А таму я зноў узялася дзейнічаць. За 30 кіламетраў ад уласнай вёскі знайшла гаспадара, які прадаваў сем'і пчол, і з «групай таварышаў» паехала купляць.

Што ўразіла, прадаўцом аказаўся інвалід-калясачнік з пчальніком у паўсотні вулляў!

Мы ў яго забіралі чатыры.

Для транспарціроўкі мой прыяцель-кансультант прадугледзеў, здаецца, усё: закрыў латкі, зверху шчыльна залажыў іх дошчачкамі і прыкрыў коўдрамі. Цяжкаватыя накрыўкі мы пакідалі гаспадару, бо сем'і я планавала пасяліць у сваіх пустуючых «хатках».

Далей заставалася ці не самае простае: вуллі з пчолкамі саставіць у кузаў грузавой машыны, туды ж пасесці маім памочнікам-мужчынам і дабрацца дамоў...

Выязджалі мы, праўда, цямком, але ж, далібог, даехалі б без прыгод, калі б у адным месцы шлях нашай машыне не перакрыў так званы ляжачы паліцэйскі. Яго, не эканомячы будматэрыялы, уклалі якраз насупраць школы і задралі так...

Карацей, кузаў грузавіка падкінула, прычым падкінула так, што ў вуллях расхінуліся дошчачкі і пчолкі, адпаведна, выпаўзлі ў кузаў...

Крыку, шуму, а заадно і мацюкоў там узнікла столькі!..

Шафёру прыйшлося рэзка спыніць машыну, а нам — пры скупым святле ліхтара — запаліць дымар ды з яго дапамогай папраўляць непаладкі.

Зрабілі, як быццам, усё, даехалі, і тым не менш навасельцаў у двор мужчыны ўносілі з вялікай асцярогай і толькі назаўтра пасялялі ў свае дамкі...

Цяпер яны там жывуць і шчыруюць — радуюць сэрца ды час ад часу нагадваюць пра таго ляжачага паліцэйскага. «Дзякуючы» яму адзін з нашых мужчын досыць доўга насіў на твары адметную пухліну.

Ніна Бурко, в. Капланцы, Бярэзінскі раён.


Купіна з сюрпрызам

Фота: pixabay.com

Час майго дзяцінства — ужо далёкія шасцідзясятыя мінулага стагоддзя — вясёлая, бестурботная пара! Хаця...

На летніх канікулах я, вядома ж, хадзіла з сябрамі на рэчку, але пры гэтым дапамагала бацькам па гаспадарцы, а яшчэ — зарабляла грошы. Як зараз помню — за кілаграм чарніц плацілі сорак капеек. Для нас, дзяцей, — вялікія грошы! І такой бяды, што праца — таксама не з лёгкіх.

Напрыклад, за раку, у Лаздунскі лес, яшчэ трэба было дайсці, у ім — не заблудзіцца. Мой тата, як правіла, быў правадніком, а мы, вяскоўцы з яго «каманды», стараліся не адстаць. Яшчэ і таму, што разам, у кампаніі, і смялей было, і весялей.

...Дык вось, той раз гадзін у сем раніцы мы ўжо рушылі ў дарогу. Ішлі цугам адно за адным, па роснай траве, з плоскімі кошыкамі за плячыма (у такіх зручней потым несці ягады, бо шлях не блізкі — кіламетраў шэсць)...

Колькі мы там прайшлі ды спыніліся, бо натрапілі на добрыя лапіны чарніц. Збіраць іх — асабліва дзе шмат і буйныя — адно задавальненне! Таму кожны спяшаўся — стараўся набраць паболей.

Адзінае — дзень нам выпаў вельмі спякотны: бліжэй да абеду запякло ўжо так, што не было чым дыхаць. А мне да ўсяго — разбалелася галава. Таму, кінуўшы на зямлю нейкую апранаху, я прысела ў цяньку. Іншыя таксама сталі «прызямляцца» побач. Тата даў мне лусту хлеба са скваркай ды агурком... Я з'ела і неўзабаве заснула...

Падхапілася ад піску, енку, рогату і нічога не магла зразумець. Адна з жанчын, цётка Тамашыха, як падсмаленая з крыкам насілася паміж дрэў, прычым — зрываючы, скідаючы з сябе спадніцу, хустку, блузку... Хутка засталася ў адным споднім...

Дзеці, гледзячы на гэта, аж заходзіліся ад рогату, дарослыя — на ўсе вочы глядзелі, але сцяміць нічога не маглі.

...Потым стала вядома, што цётка, прысеўшы пад сасной і добра задрамаўшы, выбрала для гэтага не найлепшае месца: сваім шыракаватым азадкам яна «ўтаптала» ў зямлю малапрыкметную купіну, у якой быў велікаваты... мурашнік.

Яго насельнікі, ну вядома ж, не пацярпелі такога нахабства і вырашылі адпомсціць...

Мяркуючы па рэакцыі цёткі, расплата была не жартоўнай! Можна сказаць, на вачах цела жанчыны стала пакрывацца чырвонымі плямамі-пухірамі, твар палаў ад болю і сораму, бо гэта ж цяпер жанчыны (ды і мужчыны...) амаль голымі выступаюць са сцэны, а тады — бронь божа!

...З той пары шмат часу прайшло — змяніліся норавы. А вось памяць — яна засталася. І будзіць яна тугу па малой радзіме, і кліча вярнуцца ў дарагі для сэрца куток.

Галіна Нічыпаровіч, в. Магільна, Уздзенскі раён.


На ніжняй жэрдачцы сядзелі...

Фота: pixabay.com

Жонку сабе Мацвей прывёз з войска, здалёку, ажно з Урала, але ж нешта з ёю не ўжыўся. У хуткім часе (дочкі-блізняты ў школу толькі збіраліся) кінуў ён сям'ю ды паехаў некуды ў Казахстан. Кіра, яго жонка, ціхая, працавітая жанчына, засталася ў вёсцы, сама гадавала дачок, сама потым даглядала свякруху. Прапаноўвалі ёй аддаць цяжкахворую ў дом састарэлых — нявестка адмовілася. Была з ёй да апошняга, па-людску пахавала. А сын — ён нават адвітацца тады не прыехаў.

Жанчыне, вядома ж, цяжка ў жыцці прыйшлося, бо да ўсяго яна трымала немалую гаспадарку, працавала ў саўгасе. Не сказаць, каб з некім блізка сябравала, але ж і ворагаў таксама ніколі не мела: хата яе была неяк з краю, як бы адсунутая ад вуліцы... А збоку пры ёй хлеў ды гарод, а далей — хмызняк, альшэўнік.

...У той дзень жанчына выпусціла на падворак курэй, выгнала на пашу карову, прапаліла ў печы ды неўзабаве пайшла ў суседнюю вёску, каб купіць сабе цукру.

І туды, у краму за пяць кіламетраў, і назад яна ішла хутка. Да таго ж рукі ёй адрывалі пакупкі. Так што Кіра добра-такі стамілася і дома, адразу ж, хацела адпачыць. Толькі прылягла, як чуе — стук у вакно:

— Жывая ты там ці не? — пытала суседка. — Ідзі ў двор... Нешта з тваімі курамі зрабілася.

Кіра тут жа выскачыла з хаты і... спынілася: усё яе птаства ляжала на зямлі, і толькі асобныя з курэй яшчэ крыху варушылі дзе лапамі, дзе крыламі...

— Гэта, вядома ж, не так сабе, — абуралася ўголас суседка, — гэта ж ім нейкай атруты падсыпалі. А яны (колькі ж там мазгоў у курыцы?) яе і хапянулі... Таму ты, бабачка, пер'е, можа, і скарыстай, калі трэба, а вось мяса — не, ні ў якім разе! Выкідвай і не шкадуй!

Што заставалася Кіры: толькі заплакаць ды моўчкі ўзяцца за працу. Абскубла сваіх сакатух, не чапаючы крылы (бо там пер'е дробнае) ды і занесла за хлеў, выкінула ў сліўняк — заўтра меркавала закапаць, бо сёння на гэта сілы ўжо не было. Жанчыну да ўсяго душыла крыўда. «Хто ж гэта і за што патруціў маіх курэй? — думала яна. — Каго і чым я магла ўгнявіць?»...

Доўга не магла заснуць, а раніцай, як заўжды, падхапілася даіць карову, па звычцы зазірнула ў куратнік. І там на ніжняй жэрдачцы сядзелі яе певень і ўсе пяць курачак. Праўда, выглядалі яны так, што Кіра аж зайшлася ад рогату...

На «гук» — да таго ж такі нечаканы — тут жа прыбегла суседка. Яна і «раскрыла карты»:

— Гэта ж учора Ігнат (таксама сусед, толькі з іншага боку), мусіць, гарэлку гнаў, брагу разліў, пераносячы, а куры яе і паклявалі — многа ім трэба?

Карацей, праз гадзіну-другую вёску абляцела навіна пра Кірыных «п'яных» курэй. На іх жа, амаль дагала «раздзетых», людзі прыходзілі паглядзець і пасмяяцца: калі няма з чаго, дык яно і сапраўды — можна і з курэй.

Уладзімір Пугач, в. Навасёлкі, Петрыкаўскі раён.

Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».