Вы тут

У Клімавічах праходзіць фестываль дзіцячай творчасці «Залатая пчолка»


Вялікае дзіцячае свята праходзіць у Клімавічах гэтымі днямі. З 23 да 26 мая тут адбываюцца шматлікія мерапрыемствы XVІІІ Міжнароднага фестывалю дзіцячай творчасці «Залатая пчолка». У іх бяруць удзел болей за 790 удзельнікаў з дзевяці краін свету — Беларусі, Расіі, Балгарыі, Украіны, Кыргызстана, Узбекістана, Латвіі, Сербіі, Славакіі.


Кожны дзень форуму асаблівы. Першы, напрыклад, быў прысвечаны Дню сяброўства, учора адзначалі «Дзень урачыстасці дзіцячай творчасці», сёння святкуюць «Дзень нацыянальных культур». Завершыцца свята «Днём творчых дасягненняў, поспеху». Падчас яго падвядуць вынікі конкурсных спаборніцтваў у розных намінацыях і адбудзецца цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў. Відовішчнай падзеяй стане святочны парад удзельнікаў фэсту і гала-канцэрт.

Усе дні дзіцячага фестывалю напоўнены гульнямі, майстар-класамі, тэатралізаванымі падзеямі, на розных творчых пляцоўках праходзяць канцэрты, выстаўкі дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва, кірмашы. Рамеснікі і майстры народных промыслаў прапануюць беларускую сувенірную прадукцыю, цацкі. Гасцей свята заклікаюць пакатацца на атракцыёнах, паўдзельнічаць у прэзентацыі буйных беларускіх вытворцаў. На плошчы Вялікага Кастрычніка разгарнуўся вернісаж малюнкаў і работ дзіцячых школ мастацтваў, устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Клімавіцкага, Касцюковіцкага, Крычаўскага раёнаў. Арганізавана святочная шоу-праграма з удзелам беларускіх калектываў і выканаўцаў. У гарадскім парку можна адначасова пабываць на ўсіх фестывалях Магілёўшчыны: кожны раён прадставіў свае візіткі. Тут жа арганізавана тэатралізаваныя выставачна-гандлёвыя экспазіцыя. У рамках свята адбылася закладка новай зоркі: упершыню ўдзел у дзіцячым форуме бярэ Славакія.

Сёння, 25 мая, удзельнікі фестывалю будуць прадстаўляць у гарадскім парку свае краіны. Іх можна будзе пазнаць па нацыянальных сімвалах і сувенірах, адмысловых экспазіцыях і фотазонах. У амфітэатры адбудзецца конкурс «Міс «Залатая пчолка» і фестывальны перфоманс з флэшмобам «Танцы без межаў». На плошчы Вялікага Кастрычніка адкрыюць спартыўную пляцоўку, прысвечаную правядзенню ў Беларусі ІІ Еўрапейскіх гульняў. Тут прадэманструе сваю паказальную праграму абласное ўпраўленне МНС.

Фестываль дзіцячай творчасці «Залатая пчолка» праходзіць у Клімавіцкім раёне з 1996 года, яго лаўрэатамі ў розныя гады былі Ксенія Сітнік, Андрэй Кунец, Ганна Мушак, Лідзія Заблоцкая і іншыя. Арганізатарамі музычнага форуму выступаюць Клімавіцкі райвыканкам, Магілёўскі аблвыканкам і Міністэрства культуры Беларусі.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Загаловак у газеце: Клімавічы вітаюць «залатую пчолку»

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.