Вы тут

Ігар Задарожны: “Гуляць з гадаванцамі любяць усе, а догляд – на мне”


Шыкоўны барытон і сама элегантнасць – так кажуць пра саліста Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра імя Жыновіча Ігара Задарожнага. А між тым, у старэйшых класах ён усур’ёз выбіраў паміж музыкай і... фермерствам. “Я – заўзяты жывёлавод” – жартуе спявак. І дадае, што зараз ён шматдзетны бацька: трое сыноў, папугай і сабака.

– Пяць гадоў майго дзяцінства прайшлі ў Манголіі – бацькі былі ў працяглай камандзіроўцы. Для развіцця дзяцей там стварылі добрыя ўмовы – дзейнічаў Палац піянераў, у якім было шмат гурткоў. Мне было цікава ўсё: і спорт, і музыка, і акварыумістыка. У гуртку мы вывучалі віды, паводзіны рыб і які догляд ім патрабуецца. Шчыра кажучы, мы з сястрой марылі пра сабаку. Бацькі ж кармілі нас абяцанкамі: прыедзем дадому, у Беларусь, тады ўжо абзавядземся. А вось рыбак і акварыум нам набылі. Аднойчы мы з сястрой нават у школу не пайшлі, бо ў адной з рыбак наступілі роды, і мы ратавалі малькоў, каб іх не з’елі вялікія рыбы. Акварыум у нас быў шыкоўны: ракавінкі, расліны, каменьчыкі... Усё гэта патрабавала догляду, і я добра спраўляўся. А потым мы пераехалі ў Брэст.

– І набылі сабаку?

– Не, не склалася. У мамы была алергія на поўсць. Але мне вельмі хацелася, каб у нас з’явілася якая-небудзь жыўнасць, і бацькі пагадзіліся на парачку хамякоў. Зноў-такі я ўзяў на сябе ўсе клопаты па доглядзе. Выхаванцы пачалі пладзіцца, і для мяне гэта аказалася добрым дзіцячым бізнесам. Крышку падгадаваўшы, прывозіў хамячкоў на базар, і на іх быў нядрэнны попыт. За лета я зарабляў на абновы да навучальнага года, ды яшчэ заставалася на гасцінцы для сям’і.

Бацькам, мусіць, спадабалася мая фінансавая незалежнасць, і яны яшчэ купілі двух папугаяў. Але ў гэтай пары патомства не было. Бізнес не склаўся, затое птушкі пражылі ў нас недзе гадоў 15-17 і былі вельмі гаваркія.

І ў Брэсце я хадзіў у Палац піянераў, дзе і ўбачыў марскую свінку. Такая прыгажунька! Папрасіў, каб мне яе прадалі. Так у нас з’явілася Анфіса, якая стала лекаркай – яна клалася бацьку на паясніцу замест грэлкі, і боль суцішваўся.

Яшчэ была цікавая гісторыя. Набылі качанят і куранят, каб адвезці бабулі, якая жыла ў прыватным доме ў Пружанах. Так здарылася, што зламалася машына, і запчасткі давялося чакаць вельмі доўга. А птушанят тым часам пасялілі на балконе, насыпалі ім апілак. А яны ж так хутка растуць! Давялося везці цягніком. Гэта былі ўжо канікулы, і ў бабулі я змайстраваў для іх птушнік. Будаваў так, як разумеў на свае 14 гадоў, але ён і цяпер стаіць, толькі мы ўжо складваем у яго дровы.

Апошняй жывёлай з перыяду майго жыцця ў бацькоўскай хаце быў... тхор. Бацька знайшоў яго каля гаража і прынёс дадому. Пэўны час ён жыў у нас на балконе, а потым збег.

– Сапраўды, вельмі розныя жывёлы ў вас былі. Адкуль бралі веды, як іх даглядаць?

– Гурткі ў Палацы піянераў можна параўнаць з такім дзіцячым даследчым цэнтрам. Гэта цяпер мы ўсё шукаем у сеціве, а тады наяўнасць хатніх выхаванцаў была яшчэ і падставай наведваць бібліятэку, шмат чытаць. Да таго ж, я выпісваў “Юный натуралист” і “Родную прыроду”.

– Цяпер у вас свая сям’я, у якой трое дзяцей, а яшчэ сабака і папугай. Сыны дапамагаюць даглядаць іх?

– Атрымліваецца так, што гуляць з гадаванцамі любяць усе, а догляд – на мне. Спачатку думаў, што хлопцы далучацца, але... З другога боку, я раблю гэта амаль прафесійна, а ў дзяцей свой “графік жыцця” – школа, музыка, спорт, а старэйшыя яшчэ і дапамагаюць мне ў творчых праектах, і ім рэальна не хапае часу. Галоўнае, што яны любяць нашых выхаванцаў.

– Папугай мо вам ужо падпявае?

– Не тое, што пець, нават размаўляць наш папугай не хоча. Але затое надзвычай удала імітуе гукі мікрахвалёўкі.

– У вас сабка пароды шы-тцу. Чаму менавіта такую выбралі?

– О, гэта вельмі цікавая гісторыя. Неяк у адзін момант вырашылі са старэйшым сынам, што падаруем маме сабаку. Па-першае, у Юлі быў юбілей, па-другое, яна нарадзілася ў год сабакі. Усё рабілася ў вялікім сакрэце. А пароду выбралі за дэкаратыўнасць і доўгажыхарства – шы-тцу, як вядома, жывуць 14-17 гадоў. І характар у іх вельмі добры, прыязны да чалавека, што вельмі важна, калі ў сям’і дзеці, а малодшаму сыну на той момант было чатыры гады. Таксама важкім аргументам стала і тое, што такога сабаку можна прывучыць да латка, бо я разумеў, што часу на рэгулярны выгул не будзе. Наш Джонік напачатку пагрыз мэблю, абутак, але цяпер усё гэта ўжо перарос.

– Няўжо няма ніякіх складанасцяў з утрыманем шы-тцу?

– Хіба што грумера даводзіцца наведваць часцей. А так усё як звычайна. Пасля стрыжкі Джонік вельмі падобны да мяккай цацкі. Калі дзеці ідуць з ім на шпацыр, то многія здзіўляюцца, маўляў, глядзі: цацачны сабака на батарэйках. Дома ж наш выхаванец вельмі любіць заскочыць на пасцель, тады я кажу яму сувора: “Нельга!”, і ён імгненна хаваецца пад ложак. А вось хлопцам падабаецца, калі ён залазіць да іх на канапу. І тут ужо Джонік адчувае іх падтрымку.

– Дзеці не просяць яшчэ якіх-небудзь гадаванцаў завесці?

– Яны просяць сястрычку. З гадаванцамі яшчэ не вызначыліся. Хлопчыкі разумеюць, што мы не можам узяць, напрыклад, вялікага сабаку. Усведамляюць, што некалькі гадаванцаў павінны знайсці агульную мову, каб не было ў іх сварак, і стварыць такі “ансамбль” даволі няпроста. А ў мяне ёсць мара вярнуцца да таго, з чаго пачынаў: вялікі акварыум з рыбкамі. Ведаю, што гэта зноў будзе на маіх плячах. Цяпер можна замовіць любыя паслугі, у тым ліку чыстку акварыуму. Але ўспамінаю дзяцінства, калі я нават кіпяціў для яго каменьчыкі, і мне падаецца, што добры рэлакс – не толькі глядзець на рыбак, але і ўпарадкоўваць іх дом.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Фота з сямейнага архіва сям’і Задарожных

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.