Вы тут

Як захаваць здароўе вачэй


За камп'ютарам мы міргаем у тры разы радзей, чым звычайна. Ад гэтага вочы не могуць расслабіцца, а наша рагавіца перасыхае. Таму тым, хто шмат сядзіць за камп'ютарам, важна клапаціцца пра свой зрок. З узростам жа нас падсцерагаюць такія захворванні, як катаракта і глаўкома, і калі іх не лячыць, можна нават цалкам аслепнуць. На што варта звяртаць увагу з маладосці і як не прапусціць небяспечныя сімптомы ў старасці, расказала ўрач-афтальмолаг 11-й гарадской паліклінікі г. Мінска Галіна МІХНЕВІЧ.


— Галіна Яўгенаўна, ці абавязкова насіць акуляры пры блізарукасці, калі «мінус» невялікі? Ёсць меркаванне, што акуляры — своеасаблівыя «мыліцы», з імі вока пачынае ленавацца і перастае працаваць як трэба...

— Гэта памылковы погляд. Трэба абавязкова насіць акуляры ці кантактныя лінзы, а лепш чаргаваць і тое, і другое. Бо і акулярная, і кантактная карэкцыя маюць свае плюсы і мінусы. Станоўчым у акулярнай карэкцыі з'яўляецца тое, што не парушаецца цыркуляцыя слязы і кровазварот вочнага яблыка, бо акуляры не надзяваюцца непасрэдна на вока. Але ёсць і мінусы — дадатковы ціск на пераноссе, абмежаванне палёў зроку і лёгкая размытасць зроку па перыферыі. Пры кантактнай карэкцыі «мінус» меншы, чым пры акулярнай, больш дакладная выява, няма «мыліц» на носе. Але пры гэтым адбываецца непасрэдны кантакт з рагавіцай і кан'юнктывай. Ёсць хоць і невялікае, але перацісканне, парушаецца цыркуляцыя слязы і абмыванне рагавіцы. Чаму абавязкова трэба карыгіраваць зрок? Наша сятчатка павінна працаваць. Калі мы ўвесь час добра бачым, то і ў пажылым узросце, калі развіваецца такое захворванне, як катаракта, пасля аперацыі імавернасць атрымаць добры зрок куды вышэйшая. Калі ж мы не будзем развіваць сятчатку, асабліва з маленькага ўзросту, мы ніколі не атрымаем добры зрок у будучыні. Таму нават слабенькі «мінус» варта карыгіраваць. Хрусталік з усіх бакоў, як сонейка, трымаецца за кошт цынавых звязак. Для блізарукасці, асабліва з астыгматызмам, характэрна нераўнамернае нацягванне цынавых звязак, у выніку чаго мы не зможам атрымаць добры зрок у будучыні.

— Ёсць яшчэ адзін спосаб карэкцыі — лазерны. Ці трэба рабіць такую аперацыю, маючы невялікі «мінус»?

— Тут усё даволі індывідуальна. Можна аперыравацца, асабліва пры блізарукасці з астыгматызмам, калі пацыент хоча пазбавіцца ад акуляраў, у яго маецца іх непераноснасць — кружыцца галава, яны перашкаджаюць. Або калі не пасуюць кантактныя лінзы — вока чырванее, запаляецца. Але ёсць узроставыя абмежаванні. Да 40 гадоў гэта аперацыя на рагавіцы, пасля 40 — на хрусталіку з яго заменай. Аперыруюць цяпер і дзяржаўныя клінікі, і камерцыйныя цэнтры. Прычым паспяхова, без ускладненняў, спачатку кожнага пацыента абследуюць, выяўляюць супрацьпаказанні. Асноўнае з іх — тонкая рагавіца. Перад аперацыяй вылічваецца таўшчыня слоя рагавіцы, які застанецца пасля карэкцыі. Вы палепшыце зрок, пазбавіцеся ад акуляраў і кантактных лінзаў, убачыце свет па-новаму, колеры стануць больш яркія. Але нельга забывацца, што гэта хоць і не складаная, але аперацыя. Таксама трэба ўсведамляць, што лазерная карэкцыя не дае пажыццёвай гарантыі. Пры моцнай зрокавай нагрузцы зрок можа зніжацца.

— Калі ўрач выяўляе, што пачынаецца катаракта, але пры гэтым кажа, што варта ўсяго толькі назірацца, гэта сапраўды не страшна? Ці ёсць сродкі, якія замаруджваюць яе развіццё?

— Ёсць кансерватыўны і аперацыйны спосабы лячэння катаракты. Калі яна толькі пачынаецца, гэта нават яшчэ не катаракта, а факапатыя, бо маюцца мінімальныя змяненні, варта назірацца ў доктара. Ёсць кроплі, якія ўзмацняюць метабалізм у хрусталіку: Таўфон, Катаракс, Афтан Катахром, Сэнкаталін, Квінакс. Сюды можна дадаць масаж шыйна-каўняровай зоны, іголкарэфлексатэрапію — тыя працэдуры, якія дадаткова павялічваюць кровазварот галавы і, адпаведна, кровазабеспячэнне вочнага яблыка. Такім чынам можна крыху прыпыніць развіццё захворвання. Але ў выніку катаракта ўсё роўна аперыруецца хірургічна. Як доўга яна будзе развівацца, спрагназаваць цяжка: у некага і 20 гадоў можа знаходзіцца на адным узроўні, у кагосьці саспявае, асабліва ў познім узросце, за год-два. Цяпер шмат спосабаў хірургічнага лячэння катаракты без ускрыцця вочнага яблыка, праз маленькія разрэзы, без накладання швоў. І чалавек выдатна бачыць — як да аперацыі.

Таму калі выяўлены першыя прыкметы катаракты, раз на паўгода варта наведваць афтальмолага. Калі яна не прагрэсуе, можна не засяроджвацца на гэтым, перыядычна капаць кроплі, дадаваць у ежу вітаміны, выключыць алкаголь, курэнне, рабіць масаж шыйна-каўняровай зоны, іншыя працэдуры, што ўзмацняюць кровазварот.

— Калі цэлы дзень працуеш за камп'ютарам, гэта пагаршае зрок? Як мінімізаваць такі ўплыў?

— Што б ні казалі пра сучасныя маніторы з пакрыццём, калі вы праводзіце штодзень ад 8 да 12 гадзін за камп'ютарам, то павінны разумець, што ў вас напружаная поза, ад чаго парушаецца кровазварот у шыйным аддзеле пазваночніка. А з гадамі дадаюцца хранічныя захворванні, той жа астэахандроз, што дадаткова ўплывае на кровазабеспячэнне галавы і вочнага яблыка. Плюс пастаянная зрокавая нагрузка, якая вядзе да ператамлення вачэй. Таму пры рабоце за камп'ютарам заўсёды рэкамендуецца закапваць слёзазамяняльнікі. Акрамя гэтага, не забывацца пра частае мірганне, каб не перасыхала рагавіца. Бо вядома, што пры рабоце за камп'ютарам парушаюцца мігальныя рухі: мы забываемся міргаць. І канешне, пажадана выкарыстоўваць ахоўныя акуляры: або спецыяльныя для камп'ютара, або з антыблікавым пакрыццём.

Але нават калі прытрымлівацца ўсіх рэкамендацый, няма гарантыі, што зрок не знізіцца. Як хутка гэта адбудзецца? У кожнага індывідуальна. Таму кожную гадзіну працы на некалькі хвілін варта паднімацца з працоўнага месца, каб прайсціся, зрабіць практыкаванні для мышцаў вока: мігальныя і кругавыя рухі, «васьмёркі», каб узмацніць кровазварот. Карысна ўжываць вітаміны з лютэінам для ўмацавання сятчаткі і ўсяго вочнага яблыка.

— Сёння пры заказе акуляраў часта прапаноўваюць антыблікавыя лінзы. У чым іх перавага?

— Невялікая перавага ёсць, аднак не трэба ўскладаць на іх вялікія спадзяванні. На лінзы наносіцца антыблікавае пакрыццё. Яно ліквідуе блікі ад камп'ютара. Для кіроўцаў таксама ёсць антыблікавае пакрыццё ад сустрэчных фар, аднак не на 100 працэнтаў. Зноў жа, на вуліцы яно прыбірае сонечныя блікі. Але ў сонечнае надвор'е лепш узяць з сабой не антыблікавыя акуляры, а фотахром, або «хамелеоны», якія змяняюць свой колер у залежнасці ад яркасці сонца. Эфект будзе лепшы: мы абаронім сваю сятчатку ад ультрафіялету, які знішчальна дзейнічае на яе клеткі. Безумоўна, у нас ёсць прыродная ахова ад ультрафіялету — наш хрусталік, але варта яму дапамагаць. Можна пафарбаваць акулярныя лінзы — вы самі выбіраеце працэнт зацямнення, пачынаючы з 70 да 20.

— Што шкодзіць нашым вачам, акрамя камп'ютара і сонца?

— Гіпадынамія, скаліёз, лардоз (разнавіднасць скрыўлення пазваночніка. — Аўт.), курэнне і злоўжыванне алкаголем, атлусценне, цукровы дыябет, гіпертанія.

— Як можна распазнаць на пачатковых стадыях катаракту і глаўкому? Што можа сведчыць пра неабходнасць ісці да доктара?

— Катаракта мае некалькі стадый: пачатковую, няспелую, спелую і пераспелую. На пачатковай, калі яшчэ няма падзення зроку, самому выявіць яе немагчыма, гэта робіць урач пры дапамозе шчыліннай лямпы ці мікраскопа. На пазнейшых стадыях развіваецца зніжэнне зроку — на адным ці абодвух вачах. Гэта перыядычнае ці пастаяннае затуманьванне і падзенне зроку аж да святлоадчування.

Што датычыцца глаўкомы, то толькі ў 20 % выпадкаў яна сябе праяўляе на пачатковых стадыях. Як правіла, пры прафілактычных аглядах яна выяўляецца на 1—2-й стадыях. Пасля 40 гадоў згодна з загадам па дыспансерызацыі кожныя тры гады варта вымяраць унутрывочны ціск. А пры спадчыннай схільнасці — з 35 гадоў штогод. Але дыягназ «глаўкома» ставіцца не толькі пры павышэнні вочнага ціску, тут павінен быць комплекс сімптомаў: звужэнне поля зроку, змяненні на вочным дне, якія бачыць толькі доктар, і павышаны ўнутрывочны ціск. Дык вось на звужэнне поля зроку скардзіцца толькі 20 % пацыентаў пры глаўкоме.Таму нават калі няма ніякіх скаргаў і зрок нармальны, раз на два гады варта наведваць урача.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Зоркі, як сокал?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».