Вы тут

Змяненне Канстытуцыі не супярэчыць яе стабільнасці


Пра гэта гаварылі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў на круглым стале, прысвечаным 25-годдзю Асноўнага закона краіны.


«Стабільнасць Канстытуцыі заключаецца ў непарушнасці яе прадпісанняў, захаванні высокай ступені ўстойлівасці і непадлегласці ўплыву палітычных сіл, — зазначыў старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Леанід ЦУПРЫК. — Стабільнасць Асноўнага закона не толькі не выключае магчымасці яго змянення, але і прадугледжвае прывядзенне яго ў адпаведнасць з новымі ўмовамі сацыяльнай рэчаіснасці. Увесь свет за гады існавання нашай Канстытуцыі моцна змяніўся, і Канстытуцыя тут не стаіць адасоблена. Развіццё сучаснага грамадства патрабуе інавацыйных змяненняў, у тым ліку і Канстытуцыі».

Старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы Ігар МАРЗАЛЮК звярнуў увагу калег на тое, што вытокамі беларускай прававой традыцыі з'яўляецца рымскае і нямецкае права, якое найбольш выразны ўплыў аказала ў ХV стагоддзі. «Ва ўсёй беларускай прававой традыцыі немагчыма ідэальная ўлада без моцнага кіраўніка дзяржавы, — падкрэсліў пры гэтым парламентарый. — Манарх і для Скарыны, і для Гусоўскага, і для іншых — гэта чалавек, які мусіць быць набожным, мудрым, адукаваным і справядлівым. На небе — Хрыстос, манарх — на зямлі».

Нацыянальная ж традыцыя бярэ адлік у ХХ стагоддзі, сказаў Ігар Марзалюк. «Наша традыцыя знайшла адлюстраванне ў пастановах Першага Усебеларускага з'езда, у Палажэннях Другой Устаўной граматы Беларускай Народнай Рэспублікі, у Канстытуцыях ССРБ і БССР 1919, 1927 і 1937 гадоў», — дадаў ён. Пры гэтым, на думку дэпутата, фундаментальным прынцыпам для ўсіх, хто ствараў беларускае нацыянальнае заканадаўства ў мінулым стагоддзі, былі замацаванне права на самавызначэнне і на дзяржаўнасць.

Пра тое, што суправаджала гісторыю стварэння Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 15 сакавіка 1994 года, падрабязна расказаў прафесар Міхаіл ЧУДАКОЎ, які ў якасці спецыяліста па замежным праве быў членам створанай у пачатку 1990 года Канстытуцыйнай камісіі. «Канстытуцыя пісалася амаль чатыры гады. І праектаў я налічыў 28, — расказаў удзельнік гістарычнага працэсу. — Увогуле Канстытуцыя была гатовая да жніўня 1991 года, але адбылася спроба перавароту, пачаўся актыўны распад Саюза, так званыя Белавежскія пагадненні, і атмасфера змянілася. І змяніўся агульны падыход, і ўсе зразумелі, што гэта сур'ёзна — што будзе мяняцца жыццё. Да гэтага многія былі не гатовыя, і тыя чатыры гады было не столькі абмеркаванне тэксту, колькі ўвогуле мадэлі — а як жыць далей?»

Спрачаліся ў асноўным па трох момантах, успомніў прафесар: згадванне гістарычнага шляху ў прэамбуле, мова і форма рэспублікі.

«Мы можам ганарыцца гэтай Канстытуцыяй, — рэзюмаваў Міхаіл Чудакоў. — Яна, скажу як спецыяліст, сусветнага класа. У ёй ёсць усё, што трэба: правы, свабоды, абавязкі, дакладны падзел улады, стрымліванні і супрацьвагі. Зараз зайшла размова пра верагодную новую рэдакцыю Канстытуцыі. Чаму б і не? Магчыма, мы ў 1994 годзе былі яшчэ не гатовыя псіхалагічна». Прафесар прапанаваў дэпутатам разгледзець варыянт часовай Канстытуцыі, каб паспрабаваць і паглядзець новаўвядзенні, тыя ж выбары па новай мадэлі, і заклікаў не спяшацца.

«Парламент, які з'яўляецца галоўным заканадаўчым органам краіны, вырашыў яшчэ раз асвяціць гэтую тэму, — пракаментавала дыскусію ў Палаце прадстаўнікоў старшыня Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына. — Маё выступленне называецца «Канстытуцыя як прававая аснова выбарчага права Рэспублікі Беларусь». Размова пра тое, што Канстытуцыя дазваляе забяспечваць стабільны выбарчы працэс, бліскуча справілася са сваёй роляй як галоўнага фундамента беларускай дзяржаўнасці».

На пытанне журналістаў, якімі старшыня ЦВК бачыць магчымыя змены Канстытуцыі, Лідзія Ярмошына адказала: «Тыя змяненні, якія бачу я, не мяняюць аснову нашай дзяржавы. Увогуле яны, на мой погляд, не будуць датычыцца выбараў у парламент або выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Змены, якія я бачу: нам трэба мадэрнізаваць перш за ўсё мясцовае самакіраванне. Калі яно будзе мадэрнізавацца, цалкам магчыма, гэта пацягне і іншыя змены, якія спатрэбяцца ў Канстытуцыі».

Разважаючы пра мэтазгоднасць абрання кіраўнікоў сельскіх выканкамаў, старшыня ЦВК заўважыла, што на гэта трэба паглядзець праз эксперымент. «Насельніцтва ў нас разумее так: калі мы яго выбіраем, то мы з яго спытаем. Тым не менш, гэта так здаецца на першы погляд. Насамрэч, з прызначанага чалавека патрабуюць значна больш, бо яго правяраюць кантралюючыя органы, начальства, яго ў любы момант, калі ён не выконвае сваіх функцый, можна зняць. Чалавек, абаронены выбарамі, мае імунітэт: яго змясціць немагчыма (калі яго не павядуць у наручніках), усе чатыры або пяць гадоў, на якія яго абралі. Таму тут не трэба думаць, што гэта з'яўляецца панацэяй, і мы адразу ж атрымаем добрых мясцовых кіраўнікоў. Але гэта, тым не менш, усё роўна развіццё нашага мясцовага самакіравання. У любым выпадку, у канцы мы атрымаем эфектыўны інстытут мясцовага самакіравання», — упэўнена яна.

Ініцыятыва мае на ўвазе змяненні ў Канстытуцыі і ў Выбарчым кодэксе, бо апошні прадугледжвае не выбары кіраўнікоў сельскіх адміністрацый, а выбары сельскіх дэпутатаў. Пры гэтым Лідзія Ярмошына лічыць мэтазгодным скасаванне сельскіх Саветаў.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Загаловак у газеце: Змяненне Канстытуцыі не супярэчыць яе стабільнасці

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».