Марыю Махарынскую многія называюць новым секс-сімвалам беларускага спорту, і гэта не дзіўна — яе старонкі ў сацсетках напоўнены выдатнымі фатаграфіямі, а колькасць падпісчыкаў вымяраецца тысячамі. Але сама дзяўчына называе сябе дастаткова закрытым чалавекам і кажа: «Ну што цікавага можа быць у дзяўчыне, якая сядзіць і вяжа?» Аднак наша гутарка пераконвае ў адваротным, гаварыць з Марыяй можна доўга і пра многае. У нашым інтэрв'ю размова пайшла ў першую чаргу пра спорт, пра тое, з якімі мэтамі Марыя адправіцца на Еўрапейскія гульні, як складваюцца яе ўзаемаадносіны з галоўным трэнерам Вольгай Уласавай і што цікавіць спартсменку за межамі прафесіі.
«Будзем старацца паказаць найлепшае»
— Маша, частка сезона ўжо прайшла. Раскажыце, што атрымалася і да чаго будзеце імкнуцца далей.
— З турніраў у першай палове года нам засталося выступіць толькі на Еўрапейскіх гульнях, гэта адзін з самых галоўных стартаў. А з ужо пройдзеных спаборніцтваў былі этапы Кубка свету ў Азербайджане і Мінску. Я засталася задаволеная тым, як выступіла ў Баку, падыходзіла да старту вельмі сур'ёзна, усё ж такі гэта першы ліцэнзійны (да Алімпійскіх гульняў 2020 года ў Токіа) этап Кубка свету. Выступала ў сваёй найлепшай форме, трапіла ў фінал. Пра мінскі этап не магу сказаць тое ж самае, падрыхтоўка была зусім іншай, у мяне былі нязначныя траўмы, але мы з імі справіліся і да Еўрапейскіх гульняў будзем падыходзіць ужо здаравейшымі. А ліцэнзійныя этапы Кубка свету працягнуцца восенню.
— Наколькі важным стартам для вас будуць Еўрапейскія гульні?
— На ўсіх нас ускладаецца вялікая адказнасць, не толькі на наш від спорту, а на ўсе, таму, зразумела, буду старацца паказаць найлепшае.
— У адрозненне ад Алімпіяды на Еўрапейскіх гульнях будуць прадстаўлены як сінхронныя, так і індывідуальныя скачкі. На якую дысцыпліну будзеце рабіць стаўку?
— Хацелася б, вядома, на абодва віды, бо гэтыя гульні як Алімпіяда. Было б здорава, каб і на Алімпійскіх гульнях можна было выступаць у сінхроне, але пакуль, на жаль, такой магчымасці няма.
— Падчас этапу Кубка свету ў Мінску вы выступалі на «Мінск-Арэне» ўпершыню. Наколькі камфортна сябе там адчувалі?
— У першыя дні трэніровак было складана прывыкнуць да такога вялікага памяшкання: столі, круглая арэна. Але пару дзён — і мы прызвычаіліся. Ва ўсякім разе, тое, што мы ўжо апрабавалі залу, дзе будзем выступаць падчас Еўрапейскіх гульняў, вялікі плюс для нас.
— Якія задачы на гэты турнір перад вамі ставяць трэнеры?
— Паказаць тое, што мы ўмеем. Мы разумеем, што чым вышэй, тым лепш, але канкрэтных месцаў нам ніхто не называе, так прасцей — не адхіляешся на знешнія фактары. Ты ведаеш сваю работу, зробіш яе — і вынік сам прыйдзе.
«Памаліцца ўсім багам»
— У скачкі вы прыйшлі, можна сказаць, выпадкова (за кампанію з братам), а калі адчулі, што гэта ваш шлях?
— Дагэтуль не ведаю. У дзяцінстве скачкі былі проста як свавольства, прычым доўгі час. Але з нейкай прычыны я хадзіла на трэніроўкі — не памятаю, мабыць, скакаць мне вельмі падабалася.
— Рана ці позна надыходзіць момант, калі ты альбо выбіраеш спорт, альбо не...
— Момантаў выбару было шмат. Спачатку ў той час, калі я ўжо больш сур'ёзна пачала ставіцца да спорту, пачаліся складаныя праграмы, шмат трэніровак, а ўсе астатнія гуляюць на вуліцы, і табе, натуральна, таксама хочацца больш часу праводзіць з сябрамі. Было такое, што наогул спрабавала не хадзіць на трэніроўкі, хоць усім казала, што ў зале, а трэнеру, што хварэю. Але ўсё гэта выкрывалася, ды і сама я не магла без спорту і ўсё роўна вярталася. Самы вялікі прамежак, калі я не скакала, можа быць, месяц. І тое — гэта было вельмі даўно, цяпер тыдзень, і думаеш: ох, паскакаць бы.
— Скачкі на батуце — тэхнічна складаны від спорту, цяжка было развучваць элементы?
— У юнацкім узросце было значна прасцей, таму што не было страху, цяпер ужо здаровы сэнс прысутнічае і ты думаеш: а раптам я куды-небудзь улячу. Таму, каб выканаць новы элемент, спачатку трэба пахадзіць, памаліцца ўсім багам. Плюс, калі ты маленькі, ёсць такая цікавасць, каб зрабіць лепш за кагосьці.
— Страх у вашым відзе спорту прысутнічае заўсёды?
— У любым выпадку нейкае хваляванне ёсць, напэўна, увогуле гэта можна назваць страхам.
«Заўсёды хацелася выскачыць са штаноў»
— Памятаеце, калі ўпершыню вас паклікалі ў нацыянальную каманду?
— У 2014 годзе сталі браць на зборы. Потым перада мной стаялі тры турніры — два этапы Кубка свету і чэмпіянат свету, на якіх я мусіла паказаць добрыя вынікі, каб трапіць у зборную. На чэмпіянаце свету мы з дзяўчатамі ў камандзе сталі трэцімі, і таму я трапіла ў зборную. Тады там было шмат вопытных спартсменаў — Таццяна Пятрэня, Святлана Макштарова, Мікалай Казак, але яны вельмі добра мяне прынялі. Хоць усё роўна было вельмі хвалююча, заўсёды хацелася выскачыць са штаноў, каб паказаць тое, што я магу. (Усміхаецца.)
— Які вынік на гэты момант вы лічыце для сябе найлепшым?
— Напэўна, этап Кубка свету ў Мінску (не сёлетні): індывідуальна добра выступіла і заняла другое месца. Значная для мяне падзея, таму што ў індывідуальных спаборніцтвах я вельмі рэдка штосьці паказваю, — выходжу ў фінал, але да п'едэстала мне заўсёды чагосьці не хапае.
— Прычыну шукалі?
— Вядома. Найчасцей не спраўляюся з хваляваннем, дзесьці недапрацоўваю, усё гэта збіраецца ў адну кучу і праз яе не атрымліваецца паказаць тое, што можаш. Працую над гэтым хваляваннем, мне здаецца, ужо на працягу ўсяго жыцця. (Смяецца.) Сінхронныя скачкі даюцца прасцей, не магу сказаць чаму, але гэта мой любімы від праграмы. Для мяне тут поўнае задавальненне. У індывідуальных скачках ты працуеш толькі для сябе, а там ёсць падтрымка і ты не можаш падвесці чалавека.
— Ваш галоўны трэнер Вольга Уласава збоку здаецца «жалезнай лэдзі», ці проста працаваць з ёй на самай справе?
— Вольга Анатолеўна ведае мяне, можна сказаць, усё жыццё, мы з дзяцінства працавалі ў адной зале, яна бачыла, як я расту. На спаборніцтвах яна вельмі засяроджаная, таму што калі ты глядзіш на трэнера і бачыш, што ён хвалюецца, сам пачынаеш трэсціся. А калі яна спакойная, спартсмен аўтаматычна становіцца таксама спакойным. Мы можам шчыра пагаварыць з Вольгай Анатолеўнай сам-насам, бо калі ў цябе нейкія праблемы ўнутры, то трэніроўкі таксама вельмі цяжка праходзяць, трэнеры гэта адчуваюць, таму ў нас цесныя стасункі.
— Але спрэчкі паміж вамі бываюць?
— Так, але Вольга Анатолеўна гатова нас выслухоўваць, мы прыходзім да кампрамісу, які дазваляе камфортна адно з адным працаваць.
— Што для вас сёння самае складанае ў спорце?
— Псіхалагічная нагрузка — складана спраўляцца з сабой, са сваімі дакучлівымі думкамі. З гэтым дапамагае псіхолаг, які з намі і на зборах, і на спаборніцтвах.
— Нядаўна ў інтэрв'ю вы сказалі, што не марыце аб алімпійскім «золаце». Такое рэдка пачуеш ад спартсмена.
— Атрымаць медаль найвышэйшай пробы, вядома, хочацца, але я не жадаю, каб гэта станавілася дакучлівай ідэяй: ты бачыш толькі яе і нічога навокал. А сам працэс? Шлях — гэта і ёсць шчасце. Алімпіяда ж не здарыцца ад пстрычкі пальцаў, на яе трэба адабрацца, зрабіць вельмі шмат працы.
«Усю сям'ю абвязала шкарпэткамі»
— У вас цікавыя хобі — маляванне і вязанне...
— На зборах не малюю, таму што ўсё досыць абмежавана і думак для гэтага занятку няма, а вось пры вязанні ты супакойваешся, гэта дапамагае ў цяжкія дні. Памятаю, калі я была меншая, мала што атрымлівалася на батуце, і тады ўсю сваю сям'ю абвязала шкарпэткамі. Напэўна, у галаве было што пераварыць, а калі ты нешта робіш, заўсёды становіцца лягчэй.
— Апошнім часам журналісты аддаюць вам усё больш увагі, як да гэтага ставіцеся?
— Шмат хто кажа, што я вельмі адкрытая, а сама лічу сябе вельмі закрытай. Атрымліваецца, у кожнага сваё бачанне. Мне здаецца, я пра сябе наогул не расказваю толкам, люблю больш слухаць, мне нецікава пра сябе апавядаць, здаецца, у мяне такое сумнае жыццё. Хоць падабаюцца інтэрв'ю, ты размаўляеш з зусім іншымі людзьмі, бо мы ўвесь час у зале з аднымі і тымі ж спартсменамі, гэта цяжкавата. Вядома, усе мне як сям'я, таму што 24/7 мы разам, але прыемна пагутарыць і з іншымі, гэта неяк развівае.
— У вас шмат фотасесій, а там трэба адкрывацца перад фатографам. Збоку здаецца, што ў вас гэта атрымліваецца вельмі добра.
— Проста вельмі шмат фотасесій ужо зроблена, а самыя першыя пачыналіся толькі з дурной усмешкай і няёмкасцю, я была як драўляная. Трэба ўвесь час трэніравацца, адразу разняволенай перад фатографам не зробішся.
— Ці ёсць вобраз, у якім хацелася б зняцца?
— Наогул, іх шмат. Мне заўсёды хацелася павесіць чорнае палатно, сесці на стул і іграць толькі тварам, але для гэтага трэба больш фатаграфавацца, каб навучыцца ў такім вобразе перадаваць эмоцыю.
— Каб не спорт, у якой прафесіі вы маглі б рэалізавацца?
— Мне здаецца, у любой, якая звязаная з творчасцю. Наогул, часта думаю пра гэта, але ўсё роўна прыходжу да таго, што, напэўна, скакаць пакуль у мяне атрымліваецца лепш. У любым выпадку, калі-небудзь усё прыйдзецца пачынаць з нуля, спорт не вечны. Штосьці спрабую, штосьці вывучаю.
— Пра што вы марыце?
— У адным з інтэрв'ю я сказала, што пра сям'ю і дзяцей, але гэта ж таксама не робіцца само сабой, да гэтага паступова прыходзіш. Ніколі не ведаеш, калі будзеш гатовы. Мне не хочацца, каб гэта быў выбар паміж спортам і сям'ёй або ахвярнасцю, хочацца да гэтага прыйсці паступова, каб усё склалася гарманічна. Яшчэ мая мара — выканаць сваю праграму ідэальна, і пажадана, каб гэта было ў фінале Алімпійскіх гульняў.
Дар'я Лабажэвіч
Мінск — Стайкі — Мінск
Фота з архіва гераіні
На цырымоніі інаўгурацыі Прэзідэнта ў Палацы Незалежнасці прысутнічалі 1100 чалавек.
Уражанні тых, хто назіраў за ўрачыстасцю у рэгіёнах.
«Пакуль у нас такі моцны лідар, усё ў нас будзе добра!».