Вы тут

Стала вядома, колькі ў Беларусі хворых на ВІЧ-інфекцыю


...Таццяна (імя гераіні па этычных меркаваннях зменена) мае за плячыма больш чым 15-гадовы стаж ужывання наркотыкаў. І пачыналася ўсё тады, калі яна мела работу і аўтамабіль, а ў канцы гэтага шляху не засталося ні дакументаў, ні жылля, да таго ж з'явіўся станоўчы статус на ВІЧ. Але гісторыя скончылася ўдала: жанчына больш не ўжывае наркотыкі, прымае прэпараты, якія дазваляюць паўнавартасна жыць з вірусам, мае пастаянную работу і дапамагае такім жа, якой калісьці была сама.


— Ужо тры гады я не ўжываю наркотыкі. Пачалося ўсё з таго дня, калі я апынулася ў дроп-ін-цэнтры. Прычым прыйшла не па шпрыцы — іх мне прыносіў сусед. Проста даведалася, што тут можна атрымаць адзенне. У мяне спыталі, ці ела я сёння... Для чалавека, які нікому не патрэбны, вельмі важна, калі ёсць месца, дзе можна паесці, памыць і пасушыць адзенне. Я выйшла з цэнтра з невялікім пакецікам рэчаў, але мне не было куды ісці. Раней у мяне памерла маці, ніякага жылля не было, я начавала ў прытонах. Сацыяльныя работнікі хутка знайшлі, дзе мне пераначаваць.

У цэнтры Таццяна даведалася і пра свой станоўчы статус на ВІЧ.

— Да ўрачоў я тады не дайшла, бо трэба было шмат часу на гэта патраціць. Я баялася, як будуць да мяне ставіцца медыкі, усё ж такі ў нашым грамадстве існуе стыгма ў адносінах да ВІЧ-інфікаваных і наркаманаў. Каб атрымліваць РВТ-прэпараты (рэтравіруснай тэрапіі. — Аўт.), існуе шмат бар'ераў — іх не пад сілу пераадолець чалавеку, які ўжывае наркотыкі.

Сацыяльныя работнікі парэкамендавалі Таццяне рэабілітацыйны цэнтр «Выток». Там яна адчула, што можа справіцца з залежнасцю. Перастала ўжываць наркотыкі і ўладкавалася на работу. Стала прымаць рэтравірусную тэрапію, якая падаўляе вірус імунадэфіцыту настолькі, што чалавек можа весці паўнавартаснае жыццё.

— Многія мае знаёмыя прыйшлі ў дроп-ін-цэнтр пасля мяне. Не ва ўсіх ёсць жаданне вылечыцца. Але важна, што тут дапамагаюць любому чалавеку.

Адзіны ў краіне дроп-ін-цэнтр размешчаны ў Фрунзенскім раёне Мінска на вуліцы Матусевіча, 23. Тут можна атрымаць шпрыцы і прэзерватывы, адзенне і абутак, зрабіць экспрэс-тэст на ВІЧ, пракансультавацца з сацыяльным работнікам (як правіла, былым нарказалежным), нарколагам і інфекцыяністам, юрыстам, зрабіць ксеракопіі дакументаў і атрымаць дапамогу ў іх аднаўленні. Штогод праз цэнтр праходзіць 22—24 тысячы наркаўжывальнікаў. Акрамя гэтага, у нашай краіне працуе дзевяць мабільных пунктаў, дзе нарказалежныя таксама могуць атрымаць дапамогу.

Днямі цэнтр наведала в. а. выканаўчага дырэктара праграмы развіцця ААН Юнэйдс Гуніла Карлсан, якая прыехала ў Беларусь у межах Рэгіянальнай нарады Unаіds краін Усходняй і Цэнтральнай Еўропы. Яна ацаніла поспехі Беларусі ў прадухіленні распаўсюджання ВІЧ/СНІД. Нагадаем, што наша краіна ставіць перад сабой амбіцыйную задачу — дасягнуць эпідэмічнага дабрабыту па ВІЧ-інфекцыі да 2023 года. У прыватнасці, актыўна працуе ў межах Глабальнай мэты Аб'яднанай праграмы ААН па ВІЧ/СНІД «90-90-90».

— Калі мы кажам пра мэты 90-90-90, маем на ўвазе тры асноўныя параметры. У першую чаргу, каб 90 % хворых ведалі свой станоўчы ВІЧ-статус, па-другое, каб 90 % з іх атрымлівалі адпаведную тэрапію. І канешне, важна, каб 90 % з іх дасягалі зніжэння віруснай нагрузкі да невызначальнага ўзроўню. І тут трэба працаваць з ключавымі групамі насельніцтва і забяспечваць для гэтых людзей роўныя магчымасці і доступ да адпаведных паслуг. Як я бачу, Беларусь робіць вялікія поспехі, і мяне гэта вельмі радуе, — адзначае Гуніла Карлсан.

Яна падкрэсліла, што Беларусь цікавая сваім комплексным падыходам, а таксама работай з ключавымі групамі, якія маюць найбольшую рызыку заражэння. Гэта тыя, хто ўжывае ін'екцыйныя наркотыкі, людзі секс-бізнесу і мужчыны, якія практыкуюць секс з мужчынамі.

Як адзначыла намеснік міністра аховы здароўя, галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Наталля Жукава, за апошнія два гады ўдалося ўцягнуць у лячэнне значную частку ВІЧ-інфікаваных — колькасць такіх павялічылася на 24 %. Сёння пра свой станоўчы статус ведае каля 82 % хворых. Амаль 77 % з іх прыхільныя да лячэння.

Алена КРАВЕЦ

У Беларусі выяўлена каля 21,6 тысячы ВІЧ-інфікаваных, а па ацэначных лічбах станоўчы статус мае 26 тысяч беларусаў. У нашай краіне пераважае палавы шлях перадачы інфекцыі (больш за 82 % выпадкаў). Найбольшая колькасць выпадкаў рэгіструецца ва ўзроставай групе ад 30 да 44 гадоў. У структуры хворых з кожнага дзясятка шэсць чалавек — мужчыны. У параўнанні з 2017 годам кошт рэтравіруснай тэрапіі знізіўся ў 5—6 разоў, хворыя ў нашай краіне атрымліваюць прэпараты бясплатна.

Загаловак у газеце: Не баяцца свайго статусу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?