«Дом кнігі “Светач”» адчыніў свае дзверы пасля рэканструкцыі. Цяпер гэта найбуйнейшая кніжная крама, якая ўжо даўно стала знакавым месцам для некалькіх пакаленняў кнігалюбаў. Сёння яна можа парадаваць не толькі прасторнымі заламі з шэрагамі самых розных навінак і класікі, але і зонай творчых прэзентацый і кавярняй, дзе можна пагартаць упадабаную кнігу. Рэканструкцыя доўжылася больш чым год, але крама працягвала працу і ў такіх няпростых умовах.
Павялічылася агульная плошча: раней гэта 1324,9 квадратных метра, цяпер — 1965,84. Пакуль колькасць кніг засталася ранейшая (каля 50 тысяч), але асартымент, натуральна, пастаянна будзе абнаўляцца. Аддзелы размешчаны па-іншаму: на першым паверсе знаходзяцца паліцы з нацыянальнай і замежнай мастацкай літаратурай, дзіцячыя стэлажы, кнігі, прысвечаныя мастацтву, гісторыі, атласы і карты, а таксама канцтавары, паштоўкі і сувеніры. Другі паверх займае метадычная і навукова-папулярная літаратура. На кожным паверсе — інфакіёск, які дазваляе даведацца, ці ёсць тое ці іншае выданне ў краме. Да таго ж з’явіліся сучаснае абсталяванне, а таксама навігацыя і інтэрактыўныя панэлі ў выглядзе гугл-перакладчыка для замежных гасцей.
— Як чалавек, які вельмі моцна любіць свой горад, які нарадзіўся і рос непадалёк ад «Светача», адзначу, што кнігарня заўсёды была маім любімым месцам, — расказаў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Максім Рыжанкоў. — У маім жыцці кніга адыгрывала важную ролю. Я перачытаў усё, што было ў хатняй бібліятэцы. Хадзіў у кнігарню, а паколькі грошай лішніх не было, то часам проста каб пачытаць, а не набыць. Таму вельмі рады адкрыццю новай крамы, такой рэінкарнацыі «Светача» ў сучасным хайтэк стылі. Важна, што крама не толькі прыгожая, але і светлая, адкрытая, адсюль можна бачыць горад. Істотна тое, што гэтае месца дае чытачу новыя магчымасці: можна прыйсці, пасядзець у кавярні, узяць кнігу, вырашыць, падабаецца яна ці не. З’явілася спецыяльная зона для пісьменнікаў, дзе яны маюць магчымасць прадставіць сваю творчасць і сустрэцца з чытачамі. Гэты сучасны будынак па праве стане адной з жамчужын культурнага жыцця сталіцы.
Дарэчы, першай сустрэчай у абноўленай краме стала прэзентацыя новай кнігі Наталлі Батраковай «Бясконцасць любві, бясконцасць смутку… (кніга другая)». Сустрэча завяршылася стартам продажу навінкі ва ўсіх крамах «Белкнігі». Зала прэзентацый будзе дзейнічаць пастаянна. Яна разлічана на 60 месцаў для наведвальнікаў і адчынена для ўсіх творцаў і іх чытачоў. Злева ад яе — кафэ, дзе можна выпіць кавы, знаёмячыся з жаданым творам.
Цалкам змяніліся фасад і інтэр’ер будынка. Так, аўтары інтэр'ера адзначаюць, што ўзялі за аснову скандынаўскі стыль, але прыбралі «халоднасць», дадалі цеплыні і ўтульнасці. Фасад жа абноўлены ў чорным колеры, што адпавядае сучаснай канцэпцыі развіцця праспекта Пераможцаў. На будынку больш няма шыльды «Дом кнігі “Светач”» — крама мае назву сеткі «Белкніга». Цяпер у яе два ўваходы. Гэта было зроблена для прыцягнення пакупнікоў, асабліва моладзі, з боку ГЦ «Галерэя». Самае прахадное месца, паміж уваходамі, займаюць паліцы беларускай літаратуры. Сярод аўтараў, кнігі якіх можна пабачыць яшчэ не падышоўшы да стэлажоў, — Уладзімір Караткевіч, Святлана Алексіевіч, Мікалай Чаргінец.
— Зараз, зайшоўшы ў «Светач», можна ўбачыць праз дру- каваную кнігу нашу краіну, — адзначыў міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч. — Адкрыццё такой кнігарні — знакавая падзея. Яна мае вялікае значэнне для развіцця айчыннага кнігагандлю. Адметна, што ў «Белкнігі» з'явіўся такі праект, які паказвае, як па-сучаснаму ўзаемадзейнічаць з чытачом. Я ўдзячны супрацоўнікам кнігарні, якія вытрымалі гэты націск перабудовы і рамонту, што, безумоўна, ускладняла работу з пакупнікамі. Але ўсё будзе вернута да жыцця і актыўнай дзей- насці.
Выдатна, што гандлёвыя плошчы пашырыліся і сталі адчыненыя для сучасных твораў. Да таго ж у новай кнігарні цудоўная лагістыка: можна знайсці адказы на пытанні жыцця грамадства ва ўсіх сферах.
Яўгенія ШЫЦЬКА
Фота Кастуся ДРОБАВА
Эксперты — аб выніках афіцыйнага візіту Прэзідэнта Беларусі ў Расію.
Знайсці можна шмат чаго — ад солі да рэдказямельных металаў.
Яго шлях — сведчанне таго, што подзвіг, ахвяраванне, Айчына — не пустыя словы.
На прасторах яе вялікасці кнігі.