Вы тут

Малы дакумент — вялікая гісторыя


Некаторым літаратарам патрабуюцца тысячы старонак, каб у мастацкім творы распавесці пра гісторыю той ці іншай сям’і: бацькоў і дзяцей, іх нараджэнне і сталенне, працу і пераезды, стасункі і пачуцці. Афіцыйныя дакументы, сухія, пазбаўленыя эмоцый і адносін аўтара да герояў, могуць расказаць не менш. Асабліва калі гэтыя дакументы становяцца музейнымі прадметамі. Тады іх роля ўзрастае, бо яны дазваляюць скласці жыццяпіс сям’і і вызначыць кірункі далейшых пошукаў.


У фондах Літаратурнага музея Максіма Багдановіча захоўваецца шмат дакументаў, якія звязаны ў першую чаргу з Адамам Ягоравічам Багдановічам, бацькам класіка беларускай літаратуры, а таксама з іншымі прадстаўнікамі роду Багдановічаў. У 1994 годзе фонды музея папоўніліся яшчэ адным прадметам — гэта атэстат Івана Станіслававіча Гапановіча, мужа Магдаліны Ягораўны, роднай сястры А. Багдановіча. Паколькі прозвішча паэта ў дакуменце не згадвалася, а факты датычыліся непасрэдна сям’і Гапановічаў, то дакумент у асноўную экспазіцыю не ўвайшоў, у часовых выставачных праектах удзелу не прымаў. Ён заняў сваё месца ў фондах і на пэўны час, можна сказаць, быў забыты, бо навукоўцы і музейныя супрацоўнікі найперш займаліся вывучэннем асобы М. Багдановіча, яго блізкіх родзічаў.

Сёння супрацоўнікі музея паэта лічаць неабходным пашыраць гарызонты навуковых даследаванняў, раскрываць і сямейныя сувязі, стасункі паміж М. Багдановічам і прадстаўнікамі «беларускай калоніі» ў Расіі — цёткамі, іх мужамі, стрыечнымі братамі, сёстрамі паэта... У гэтым рэчышчы важкасць названага вышэй дакумента ўзрастае, бо ён утрымлівае каштоўную інфармацыю, якая датычыцца сям’і Гапановічаў. Па-першае, даецца працоўная біяграфія Івана Станіслававіча Гапановіча, сябра А. Я. Багдановіча яшчэ з часоў вучобы ў семінарыі. Па-другое, ёсць звесткі пра яго сям’ю.

Такім чынам, з дакумента даведваемся, што Іван Гапановіч паходзіў з сялян, маёнткаў не меў, у 1882 годзе скончыў курс навук у Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі з атрыманнем звання настаўніка пачатковага вучылішча. З 1 кастрычніка 1882 года па 1 кастрычніка 1886 года працаваў настаўнікам Перажырскага народнага вучылішча. Нагадаем, што Адам Багдановіч таксама скончыў семінарыю ў 1882 годзе, але быў накіраваны ў Халуйскае народнае вучылішча. Амаль праз два гады, 1 верасня 1884 года, у выніку перамяшчэння ён далучыўся да сябра, але першым пакінуў вёску, а праз год перайшоў на пасаду памочніка настаўніка І Мінскага прыходскага вучылішча.

1 сакавіка 1887 года і Іван Станіслававіч стаў гарадскім жыхаром, але ў сістэме адукацыі больш не працаваў. Ён уладкаваўся ў Мінскае аддзяленне Сялянскага пазямельнага банка канцылярскім служачым. З 30 мая 1889 года працаваў у Дзяржаўным дваранскім зямельным банку, спачатку памочнікам бухгалтара 2 разрада, потым — 1 разрада. З 15 лістапада 1889 года Гапановіч зноў у Мінскім аддзяленні Сялянскага пазямельнага банка, на гэты раз на пасадзе бухгалтара. Верагодна, гэта і ёсць адказ на пытанне, чаму Адам Багдановіч пасля сыходу з пасады настаўніка выбраў працу ў Сялянскім пазямельным банку. Не толькі таму, што шукаў месца, дзе «мог працаваць на карысць народа», як пісаў ён ва ўспамінах. Хто, як не Іван Гапановіч, банкаўскі служачы, муж роднай сястры і стары сябра, мог скласці пратэкцыю. Узнікае наступнае пытанне: чаму А. Багдановіч не застаўся ў Мінску, а паехаў працаваць у Гродна? Ва ўспамінах ён сам даў адказ: «мне абяцалі, таму што была вакансія, але яна была замешчана стаўленікам новапрызначанага кіраўніка аддзяленнем, і мне прапанавалі ў Гродне».

Пасля смерці першай жонкі, Марыі Апанасаўны Багдановіч, Адам Ягоравіч разам з сям’ёй у лістападзе 1896 года пакінуў Гродна назаўсёды. Ён атрымаў перавод на працу ў Ніжагародскае аддзяленне Сялянскага пазямельнага банка. З сабою забраў малодшую сястру Марыю, якая не мела на той час уласнай сям’і, таму магла дапамагчы ў выхаванні дзяцей. Сям’я Гапановічаў засталася ў Мінску, Іван Станіслававіч працягваў працаваць у банку, Магдаліна Ягораўна займалася хатнімі справамі. У Мінску сёстры сустрэліся восенню 1898 года, калі Марыя прыехала ў госці з пляменнікамі Максімам і Львом.

У лютым 1896 года І. Гапановіч атрымаў дзяржаўную ўзнагароду — срэбны медаль «В память царствования императора Александра III» для нашэння на грудзях на Аляксандраўскай стужцы. З 1 жніўня таго ж года перайшоў на пасаду справавода ў Мінскім аддзяленні Сялянскага пазямельнага банка. У адпаведнасці з табелем аб рангах, які дзейнічаў на той момант у Расійскай імперыі, Іван Станіслававіч стаў у 1897 годзе калежскім рэгістратарам, у 1901 годзе — губернскім сакратаром. Выйшаў у адстаўку 1 студзеня 1902 года, звольнены з пасады паводле ўласнага прашэння. У атэстаце Івана Гапановіча ёсць звесткі аб адпачынках. Цікава, што за час працы ў банку ён толькі два разы быў у адпачынку: першы раз — у 1889 годзе (2 месяцы), другі — у 1899 годзе (зноў 2 месяцы, але падкрэслена, што вярнуўся на 6 дзён раней заканчэння тэрміну). З боку кіраўніцтва на яго працу ніколі не было нараканняў.

Звестак аб далейшай кар’еры Івана Гапановіча не маецца, але ёсць інфармацыя, якая датычыцца сямейнага становішча: «жанаты на Магдаліне Ягораўне Багдановіч, мае дзяцей». Ніжэй прыведзены даты нараджэння ўсіх дзяцей Гапановічаў: Вера — 4 лютага 1889 г., Пётр — 2 кастрычніка 1890 г., Ганна — 25 снежня 1892 г., Наталля — 29 красавіка 1895 г., Павел — 21 верасня 1897 г., Барыс — 9 студзеня 1899 г. Падкрэслена, што жонка і дзеці праваслаўнага веравызнання.

Як бачым, невялікі дакумент, які паступіў у фонды музея ад Кацярыны Яўгенаўны Селіваноўскай, унучкі Івана Гапановіча, утрымлівае каштоўныя звесткі да біяграфіі сям’і, якая была побач з Максімам Багдановічам на працягу ўсяго жыцця паэта. Нашчадкі Івана Станіслававіча і Магдаліны Ягораўны сёння жывуць у Санкт-Пецярбургу, Ніжнім Ноўгарадзе, Новасібірску. Яны захоўваюць памяць пра продкаў, збіраюць і перадаюць каштоўныя рэчы з архіва сям’і ў фонды Літаратурнага музея Максіма Багдановіча.

Ірына МЫШКАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Спорт

Сяргей Вязовіч: Слабыя характары з каманды адсяваюцца адразу

Сяргей Вязовіч: Слабыя характары з каманды адсяваюцца адразу

Як работнікі МАЗа рыхтуюцца да выпрабаванняў у пустыні.

Рэгіёны

Селішчынскі ФАП цяпер аказвае дапамогу па новым адрасе

Селішчынскі ФАП цяпер аказвае дапамогу па новым адрасе

У зоне абслугоўвання — дзесяць вёсак.