Яшчэ ў XVIII стагоддзі нямецкі літаратар і тэарэтык-асветнік Г. Э. Лесінг адзначаў сувязь лірыкі і выяўленчага мастацтва. У сваёй грунтоўнай працы «Лаакаон, ці Межы жывапісу і паэзіі» на прыкладах антычнай культуры ён пераканаўча пацвердзіў выказванне Вальтэра пра тое, што «жывапіс — гэта нямая паэзія, а паэзія — гэта жывапіс, які прамаўляе». Уздзеянне высокага слова і намаляванага вобраза шмат у чым падобныя: і першае, і другое «…паказваюць нам адсутныя рэчы так, нібыта яны знаходзяцца паблізу, бачнасць пераўтвараюць у яву, адно і другое ашукваюць нас, і ашуканства абодвух прыносіць задавальненне».
Таму нездарма сярод мастакоў так шмат паэтаў, і наадварот. Жывапісец, адчуваючы, што застаецца нешта недавыказанае ў карцінах, бярэ на ўзбраенне слова; паэт, натыкаючыся на межы, дзе заканчваюцца магчымасці мовы, пачынае маляваць.
Творчасць вядомага беларускага графіка Рыгора Сітніцы якраз спалучае у сабе два напрамкі. Дуалізм гэты натуральны: паэзія сталася лагічным працягам адкрыццяў, зробленых у жывапісе. З другога боку, літаратура дапамагала (і дапамагае) мастаку выяўляць не толькі свой унутраны стан, але і выказваць грамадзянскую, чалавечую пазіцыю.
Летась у выдавецтве «Чатыры чвэрці» выйшла кніга, якая сабрала пад сваёй вокладкай вершы, створаныя Рыгорам Сітніцам на працягу творчага жыцця. Яна мае красамоўную, арыгінальную назву: «Ток».
Ёмістае, выразнае слова надзвычай адпавядае зместу зборніка. Найперш гэта азначэнне энергіі, сутнасці жыцця: ток крыві, а таксама электрычныя імпульсы, што стымулююць нейроны мозгу, актывізуючы працэсы мыслення і творчасці. І канечне, «ток» у беларусаў — месца, дзе адбываецца абмалот зерня, дзе падсумоўваецца плён чалавечай працы, дзе становіцца зразумелым, якім працавітым і дбайным быў гаспадар, ці якасным было насенне і ці ўрадлівай глеба.
Такім чынам, «Ток» — гэта своеасаблівая паэтычная справаздача за гады насычанай творчай дзейнасці. Але ж акрамя ўласна выяўленчага мастацтва, Рыгор Сітніца рэалізаваўся і як грамадскі, культурны руплівец, публіцыст. Усё гэта паспрыяла фарміраванню выразнага крэда, якое знайшло адлюстраванне ў паэтычным слове:
П’едэстал, трыбуна ці турма,
Кайданам блішчэць ці эпалетам —
У паэта выбару няма,
Акрамя як толькі быць паэтам.
(з верша-прысвячэння Г. Бураўкіну)
Рыгор Сітніца — адэпт класічнай беларускай традыцыі. І ў некаторых вершах ён свядома крочыць сцежкамі, пратаптанымі папярэднікамі, не баючыся паўтарыцца:
Стамлёных аблокаў смуглявая млявасць
Плыла спакваля па блакітным авале
Балтыйскага неба; а сонца і хвалі
Кахання свайго ад людзей не хавалі;
І промні ваду цалавалі, і хвалі
Люлялі ў лагодзе шчаслівае сонца…
З-за пляча аўтара ў гэтых радках пазнавальна выглядваюць і багдановічаўскі «сінякрылы матылёк», і барадулінскае «лілею млявы плёс люляе …». Рыгор Сітніца смела эксперыментуе з алітэрацыямі і гукапісам яшчэ і таму, што не саромеецца вучыцца, на практыцы засвойваць «паўтарыцельны курс» не толькі беларускай, але і сусветнай літаратуры.
Першы раздзел зборніка «Доўгае рэха» ўспрымаецца як праграмны, у ім знайшлі сваё адлюстраванне і творчае крэда, і даніна павагі майстрам айчыннага пісьменства, а таксама глыбокі роздум над лёсам Айчыны, над прызначэннем высокага мастацтва ў сучасным грамадстве.
Місія паэта — быць прарокам на сваёй Радзіме, няхай нават непрызнаным і выгнаным. Мабыць, таму Рыгору Сітніцу вельмі блізкая творчасць І. Бродскага, месцамі ён цытуе знакамітага паэта, а некаторыя вершы, напрыклад «Парад пераможцаў» ці «Калядны дывертысмент», відавочна, створаны пад яго непасрэдным уплывам.
Пра тое, як няпроста творцу існаваць у соцыуме, падпарадкаваным нібыта адзіна правільным мадэлям паводзінаў, сведчаць і такія радкі:
Не любы мне словы «направа», «налева», «руш»,
І колеру хакі вопратку я не люблю.
(«Дэкларацыя пацыфістага»).
Вобраз паэта, адрынутага і зняверанага, набывае працяг і ў такім вершы:
Фотаздымкі Купалы трыццатых гадоў —
Зацкаваных вачэй скамянелы пагляд —
Гэта роспач усіх курапацкіх удоў,
Дзе пустэльня — наперад, пустэча — назад…
[………]
Пустата — Варкута, пустата — Калыма,
Пустата — гэта ўсе, каго болей няма…
Але ж пасля душэўных згрызот, пасля паняверкі і адчаю ёсць надзея ацаліцца гаючым словам сябра, яго неўміручым радком:
І калі спадзяванняў ніякіх на гэты свет перакулены
Не знаходзіць душа, здаецца, — ды дзякую, Божа,
Што мажлівасць простая ёсць — пазваніць Барадуліну…
Ён дапаможа.
Другі раздзел зборніка — «Канцэрт для скрыпкі і завірухі» — сведчыць пра тое, што Рыгор Сітніца — яшчэ і надзвычай чуйны лірычны паэт, які здольны ў звычайнай з’яве прыкмеціць будучы паэтычны вобраз, а з імгненнай думкі-згадкі выснаваць сюжэт для верша. Як і для кожнага творцы, для Рыгора Сітніцы менавіта каханне — невычэрпная крыніца натхнення, выток усіх мар і спадзяванняў:
Як найлепшы самы з маіх закаханых вершаў,
Я табе прысвячаю чэрвеньскі гэты дождж.
Раздзел наскрозь працяты мелодыямі, гукамі, рытмамі. Музыка — гэта яшчэ адна сімпатыя аўтара. Вершы «Раманс», «Пад гукі катрынкі», «Сола для вулічнага саксафона», «Блюз начнога дажджу» — незвычайныя па пачуццёвай і метафарычнай напоўненасці. Бо —
Ёсць музыка глыбінь, і цвердзі, і нябёс.
Яе спасцігнуць, як уласны зведаць лёс.
Разгубіцца душа на ростанях дарог —
Ёй шлях пакажа Бах, а гэта значыць — Бог.
Як ужо было адзначана, Рыгор Сітніца не баіцца паўтораў у паэзіі, таму і такі верш, як «Віно дажджоў» не выглядае ні перайманнем, ні эпігонствам, а найперш — данінай павагі, паклонам знакамітаму аўтару арыгінальнай «малой паэмы». Гэта ода сяброўству, ода вернасці ідэалам:
Захмялелай сябрынаю будзем сядзець, гаманіць давідна,
Безназоўнаму часу надаўшы найменне «Віно дажджоў».
Паэт — вечны рамантык, «дзіця з вачыма празарліўца» (Р. Барадулін), безабаронны ў сваёй наіўнасці, які кожны дзень пачынае жыццё наноў, бо толькі так можна захаваць чысціню і непасрэднасць успрымання. Дзеля чаго ж яшчэ імкнуцца жыць менавіта так — не патрапляючы ў плынь, не падладжваючыся пад меркантыльны, прагматычны свет? Бадай, дзеля гэтага —
Каб я ўрэшце спасціг, зваяваўшы свае ветракі,
Што каханню пад сілу з нябыту вяртаць цягнікі.
Астатнія два раздзелы зборніка — «Усходні вецер» і «Трысвечнік» адлюстроўваюць імкненне аўтара пафіласофску асэнсаваць жыццё, спасцігнуць вечныя, духоўныя каштоўнасці. Нездарма Рыгор Сітніца звяртаецца да класічнай японскай вершаванай формы хоку, лаканічнасцю і выразнасцю гранічна набліжанай да жывапісу, дзе ў трох радках ствараецца яркі, запамінальны філасофскі вобраз, накшталт:
З нетраў сутоння
Ружовы расцвіў ліхтар.
Начная кветка.
Сімвалічна, што паэма «Знак перасцярогі» — фінальны, надзвычай эмацыянальна насычаны твор зборніка — якраз завяршаецца радкамі, што сустракаюць чытача на пачатку кнігі, своеасаблівым чынам закальцоўваючы час, яднаючы мінулае і сучаснасць:
…І з вуснаў злятае,
І чуюць мурог і мураш:
«Ойча наш…».
Як сапраўдны мастак, Рыгор Сітніца ўмее ўгадваць і прадбачыць коды быцця, вышукваць знакі і падказкі ў блытаным і цьмяным мораку паўсядзённасці, спрабуе зразумець, «пра што гаворыць птушыны клінапіс на снезе белым», якія таямніцы давяраюць нам «…поле, сцяжына, камень»… Ён стварае свой сусвет, у якім дзве магутныя стыхіі — жывапіс і паэзія — гарманічна суіснуюць, утвараючы адно цэлае, непадзельнае, як само жыццё.
Янка ЛАЙКОЎ
Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.
Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».