Вы тут

20 гадоў таму здарылася трагедыя на Нямізе, калі загінулі 53 чалавекі


Увечары 30 мая 1999 года ў выніку цісканіны ў падземным пераходзе станцыі метро «Няміга» загінулі 53 чалавекі — у асноўным моладзь ва ўзросце ад 14 да 20 гадоў​, піша naviny.by.


Больш за дзве тысячы чалавек вярталіся ў той вечар са свята піва пасля канцэрту, які праходзіў каля Палаца спорту. Хаваючыся ад раптоўнага дажджу і навальніцы, яны накіраваліся да бліжэйшай станцыі метро. Узнікла цісканіна, паніка, па людзях, якія ўпалі, ішлі іншыя, якіх нёс некіравальны натоўп.

Па словах відавочцаў, усё доўжылася не больш за 10 хвілін. У выніку цісканіны загінулі 53 чалавекі, прычынай смерці большасці з іх стала асфіксія. Больш за сотню атрымалі траўмы.

Сваякі загінулых неаднаразова падавалі судовыя пазовы на гарадскія ўлады, міліцыю, піўзавод «Аліварыя», радыёстанцыю «Мір» і ТАА «Клас-клуб ДК», якія ў той дзень адказвалі за арганізацыю і забеспячэнне парадку на масавым мерапрыемстве. Гэтыя пазовы адхіляліся судамі розных інстанцый.

30 мая 2002 года на месцы трагедыі ўсталявалі мемарыял «Ружы» — стылізаваныя прыступкі, на якіх раскіданыя 53 металічныя кветкі, якія сімвалізуюць загінулых. Злева ад іх — маленькая капліца з праваслаўным крыжам і металічнай плітой, на якой высечаныя імёны ўсіх загінулых.

Яшчэ адзін помнік, прысвечаны ахвярам трагедыі на Нямізе, — бронзавая «Дзяўчынка з парасонам» — усталяваны вядомым скульптарам Уладзімірам Жбанавым у Міхайлаўскім скверы каля Прывакзальнай плошчы.

  • Сёння ў 09:00 у мінскім Свята-Духавым кафедральным саборы пачалося набажэнства па загінулых, затым - хрэсны ход да месца трагедыі і ўскладанне кветак.

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».