Вы тут

Кожны кулік Тураўскі фестываль хваліць


Старажытны беларускі горад прымаў птушынае свята ў восьмы раз.

У Тураве прайшоў фестываль кулікоў. Мерапрыемства было зладжана грамадскай арганізацыяй «Ахова птушак Бацькаўшчыны» пры падтрымцы Тураўскага гарадскога выканаўчага камітэту. Як і заўсёды, местачкоўцаў і гасцей чакала насычаная праграма.


Раніцай у суботу ўсе ахвотныя ўзброіліся фотаапаратамі і адправіліся здымаць птушак на Тураўскае балонне. Самых уважлівых і ўдачлівых чакала званне пераможцы чэмпіянату па фотабёрдынгу «Фокус на кулікоў», які прайшоў у рамках фестывалю ўпершыню. Задача фодабёрдара — сфатаграфаваць і вызначыць як мага больш відаў птушак за абмежаваны час. А паздымаць сапраўды было каго: Тураўскае балонне — адно з самых важных у Беларусі месцаў гнездавання і міграцыйных прыпынкаў многіх прадстаўнікоў птушынага свету. Тут водзіцца больш за 50 відаў кулікоў, чаек ды іншых крылатых.

Тыя ж, у каго не атрымалася абудзіць свой спаборніцкі дух, маглі проста паўдзельнічаць у экскурсіях па горадзе, наведаць станцыю кальцавання ці паназіраць за птушкамі балоння разам з арнітолагамі. Гэтым разам з усіх відаў «галоўных герояў» фестывалю часцей за іншых у падзорную трубу трапляліся вялікія грыцукі, кулікі-случкі і кнігаўкі. Апошнія нават вадзілі за сабой дзетак, чым выклікалі ўсплёск замілавання ў назіральнікаў. Засяроджана лавілі рыбу шэрая і вялікая белая чаплі, павольна кружылі над лугам у пошуках здабычы арланы-белахвосты, нават птушка 2019-га года — вялікі арлец — адзін раз паказалася аматарам прыроды.

Дзеці маглі паўдзельнічаць у вясёлых спаборніцтвах і пазапускаць паветраных змеяў, кожны ахвочы мог змайстраваць кулічкоў на майстар-класах, што ладзiлicя сумесна з праектам ПРААН-ГЭФ «Ветландс» жанчынамi, якiя натхняюцца аховай прыроды.

Пры падтрымцы Цэнтра экалагічных рашэнняў і праекта ПРААН-ГЭФ «Ветландс» таксама праходзіла фотавыстава «Прырода беларускі» («She is nature»), якая была прысвечана жанчынам, што зрабілі значны ўнёсак у ахову навакольнага асяроддзя і дасюль займаюцца прыродаахоўчай дзейнасцю ў розных сферах.

Упершыню падчас фестывалю на Тураўскім лузе быў адкрыты кемпінг. Толькі ўявіце сабе: ружовы захад сонца, бераг Прыпяці, птушынае шматгалоссе, пасядзелкі ля вогнішча пад шчырыя вершы паэткі Насты Кудасавай і беларускія песні ў выкананні кіраўніка праекту «Спеўны сход» Сяржука Доўгушава... Дзеля справядлівасці заўважым, што праз пэўны час спявалі і вадзілі карагоды ўсе прысутныя: узнёслая атмасфера вечара на ўлонні прыроды захапіла кожнага.

А яшчэ ў дні фестывалю можна было запусціць паветранага змея на Замкавай гары, змайстраваць уласнага кулічка з гліны ці воўны падчас майстар-класаў, адправіць паштоўку «птушынай поштай» з прывітаннем ад «жыхароў» Тураўскага лугу, сфатаграфавацца ў «шпакоўні» ці ва ўтульным «гняздзечку» ў адмысловай фотазоне. Цэнтр экалагічных рашэнняў прывёз у Тураў не толькі практычную лекцыю пра паасобны збор смецця, але і фотавыставу «Прырода беларускі («She is nature») — праект, прысвечаны жанчынам, якія зрабілі значны ўнёсак у ахову навакольнага асяроддзя.

  • Завяршыўся фестываль канцэртам беларускіх гуртоў «РЭХА» і «АKUTE».

Як трапна адзначыў дырэктар арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» Аляксандр Вінчэўскі, Тураў — месца, дзе мусіць пабываць кожны беларус. Больш чым тысячагадовая гістарычная спадчына, унікальныя прыродныя тэрыторыі — гораду сапраўды ёсць чым ганарыцца. Таму — да сустрэчы на наступным фестывалі!

Алена КАРПЕНКА

Фота Юрыя СТРУКАВА

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Хто выбраў год таму айчынную валюту, аказаўся ў выйгрышы. Куды ўкласці грошы зараз, каб атрымаць выгаду

Хто выбраў год таму айчынную валюту, аказаўся ў выйгрышы. Куды ўкласці грошы зараз, каб атрымаць выгаду

Знаёмства маладых людзей з першымі грашыма адбываецца дзіўным чынам.

Грамадства

Індыкатар жаночых праблем. Чаму ў дэкальтэ галоўнае не прыгажосць, а здароўе?

Індыкатар жаночых праблем. Чаму ў дэкальтэ галоўнае не прыгажосць, а здароўе?

Часта незразумелы «шарык» можа быць, напрыклад, фібрадэномай.

Грамадства

Калі дапамога патрэбна экстранна, яе заўсёды змогуць аказаць валанцёры Чырвонага Крыжа

Калі дапамога патрэбна экстранна, яе заўсёды змогуць аказаць валанцёры Чырвонага Крыжа

Гучны гул сірэны знянацку застаў пенсіянерку Веру Васільеўну дома.