Вы тут

Беларускі бізнес думае не толькі аб прыбытку


У нашай краіне нямала прыватных кампаній, якія выбіраюць дзейнасць, якая прыносіць карысць грамадству.

У Мінску адбыўся Трэці форум сацыяльнага бізнесу Беларусі. Удзельнікі абмяркоўвалі прававое рэгуляванне гэтага віду дзейнасці ў розных краінах, а таксама дзяліліся паспяховым вопытам.


Алег Токун.

Трэба больш сябе папулярызаваць

У нашай краіне распрацаваны праект закона аб сацыяльным прадпрымальніцтве, і цяпер члены кансультатыўнага савета пры Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь і прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і бізнесу актыўна абмяркоўваюць яго. «Усе прызналі, што такая дзейнасць у Беларусі ёсць, яна карысная для грамадства і можа дапамагчы дзяржаве ў вырашэнні сацыяльных праблем», – адзначыў начальнік упраўлення палітыкі занятасці Мінпрацы Алег Токун.

Ён нагадаў, што сацыяльнае прадпрымальніцтва ў нашай краіне пачыналася з вырашэння праблемы працаўладкавання інвалідаў. Але практыка паказала, што праз сацыяльны бізнес можна яшчэ палепшыць жыццё неабароненых катэгорый насельніцтва, рэалізаваць цікавыя праекты ў галіне адукацыі і экалогіі.

Па словах Алега Токуна, адным са спрэчных момантаў канцэпцыі закона аб сацыяльным прадпрымальніцтве з'яўляюцца падатковыя льготы і іншыя прэферэнцыі. Ён мяркуе, што варта больш сканцэнтравацца на нематэрыяльнай падтрымцы сацыяльнага бізнесу.

Адказваючы на ​​пытанне, чым сёння можна дапамагчы прасоўванню сацыяльнага бізнесу, чыноўнік адказаў, што гэтаму сегменту прадпрымальніцтва трэба больш гаварыць пра сябе. Мала сюжэтаў па тэлебачанні, рэпартажаў у газетах. «Магчыма, людзі і не ведаюць, што ёсць такая з'ява», – выказаў меркаванне Алег Токун.

Каардынатар праграмы па развіцці сацыяльнага прадпрымальніцтва ОДБ Брусель у Беларусі Максім Падбярозкін падкрэсліў, што ў гэтым годзе форум сацыяльнага бізнесу ўпершыню падтрымала Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Пасля правядзення першага форуму ў 2017 годзе вызначыліся наступныя тэндэнцыі: з'явілася нямала праектаў, разлічаных на падтрымку пажылых людзей, актыўна ўключаюцца ў працу рэгіёны. Не засталіся ў баку і айцішнікі: у прыватнасці, яны распрацавалі мабільныя дадаткі, якія шмат у чым палягчаюць рашэнне сацыяльных праблем.

Не баяцца, верыць у сябе і ўпэўнена ісці да мэты

Сярод паспяховых прыкладаў сацыяльнага бізнесу ўдзельнікам форума расказалі аб працы першай крамы тавараў без упакоўкі zerro.by. У студзені яна адкрылася ў інтэрнэт-версіі, а ўжо ў маі з'явілася стацыянарная гандлёвая кропка. «Нам здавалася, што тут будуць купляць рэчы нашы знаёмыя з экалагічнай тусоўкі, але прыходзяць і зусім незнаёмыя людзі, – падзялілася сузаснавальніца крамы Святлана Гатальская. – Зараз у нас шмат заказаў з рэгіёнаў, ёсць жадаючыя працаваць па франшызе. Мы імкнемся да таго, каб у нашай краме было як мага больш тавараў айчынных вытворцаў. Заўтра паеду забіраць наш заказ – першыя металічныя беларускія трубачкі для кактэйлю». На гэтым прыкладзе добра відаць, як адно прадпрыемства сацыяльнага бізнесу, у дадзеным выпадку крама, уцягвае ў сваю арбіту некалькі іншых – пастаўшчыкоў тавараў.

Дырэктар «Цэнтра актыўнага даўгалецця» Алена Дзямідава распавяла пра ўнікальны вопыт супрацоўніцтва з ААТ «Галантэя». Цэнтр наведвалі некалькі працаўніц прадпрыемства пенсіённага ўзросту. Яны хацелі працягваць працаваць, але кожны адчуваў, што крыху адстаюць ад сучасных тэхналогій. Спецыялісты цэнтра даўгалецця сустрэліся з кіраўніцтвам фабрыкі, абмеркавалі варыянты супрацоўніцтва. У выніку пенсіянеркі прайшлі неабходнае навучанне, у тым ліку атрымалі камп’ютарныя навыкі, і не проста засталіся на сваіх працоўных месцах, але і адчуваюць там сябе дастаткова ўпэўнена. Усіх працуючых пенсіянераў, якія прыходзяць у цэнтр, спецыялісты просяць: «Раскажыце пра нас вашым наймальнікам».

Што датычыцца цікавага вопыту работы сацыяльнага бізнесу ў рэгіёнах, можна прывесці ў прыклад УП «Сельская Століншчына». З 2011 года прадпрыемства пачало скупляць у насельніцтва выкарыстаную поліэтыленавую плёнку, каб адправіць на далейшую перапрацоўку. Бізнес пачынаўся ў адной вёсцы і нават там некаторыя жыхары па звычцы выкідалі плёнку на стыхійны сметнік, ці яшчэ горш – спальвалі. Аднак тлумачальная праца, а таксама грашовая кампенсацыя за здадзеную плёнку зрабілі сваю справу: бізнес паспяхова развіваецца, да асноўнага віду дзейнасці дадаўся гандаль новай плёнкай, насеннем, угнаеннямі. Пры гэтым прадпрыемства вырашае важную экалагічную праблему – зніжаецца ўзровень забруджвання навакольнага асяроддзя поліэтыленавымі адходамі.

Сёння, калі ёсць жаданне займацца сацыяльным бізнесам, можна атрымаць метадычную і юрыдычную дапамогу ў ОДБ Брусель у Беларусі. Банк Развіцця Беларусі выдае крэдыт для такога віду дзейнасці на льготных умовах, таксама ёсць магчымасці для атрымання грантаў. Галоўнае, як аднадушна казалі ўдзельнікі форума, не баяцца, верыць у сябе і ўпэўнена ісці да мэты.

Арганізатарамі Трэцяга форума сацыяльнага бізнесу Беларусі выступілі Праграма падтрымкі Беларусі Федэральнага ўрада Германіі, ОДБ Брусэль, Фонд «Добра» у партнёрстве з сацыяльным прадпрыемствам «Каштоўны капітал» і пры падтрымцы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Фота Facebook ОДБ Брусель

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».