Вы тут

Жыхары вёскі Рудня ўдзячныя свайму старасту за новы мосцік


Жыхары вёскі Рудня, што знаходзіцца ў Івацэвіцкім раёне Брэсцкай вобласці за 65 кіламетраў ад райцэнтра, удзячныя вясковаму старасту за яго ўважлівасць да патрэб аднавяскоўцаў. І пра сваю шчырую ўдзячнасць казалі з задавальненнем, паказвалі кулак з пальцам уверх, які ён «во, чалавек!» — Сцяпан Шляжка.


Старшыня Рэчкаўскага сельсавета Ганна Латышэвіч расказала, што на тэрыторыі сельсавета працуюць чатыры старасты. Яны з'яўляюцца першымі памочнікамі сельвыканкама ў рабоце з насельніцтвам, у вырашэнні пытанняў добраўпарадкавання населеных пунктаў. Сцяпан Шляжка абраны старастам толькі летась, але з першых дзён свайго выбрання пачаў праяўляць ініцыятыву ў добрых справах — малайчына.

Ён мясцовы жыхар. Працаваў у калгасе больш за 20 гадоў шафёрам і пасля яшчэ 18 гадоў лесніком у Рудненскім лясніцтве. Гаспадарлівы чалавек, са сваім трактарам. Сярод вяскоўцаў Сцяпан Шляжка — чалавек паважаны.

А тут папярэдні стараста Іван Доўжык у размове паскардзіўся, што ў яго няма часу на грамадскую работу, шмат працуе. І раптам прапанаваў: «Паспрабуй ты».

— Я быў ужо пенсіянерам і згадзіўся. Калі на сельскім сходзе мяне абралі старастам, найперш узяўся за дарогі, якія даўным-даўно не ведалі рамонту.

У філіяла спецыялізаванай дарожна-рамонтнай арганізацыі «Івацэвіцкае ДРБУ-178», які адказвае за ўтрыманне вуліц населеных пунктаў раёна, па прычыне недахопу сродкаў доўгі час не даходзіла чарга да працяглых вуліц аддаленай вёскі. Таму новы стараста не стаў чакаць той чаргі, а са сваім трактарам браў людзей, чалавек пяць, і ехаў на руіны закінутай фермы. Там з дазволу старшыні ААТ «Горталь» збіралі будаўнічыя адходы пасля зносу старых жывёлаводчых памяшканняў: кавалкі цэглы, шчэбню, каменне — і гэтым будаўнічым смеццем «рамантавалі» самыя вялікія выбоіны на вуліцах з асфальтаваным пакрыццём: Партызанскай і Набярэжнай. І на вуліцы Партызанскай, першай, за якую ўзяліся, можна сказаць, вучыліся, як рабіць. Наступная вуліца атрымалася ўжо лепш, бо камяні спачатку акуратна выкладвалі ў ямінах, потым засыпалі гравіем, трамбавалі. Вынік атрымаўся зусім іншы.

За гэтай справай і людзі пачалі згуртоўвацца вакол старасты. Наступны крок — суботнік на могілках.

— Арганізаваў людзей, чатыры касілкі. Выкасілі, вынеслі галлё, смецце, траву ў кучы, а камунальнікі іх прыбралі. Цяпер у нас на могілках чыста, — кажа стараста.

Могілкі вёскі Рудня перададзены на баланс філіяла «Целяханскі» ДУВП «Івацэвіцкая ЖКГ» яшчэ ў 2015 годзе. Перад тым на ўсёй тэрыторыі могілак былі выдалены дрэвы. Але за наступныя гады па ўсіх могілках пайшла прорасць. Вось і давялося правесці некалькі суботнікаў, каб там зноў стала чыста і дагледжана.

Мы едзем са Сцяпанам Уладзіміравічам у цэнтр вёскі да магазіна. Тут, побач з вясковай крамай, устаноўлены па ініцыятыве старасты памятны знак з указаннем даты першага згадвання вёскі Рудня ў архіўных дакументах. Стараста паказвае:

— Спачатку тут зрэзалі дрэва, якое надта замінала. Паціху завёз пяску, каменя, на якім шыльда замацавана, кольца бетоннае. Каля пустуючага закінутага дома адно заўважыў, стаў цягнуць — зламалася. Другое таксама развалілася, а гэтае паставілі на жэсце, і я прыцягнуў трактарам. Яно таксама доўга ляжала каля пустуючага дома, а нам спатрэбілася. Бо на зямлі камень устанаўліваць, падумаў, неяк не вельмі будзе прыгожа, а на кальцо — іншая рэч. Трубкі з ланцугом вакол памятнага каменя даў Сяргей Мохар, мы з ім іх усталёўвалі. Потым купіў жалеза, прыварыў вакол — загарадзь набыла закончаны выгляд. Сабраў грузчыкаў, паставілі, пафарбавалі. Адзін з мясцовых прадпрымальнікаў, які дапамагае па любым пытанні, сказаў: «Фарба — гэта мой клопат». Малайчына. З Івацэвіч прадпрымальнік Мікалай Кот (з Рудні родам) шыльду заказаў. І вось атрымалася. Дошка аб'яў таксама побач знайшла сваё месца.

— Звесткі пра першае згадванне вёскі дзе шукалі?

— Доўга не мог знайсці нічога. У Мінску нашы выхадцы ёсць, адзін з іх дапамог. Яго брат у Польшчы жыве і дзядзька. Яны ініцыявалі запыты ў нашы дзяржаўныя архівы, архівы Польшчы. Тры месяцы працавалі і знайшлі дакументы, па якіх першае згадванне пра Рудню датуецца 1673 годам.

—Хто дапамагаў мосцік зрабіць? — цікаўлюся, гледзячы на новы ладны масток, які з'явіўся нядаўна ў Рудні і скараціў шлях да цэнтра цераз канал. За яго з'яўленне сяльчане вельмі ўдзячны старасту.

— Мосцік дапамагаў будаваць мой сусед Леанід Лінкевіч. Дошкі на яго выбраў з дроў. Завёз сваім трактарам на пілараму, растлумачыў, што на агульную справу. Работа мне каштавала б рублёў 40 капеек, а індывідуальны прадпрымальнік Вячаслаў Стаскевіч з такім задавальненнем — на агульную справу, нават пытання не ставіў пра аплату.

Стараста ў вёсцы — постаць нумар адзін. Да яго звяртаюцца людзі з рознымі пытаннямі: магілу выкапаць, арганізаваць пахаванне, падкасіць, плот падладзіць... І самае галоўнае, жаданне ёсць у старасты займацца людскімі справамі. І жонка яго — малайчына, ніколі не папракнула, што асабісты трактар для патрэб вёскі працуе, што гаспадара няма ў хаце.

Дзецьмі таксама можна парадавацца. Адна дачка ў Івацэвічах галоўным бухгалтарам працуе, другая ў Рэчках — маці-гераіня. Сын працуе ў Івацэвічах у Прамбудэнерга. І сем унукаў бяруць прыклад з дзеда.

Гаварылі са старастам і пра школу. Базавая ў Рудні яшчэ ёсць, і пакуль школа ёсць — вёска жывая. У планах Сцяпана Уладзіміравіча паставіць помнік аднасяльчанам, што загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. «Бацька мой — удзельнік Вялікай Айчыннай, але я не з-за гэтага, гляджу за ўсіх людзей. А памяці аб іх няма, — кажа стараста. — Спонсар абяцаў грошай даць, бо сёння гэта, самі разумееце, дорага каштуе».

— Дзе яго будзеце ўсталёўваць?

— Ды тут, думаю, каля памятнага каменя. Месца самае высокае. Пэўна, адсюль Рудня пачыналася.

Валянціна БОБРЫК, г. Івацэвічы

Загаловак у газеце: Мосцік старасты вёскі Рудня

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».