Вы тут

У Белстаце праінфармавалі, як змяняецца колькасць занятага насельніцтва


Паводле выбарачнага абследавання, узровень беспрацоўя насельніцтва ў працаздольным узросце ў цэлым па рэспубліцы паменшыўся з 5,6 % у 2017 годзе да 4,7 % летась.


У 2017-м узровень беспрацоўя беларусаў складаў 7,2 % (занятыя былі 80,4 %), беларусак — 4 % (83,7 % занятых). Летась дынаміка захавалася: 5,9 % мужчын і 3,4 % жанчын былі беспрацоўнымі, а ўзровень занятасці склаў адпаведна 82 % і 84 %.

Узровень зарэгістраванага беспрацоўя паступова зніжаўся з 0,8 % у 2016 годзе да 0,5 % у 2017-м і 0,3% летась. У органах па працы, занятасці і сацыяльнай ахове ў 2016 годзе былі зарэгістраваныя 35 329 чалавек, у 2017-м — 22 863, у 2018-м — 12 481.

Самай працавітай вобласцю летась была Мінская: у Бярэзінскім, Дзяржынскім, Крупскім, Мінскім, Смалявіцкім і Старадарожскім раёнах узровень зарэгістраванага беспрацоўя трымаўся на 0,1 %. У іншых абласцях такі ж вынік прадэманстравалі Браслаўскі, Верхнядзвінскі, Лёзненскі і Шумілінскі раёны (Віцебская); Бераставіцкі і Гродзенскі (Гродзенская); Горацкі, Чавускі і Шклоўскі (Магілёўская). І сталіца краіны. А ў Камянецкім раёне Брэсцкай вобласці гэты паказчык у мінулым годзе быў 0,03 % — беспрацоўнымі былі чатыры жыхары раёна.

У Быхаўскім раёне Магілёўскай вобласці ў якасці беспрацоўных былі зарэгістраваныя пяцёра чалавек. Тэмпы на Быхаўшчыне кажуць самі за сябе: яшчэ ў 2016 годзе тут былі 62 беспрацоўныя, у 2017-м — 61 чалавек. Недалёка адышлі Чавускі, Бераставіцкі, Лёзненскі раёны з васьмю беспрацоўнымі і Шумілінскі са Старадарожскім — з дзевяццю беспрацоўнымі летась.

Колькасць занятага насельніцтва ў Беларусі пакрыху скарачаецца: з 4 405 650 чалавек у 2016 годзе да 4 353 643 у 2017-м і 4 335 458 у 2018-м. Рост колькасці занятых грамадзян назіраецца выключна ў Мінску: з 1 065 850 у 2016 годзе да 1 067 623 у 2017-м і 1 070 669 летась.

На наваствораныя рабочыя месцы ў краіне ў 2016 годзе працаўладкаваныя 71 420 чалавек, у 2017-м — 69 807, у 2018-м — 73 435 чалавек. Рост прадэманстравалі Віцебская (6 986 чалавек), Гомельская (7 558), Гродзенская (5 884), Мінская (11 931) і Магілёўская (5 020) вобласці.

Летась на высокапрадукцыйныя працоўныя месцы прынятыя 316 чалавек у Мінску, 87 у Мінскай вобласці, 40 — у Гродзенскай, 19 у Віцебскай, 17 у Брэсцкай, 12 у Гомельскай і 10 чалавек у Магілёўскай.

Варвара МАРОЗАВА

Загаловак у газеце: Калі беспрацоўных ведаюць у твар

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.