Вы тут

Ці прызнаюць фрылансера занятым у эканоміцы?


Жыхарка Маскоўскага раёна сталіцы ў красавіку атрымала рахунак за падагрэў вады ці не ў пяць разоў большы за сакавіцкі. Разбірацца ў сітуацыі давялося на пасяджэнні пастаянна дзеючай камісіі па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва адміністрацыі раёна.


Дзяўчына расказала, што на працягу пяці год працавала перакладчыкам у Беларусі, маючы працоўную кніжку, і адначасова фрылансіла па-за межамі краіны. «Заўважце, плаціла падатак і тут, і там. Апошнія гады два засталася толькі на фрылансе, а праца ў асноўным — у Расіі. Я свайго наймальніка дык і не бачыла ніколі. Рэгістравацца не абавязана, бо гэта дзейнасць не належыць да індывідуальнага прадпрымальніцтва», — расказвае дзяўчына.

Яшчэ ў 2016 годзе вольны працаўнік на ўсялякі выпадак, як яна кажа, папрасіла наймальніка заключыць з ёю дагавор. І расійская кампанія ў выглядзе выключэння пайшла насустрач. Таму калі летась дзяўчына ўбачыла ў сродках масавай інфармацыі, што ў дачыненні да зламысных беспрацоўных будуць прымацца меры, і знайшла ў спісе дакументаў для пацверджання занятасці той самы дагавор, яна прыйшла ў адміністрацыю напісаць заяву ды прадставіць дакумент.

«Я тады звярнула ўвагу супрацоўніка, што дагавор заключаны ў 2016 годзе і штогод аўтаматычна пралангуецца. Але... Рахунак за люты прыйшоў нармальны, за сакавік — нармальны. А за красавік — па поўным тарыфе за падагрэў вады», — скардзіцца перакладчыца.

Дык як яно так, не можа зразумець грамадзянка: чаму ж па адным і тым жа дакуменце яшчэ ў сакавіку яна была працоўнай, а ўжо з пачатку другога квартала выявілася незанятай у эканоміцы? «Да таго ж мне пра гэта не паведамілі, не далі магчымасць прадставіць нейкія іншыя даку-
менты, а проста паціху занеслі ў базу непрацоўных», — яшчэ адна крыўда заяўніцы.

«Па вашай заяве рашэнне прынятае, а што да заўваг наконт кампетэнтнасці асобных спецыялістаў, прымем да ўвагі і разбяромся ў сітуацыі», — паведаміў заяўніцы старшыня адміністрацыі Маскоўскага раёна, старшыня камісіі Андрэй ЖАЙЛОВІЧ.

Як адзначыў кіраўнік раёна, перакладчык-фрылансер — далёка не першы чалавек, які плаціць падатак як фізічная асоба, і не першы, становішча якога абмяркоўваецца на пасяджэнні камісіі. Звычайна падобныя заявы ўвогуле разглядаюцца завочна, без асабістай прысутнасці грамадзян. Галоўны дакумент, які пацвярджае занятасць у эканоміцы, — квітанцыя аб аплаце падаходнага падатку.

«Што вас унеслі ў базу, зразумела, непрыемна і дзесьці няправільна, але дзякуючы прадстаўленаму дакументу на сённяшні дзень камісія мае права прыняць рашэнне выканаць пераразлік за аказаныя жыллёва-камунальныя паслугі і прызнаць вас занятай у эканоміцы ў гэтым годзе», — патлумачыў Андрэй Жайловіч.

У першым квартале 2020 года фрылансеру трэба будзе зноў прадставіць дакументы, якія пацвярджаюць плату падаходнага падатку як фізічнай асобы. А на неразуменне грамадзянкі, чаму камісія не ў стане самастойна атрымліваць звесткі пра падаткі грамадзяніна, старшыня камісіі абяцае: «Падумаем над гэтым. Добрае пытанне».

І сапраўды, праблема справакавала ажыўленае абмеркаванне.

Механізм павінен быць выразны і зразумелы

У выніку з'явілася прапанова: фізічных асоб, якія плацяць падаходны падатак, прызнаваць занятымі ў эканоміцы да канца першага квартала наступнага года. Камісія будзе рабіць запыт у падатковую інспекцыю аб факце (не суме!) падачы дэкларацыі.

«Механізм павінен быць дакладны, выразны і зразумелы. Калі ў нас ёсць такі грамадзянін, трэба, каб сакратарыят на працягу тыдня яго праінфармаваў: просім вас у вызначаны тэрмін прадставіць гэтыя і гэтыя дакументы, у адваротным выпадку вы будзеце ўключаны ў базу незанятых у эканоміцы. І дастаткова будзе копіі гэтых дакументаў даслаць нам па электроннай пошце, нават сустракацца не трэба», — сфармуляваў Андрэй Жайловіч.

Сёлета ў Маскоўскім раёне каля 2,5 тысячы фізічных асоб падалі дэкларацыі для аплаты падаходнага падатку. Члены камісіі згадзіліся, што трэба разам з падатковай інспекцыяй параўнаць спісы плацельшчыкаў і незанятых у эканоміцы — клопату гэта не складзе, а людзям назаляць не давядзецца. Згадзіліся і з тым, што сама сістэма аднясення да ліку незанятых у эканоміцы патрабуе ўдасканалення.

Праведзеная «рэформа» павінна дапамагчы пазбегнуць памылковага налічэння залішніх сум за «камуналку» — уласнік жылля, незаняты ў эканоміцы, сёлета мусіць плаціць за гарачую ваду па поўным кошце.

У іншым населеным пункце або краіне

Адна з заяўніц на пасяджэнні камісіі прадстаўляла інтарэсы цёткі, уласніцы жылля, якая даглядае бабулю ў іншым населеным пункце. Папярэдне жыхарка раёна прадставіла доказы, на падставе якіх члены камісіі прызналі, што цётка знаходзіцца ў складаных жыццёвых абставінах, і вызвалілі яе ад абавязку аплачваць гарачую ваду па абгрунтаваным тарыфе.

Яшчэ адны заяўнікі на папярэднім пасяджэнні ўзнялі амаль аналагічную праблему: уласніца кватэры — іх дачка, якой яны ў свой час падаравалі жыллё, — стала пражывае ў Канадзе, мае канадскае грамадзянства. А бацькі ў Беларусі атрымалі вялікі рахунак за «камуналку». Камісія зрабіла запыт у Міністэрства замежных спраў, вывучыла прадстаўленыя сужэнцамі дакументы — і на чарговым пасяджэнні камісіі заяўнікаў вызвалілі ад абавязку плаціць «па поўнай». Ва ўсіх выпадках будзе праведзены пераразлік.

Хто ў рамеснікі, хто ў ЛПП...

Камісіі па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва з'явіліся летась на падставе Дэкрэта Прэзідэнта «Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва». Тады ў параўнанні з першай рэдакцыяй Дэкрэта ад 2015 года змяніліся падставы для прылічэння да занятых або незанятых у эканоміцы.

Кожны беларус у службе «адно акно» свайго раёна можа атрымаць лагін і пароль ад базы даных, створанай Міністэрствам працы і сацыяльнай аховы, і самастойна сачыць за ўласным лёсам: якія меры садзейнічання аказаныя, якія рашэнні і на які перыяд прынятыя.

У снежні мінулага года ў базу трапілі 18 700 жыхароў Маскоўскага раёна. Зараз у спісе знаходзяцца 16 400. «Хтосьці ўжо прызнаны занятым, хтосьці прадставіў неабходныя дакументы. Напрыклад, нарадзілася дзіця за межамі краіны — звестак у загсе няма, бо пасведчанне аб нараджэнні выдаецца ў адзіным экземпляры. У такім выпадку ў Беларусі дзіця атрымлівае толькі пашпарт», — тлумачыць сакратар камісіі Наталля ЖАРЫКАВА.

У камісію звярнуліся больш за сем тысяч чалавек, па якіх у далейшым прынятыя рашэнні. Для садзейнічання занятасці бесперастанна праводзяцца спецыяльныя мерапрыемствы, працягваецца інфармаванне. Кожнаму з тых амаль 19 тысяч чалавек, што былі ў спісе ў мінулым снежні, дасланыя паведамленні і запрашэнні звяртацца да спецыялістаў.

«У некаторых выпадках Дэкрэт дапамог легалізаваць «ценявы» бізнес — людзі пачалі афіцыйна афармляцца на работу. Гэта значыць, атрымалі сацыяльную абарону: і гарантыю пенсіі, і бальнічныя лісты, і адпачынкі», — звяртае ўвагу Наталля Жарыкава.

Сакратар камісіі нагадвае, што Дэкрэтам таксама спрошчаная сістэма развіцця ўласнага бізнесу без афармлення індывідуальнага прадпрымальніцтва. Камісія інфармуе грамадзян і пра гэтую магчымасць, дапамагае парадамі тым, хто жадае працаваць на сябе.

Бывае, праўда, і наадварот. Вось, расказвае Наталля Жарыкава, звярнулася на камісію жанчына: адзін сын п'е, другі, гледзячы на гэта, страціў псіхічнае здароўе. Маці прапанавалі разгледзець варыянт лячэбна-працоўнага прафілакторыя для сына-алкаголіка. Жанчына пры дапамозе органаў унутраных спраў падала дакументы ў суд на накіраванне сына ў ЛПП.

...Кожны панядзелак а 15-й гадзіне члены камісіі адміністрацыі Маскоўскага раёна сталіцы на падставе дакументаў вырашаюць, ці не знаходзіцца жыхар у цяжкіх жыццёвых абставінах, выпраўляюць звесткі пра тых, хто трапіў у спіс памылкова (напрыклад, ваенны пенсіянер). Як кажа сакратар камісіі, кожнага заяўніка можна зразумець: «База сфарміраваная. Мы імкнёмся максімальна апавясціць грамадзян, якія ў яе трапілі. Зразумела, пра кожнага з амаль дваццаці тысяч чалавек камісія не ў стане даведацца, ці працуе ён, дзе, як. Мы кажам: «Вы туды трапілі, давайце пойдзем адно аднаму насустрач і вырашым пытанне».

Варвара МАРОЗАВА

Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».