Вы тут

Тры нагоды ўключыць тэлевізар


Дзеці

У Міжнародны дзень абароны дзяцей адчуць сябе зноў маленькімі могуць і дарослыя — дзякуючы тэматычнаму кінапаказу, што зладзіць сацыякультурны канал «Беларусь 3».

Цягам дня ў эфіры будуць паказаныя дзіцячыя прыгодніцкія і казачныя кінастужкі розных часоў: «Снежная каралева» (1966), «Тры талеры» (2005), «Тум-Пабі-Дум» (2017), мюзікл «Мама» (1976), камедыя «Вусаты нянь» (1977).

А Першы нацыянальны канал Беларускага радыё прапануе слухачам удзел у інтэрактыўнай гульні — апазнаць у сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі» журналістаў і радыёвядучых па іх дзіцячых фота. Прыз абяцаюць самы што ні ёсць дзіцячы — брэндаваны заплечнік, а самаму актыўнаму гульцу — кілаграм смачных цукерак!


Пушкін

Пра 220-годдзе класіка рускай літаратуры (ягоны дзень нараджэння адзначаецца 26 мая па старым стылі і 6 чэрвеня — па новым) нагадае тэлеканал «Культура». 3—6 чэрвеня тут будуць паказваць «Маленькія трагедыі» прызнанага майстра экранных версій твораў рускай класікі, рэжысёра Міхаіла Швейцэра. Трохсерыйны мастацкі фільм, зняты сорак гадоў таму, упрыгожвае цэлы россып вядомых савецкіх акцёраў: Сяргей Юрскі, Валерый Залатухін, Івар Калныньш, Інакенцій Смактуноўскі, Георгій Тараторкін, Леанід Кураўлёў, Ларыса Удавічэнка, Лідзія Федасеева-Шукшына, Аляксандр Трафімаў і, канешне, акцёр і бард Уладзімір Высоцкі, які сыграў у сцэне «Каменны госць» сваю апошнюю ролю — лавеласа Дон Жуана...

Акрамя таго, на тыдні «Культура» парадуе ўсіх тых, хто чытаў Пушкіна не толькі ў сціслым пераказе ў хрэстаматыі, яшчэ шэрагам фільмаў паводле яго кніг: «Дуброўскі», «Капітанская дачка», «Аповесці Белкіна», «Завея», мультфільмам «Казка пра цара Салтана», дакументальнымі, біяграфічнымі стужкамі і дэкламацыяй Пушкіна ў выкананні папулярных акцёраў.


Музыка

200-годдзе выбітнога кампазітара і дырыжора Станіслава Манюшкі, якое сёлета шырока адзначаецца па ўсім свеце, натхніла на творчыя вопыты не толькі сучасных музыкантаў, але і тэлевізійнікаў. Так, Белтэлерадыёкампанія падрыхтавала да юбілею дакументальную стужку «Залатыя рыбкі музыкі Станіслава Манюшкі».

«У пошуках Манюшкі мы перадусім адправіліся на Міншчыну, у вёску Убель, дзе калісьці нарадзіўся класік», — расказвае аўтар фільма Алеся Зелянко. Далей маршрут здымачнай групы пралягаў праз пасёлак Азёрны, гарадскі пасёлак Смілавічы, горад Чэрвень, аграгарадок Алесіна, вёску Данюшава, праз Мінск і Гомель — усе тыя месцы, дзе так ці інакш захаваліся сляды Манюшкі. У фільме ўзялі ўдзел звыш 20 навукоўцаў, музыкаў і даследчыкаў — аўтараў тэматычных манаграфій, якія больш поўна распавялі пра станаўленне творцы, яго значэнне ў беларускай і сусветнай культуры і, канешне, пра захаванне памяці... Тэлепрэм'ера стужкі і святочны канцэрт Вялікага тэатра Беларусі, складзены з твораў Станіслава Манюшкі, запланаваныя на 15 чэрвеня — на канале «Беларусь 3».

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.