Вы тут

«Тимецъ» — як па-беларуску?


Яшчэ ў 1920-я гады лінгвісты разумелі неабходнасць стварэння поўнага лексікаграфічнага даведніка, які б ахопліваў слоўнікавы склад усіх вядомых рукапісных і друкаваных помнікаў часоў Сярэднявечча, створаных на гістарычна беларускіх землях. Але складаная палітычная сітуацыя, ваенныя падзеі не дазволілі гэтым планам ажыццявіцца адразу.


Праца паводле запланаванай праграмы па падрыхтоўцы гістарычнага слоўніка пачалася толькі ў 1960 годзе, і звязана яна з імем славутага беларускага вучонага, дыяхраніста, члена-карэспандэнта АН БССР Аркадзя Жураўскага.

Так, амаль два гады таму ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі завяршыўся фундаментальны праект, які без сумнення можна назваць эпахальным: убачыў свет апошні, 37-ы выпуск «Гістарычнага слоўніка беларускай мовы», слоўніка, які з 1982 г. папаўняў паліцы вядомых сусветных бібліятэк, лінгвістычных інстытутаў, прыватныя кнігазборы. У слоўніку ў поўным аб’ёме адлюстравана лексічная сістэма старабеларускай літаратурна-пісьмовай мовы (XIV—XVIII стст.).

Крыніцамі слоўнікавага матэрыялу паслужылі рукапісы і кнігадрукі перакладнога і арыгінальнага характару, напісаныя на старабеларускай літаратурна-пісьмовай мове. Да іх належаць помнікі юрыдычнага характару (кнігі Метрыкі Вялікага Княства Літоўскага; Вісліцкі статут XV ст.; Статуты Вялікага Княства Літоўскага 1529, 1566 і 1588 гг.), свецка-мастацкія творы (летапісы, напрыклад: Віленскі летапіс XV ст., Баркулабаўскі летапіс XVII ст.; хронікі, напрыклад: беларускі пераклад вядомай хронікі Мацея Стрыйкоўскага (пачатак XVII ст.); рыцарскія раманы і аповесці, напрыклад: «Аповесць аб Трыстане» (каля 1580 г.), «Гісторыя аб Атыле» (каля 1580 г.)), помнікі рэлігійнага зместу (пераклады асобных кніг Свяшчэннага Пісання, напрыклад: Біблія ў перакладзе Францыска Скарыны, пераклад Евангелля Васіля Цяпінскага каля 1580 г.; «Чэцця» (1489), перапісаная пісарам Бярозкам з-пад Навагрудка; катэхізісы, напрыклад: «Катэхізіс» Сымона Буднага (1562); агіяграфічныя творы, напрыклад: «Жыціе Аляксея, чалавека божага» (канец XV ст.) і інш. У слоўнік быў уключаны і лексічны матэрыял з самых ранніх лексіконаў старабеларускай мовы пад аўтарствам Лаўрэнція Зізанія (1596) і Памвы Бярынды (1653).

У 37 выпусках «Гістарычнага слоўніка беларускай мовы» лекскікаграфічную апрацоўку атрымалі звыш 75 тысяч слоў. У першым выпуску маецца грунтоўная прадмова ініцыятара падрыхтоўкі слоўніка і галоўнага рэдактара першых чатырнаццаці выпускаў А. І. Жураўскага, у якой дадзена агульная характарыстыка слоўніка, абгрунтаваны яго храналагічныя межы і выбар крыніц. Як вядома, на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага было створана шмат пісьмовых помнікаў на розных мовах, таму асаблівая ўвага скіроўвалася на адмежаванне помнікаў, напісаных на старабеларускай мове, ад помнікаў, у якіх пераважала царкоўнаславянская або польская моўная стыхія.

Пасля стварэння картатэкі, над якой на працягу звыш дзесяці гадоў працаваў сектар гісторыі беларускай мовы Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа, А. І. Жураўскім была выпрацавана канцэпцыя будучага лексікаграфічнага даведніка: вызначаны крытэрыі размежавання фанетычных, марфалагічных, словаўтваральных варыянтаў загаловачных лексем, спосабы тлумачэння слоў, прынцыпы падачы ілюстрацыйнага матэрыялу.

Слоўнікавы артыкул у «Гістарычным слоўніку беларускай мовы» складаецца з загаловачнага слова, указання на яго граматычную характарыстыку, тлумачэння яго значэння / значэнняў: для гэтага мог падбірацца адпаведны лексічны эквівалент сучаснай беларускай мовы да старажытнага слова, мог падавацца сінанімічны рад або разгорнутае тлумачэнне, калі гаворка ішла пра прадметы, рэаліі ці паняцці, якія выйшлі з ужытку, напрыклад:

Тимецъ, цимецъ наз. Дублёная скура (ГСБМ, вып. 33, с. 304);

Типография наз. Друкарня (ГСБМ, вып. 33, с. 305).

Кожны слоўнікавы артыкул суправаджаецца тэкставымі ілюстрацыямі. Укладальнікі слоўніка імкнуліся паказаць увесь магчымы спектр ужывальнасці той ці іншай лексемы ў помніках старабеларускай пісьменнасці. Напрыклад, калі параўнаць тры слоўнікавыя артыкулы з 32-га выпуску, то становіцца відавочна, што ўжывальнасць лексемы смысление з царкоўнаславянскім словаўтваральным фармантам абмежавана помнікамі рэлігійнага і свецкага зместу, аднакарэннае прыслоўе смыслено ўжывалася толькі ў рэлігійных тэкстах ранняга перыяду развіцця старабеларускай мовы, а лексема смысленость адзначана толькі ў тэксце дзелавога характару:

Смысление, смышление наз. Дзеянне па дзеясл. смыслити ў 1 знач. онъ наполневалъ домы их добра, тако во смысление далеко буди wт мене (Скар. I К, 28б); смышленiеж w щедрости традно ест а w скоупости легко ест (Арыст., 140); рwдъ uбо суще божiи, не должни есмо непщевати, злату и срhбрю или каменiю начертанiю хитрости и смышлению чëка, Бога быти подобна (Будны, 12); Смыслъ: Смышленiе, ростропность (Бяр., 152).

Смыслено, смышлене прысл. Разумна, разважлiва. послuшаите брат вhрнии хрсть не смыслено и разuмно (Чэцця, 288); имs же далъ ест гсдь мудрость и наuку абы uмели смышs лене делати еже к потребамъ святыни надобна суть (Скар. КI , 67б—68). Параўн. смыслне.

 Смысленость наз. Тое, што i смысльность. для того смысленостью рады уставено естъ, абы безрадствомъ и невъставичъностью речей, которыи жъ ся имуть напотомъ деяти, шкоды бы не было (КЗ, 783, 1499).

Такі падыход вельмі важны для будучых лінгвістычных даследаванняў, паколькі ў слоўніку ўжо маецца інфармацыя аб ступені ўжывання той ці іншай лексемы, аб прысутнасці яе ў помніках рознага жанравага напаўнення, аб часе функцыянавання гэтай лексемы ў мове старабеларускай пісьменнасці. Над слоўнікам на працягу ўсяго перыяду яго стварэння працавалі высокакваліфікаваныя распрацоўшчыкі, якія складалі эфектыўную творчую групу, добра ведалі сваю справу і былі зацікаўлены ў яе выніках.

«Гістарычны слоўнік беларускай мовы» — неабходная лексікаграфічная крыніца для вырашэння актуальных пытанняў гістарычнай лексікалогіі, этымалогіі, для правядзення параўнальна-супастаўляльных даследаванняў славянскіх і неславянскіх моў. Ён утрымлівае неабходныя намінацыйныя сродкі для пісьменнікаў, чые творчыя інтарэсы звязаны з узнаўленнем гістарычнага каларыту мінулых стагоддзяў. Слоўнік запатрабаваны пры выкладанні дысцыплін гісторыка-лінгвістычнай накіраванасці ў вышэйшых і сярэдніх навучальных установах Беларусі; пры падрыхтоўцы да выдання старажытных помнікаў розных жанраў, пры іх апрацоўцы, каментаванні і перакладзе на сучасныя мовы, а таксама ў дзейнасці па захаванні нацыянальнай кніжнай спадчыны.

Іван САВЕРЧАНКА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.