Вы тут

Як пошукавы клуб «Віккру» знаходзіць загінулых падчас вайны


Аперзводкі, баявыя загады, данясенні — гэтыя ўнікальныя дакументы аб баявых дзеяннях 388-га стралковага і 601-га гаўбічнага артылерыйскага палкоў у ліпені 41-га пры абароне Магілёва ўпершыню за пасляваенны час сталі вядомы шырокай аўдыторыі. Іх знайшоў у архіве Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі магілёўскі пошукавік і ваенны пісьменнік Мікалай Барысенка. Цяпер яны размешчаны ў адзіным на ўсю краіну выданні — «Пошукавым весніку», які стварае пры фінансавай дапамозе Магілёўскага аблвыканкама абласны гісторыка-патрыятычны пошукавы клуб «Віккру». А яшчэ тут шмат новай, упершыню агучанай інфармацыі пра тых, хто ваяваў і вярнуўся з вайны або знік без вестак, пакутаваў у нямецкім палоне, набліжаў Перамогу ў тыле. Кожная новая інфармацыя мае вялікую каштоўнасць. Яна як пазл у вялікай карціне, без якога тая ніколі не будзе поўнай.


300 старонак праўды пра вайну

Прэзентацыя адбылася ў абласной бібліятэцы імя Леніна. У ёй прынялі ўдзел шматлікія аўтары публікацый — гісторыкі, пісьменнікі, навукоўцы, педагогі, журналісты, музейныя работнікі, пошукавікі і нават навучэнцы — усе тыя, каму неабыякавыя лёсы людзей, па якіх праехала цяжкае кола вайны. Сярод матэрыялаў ёсць артыкулы са старонак нашай газеты.

Знамянальна, што сёлета клуб «Віккру» адзначае чвэрць стагоддзя свайго існавання. За гэты перыяд яго байцамі паднята каля 1200 астанкаў чырвонаармейцаў і камандзіраў, адноўлены імёны 78 з іх. Сёння ў клуб уваходзяць 14 пошукавых груп і атрадаў, якія дзейнічаюць на тэрыторыі Магілёўшчыны. І «Пошукавы веснік» — гэта своеасаблівая справаздача яго дзейнасці. У апошні зборнік увайшлі вынікі работы клуба за мінулы год.

Выданне не абмяжоўваецца звесткамі аб адной Вялікай Айчыннай вайне. Тут ёсць інфармацыя пра дзеянні польскіх легіянераў Доўбар-Мусніцкага на тэрыторыі Магілёўшчыны падчас Першай сусветнай вайны, цікавыя факты пра Друцкі лагер, дзе праходзілі палітычную і баявую падрыхтоўку ў 20-я гады мінулага стагоддзя чырвонаармейцы і савецкія камандзіры, успаміны сведкаў пра канцэнтрацыйны лагер ваеннапалонных у Крычаве, падрабязнасці пра напаўзабытых герояў абароны і вызвалення Магілёва, адкрыцці, звязаныя з дзейнасцю легендарнага батальёна міліцыі капітана Канстанціна Уладзімірава, адноўленыя імёны тых, хто лічыўся зніклым без вестак, і яшчэ шмат чаго іншага — больш за 300 старонак карыснай і раней невядомай інфармацыі.

 

Вайна хаваецца ў акопах

Здавалася, што героі публікацый «Пошукавага весніка» сышлі з яго старонак. Навучэнцы магілёўскага каледжа мастацтваў, апранутыя ў салдацкія гімнасцёркі, нагадвалі тых, каму выпаў лёс змагацца за будучае вялікай краіны — такія ж маладыя і поўныя жыцця. Колькі іх не вярнулася і назаўсёды засталося маладымі, нават не падлічыць. І мы не маем права пра іх забыцца. Літаратурна-паэтычная кампазіцыя — гэта своеасаблівы рэквіем па іх.

— Пошукавая работа і наша выданне — гэта адзіны сёння сродак, які стаіць на пярэднім фронце барацьбы з бяспамяцтвам, які рэальна прыцягвае моладзь, — кажа кіраўнік магілёўскага абласнога гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба «Віккру» Мікалай Барысенка. — Гэта не нейкія разважалкі ў кніжках-мемуарах, а канкрэтная работа, адзінае, можна сказаць, жывое, што зараз робіцца па вайне. Тое, што сапраўды цікава моладзі, бо знаёмства адбываецца на мясцовасці — у акопах і траншэях. Нашы экспедыцыі — гэта вынік карпатлівай працы ў архівах, з базамі даных пошукавых сайтаў, стасункаў з пошукавікамі іншых краін. Мы спяшаемся схапіць як мага болей інфармацыі, каб ледакол вайны цалкам не пайшоў пад ваду. Шмат сцёртай інфармацыі, якую немагчыма прачытаць. І кожны новы факт, новае імя — гэта вырваная з небыцця інфармацыя, гэта рэальная навукова-даследчая работа па вайне, усё найноўшае, што ёсць на цяперашні час. Такога, каб мы дзесьці падглядзелі і сплагіяцілі, няма. А дакументы, якія ўвайшлі ў апошні зборнік, наогул ніхто не бачыў, акрамя некалькіх чалавек. Ветэраны вайны лічылі, што яны не захаваліся.

Вельмі важна высветліць ісціну, вярнуць героям не толькі імя, але і гонар. Адзін з матэрыялаў зборніка якраз аб гэтым. Даследаванне масквічоў Алены Макаравай і Аляксандра Мілюціна аднавіла добрае імя камандзіра 17-й стралковай дывізіі Пятра Казлова, ураджэнца Магілёўшчыны.

— Гэта вельмі важна, бо ён з ліку непрызнаных у савецкія гады камандзіраў, — кажа Мікалай Барысенка. — Увесь час лічылася, што лёс яго невядомы. Казлова абвінавачвалі ў тым, што ён супрацоўнічаў з немцамі. Сям'і героя таксама прыйшлося не салодка. Да іх ставіліся, як да родных здрадніка. У кастрычніку 41-га ён пры абароне Масквы трапіў у палон. Ніхто пра гэта не ведаў — ні вышэйстаячае камандаванне, ні яго дывізія. Немцы пераводзілі яго з лагера ў лагер, але ён не ішоў з імі на супрацоўніцтва. Наадварот, разам з таварышамі арганізаваў антыфашысцкае падполле. Іх раскрываюць і пераводзяць у лагер з вельмі жорсткім рэжымам. Там Пётр Казлоў гіне. Усе пасляваенныя гады  пра гэта не ведалі, думалі, што ён працаваў у школе «Абвера», рыхтаваў дыверсантаў для закіду ў наш тыл. Усё раскрылася пасля таго, як нашым калегам з Расіі пашчасціла зазірнуць у нямецкія дакументы. Там было выразна бачна, што ён не здраднік.

 

Тэмы для будучых публікацый

Сёння ідзе актыўная напрацоўка матэрыялаў для будучага «Пошукавага весніка». Байцы клуба «Віккру» працуюць разам з калегамі з 52-га асобага спецыяльнага пошукавага батальёна Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Пачатак палявым работам дала вахта памяці ў Магілёўскім раёне, дзе на месцы абарончых баёў амаль цалкам загінуў батальён капітана Канстанціна Уладзімірава. Паднятыя астанкі 23 байцоў, у тым ліку аднаго міліцыянера. Яго імя ўстаноўлена па знойдзеных пры ім дакументах.

Толькі за дзень пошукавай экспедыцыі «Дняпроўскі рубеж» у Слаўгарадскім раёне атрымалася знайсці ў адзіночных акопах і варонках ад бомбаў астанкі 11 чырвонаармейцаў і камандзіраў. Па фрагментах амуніцыі высветлілі, што ўсе яны загінулі летам 1941 года. Па фрагментах пасведчання Асаавіяхіма «Варашылаўскі стралок» устаноўлена імя радавога — Нурмухамеда Магдзеева, 1915 года нараджэння, ураджэнца Казахскай ССР, які быў прызваны на службу ў Чырвоную Армію 7 лютага 1940 года. Да прызыву жыў у горадзе Аральску, разам з маці. Апошні ліст ад сына яна атрымала 10 ліпеня 1941 года. Да гэтага часу радавы Нурмухамед Магдзееў лічыўся зніклым без вестак. Яго астанкі былі знойдзены на глыбіні паўметра на лясной дарозе, па якой у апошнія гады вазілі лес цяжкія лесавозы.

— Нурмухамед Магдзееў ураджэнец Кзылардзінскай вобласці, але па нацыянальнасці ён і ўся яго сям'я — татары, — удакладняе Мікалай Барысенка. — На наступны дзень пасля таго, як мы паведамілі родным пра знаходку, на месца раскопак прыехаў яго пляменнік Хаміт Магдзееў. Ён жыве ў Калужскай вобласці.

Імя яшчэ аднаго чырвонаармейца Андрэя Музыкі было ўстаноўлена падчас пошукавай экспедыцыі ў Быхаўскім раёне. Ён загінуў у ліпені 1941 года. Баец нарадзіўся ў 1914 годзе ў Палтаўскай вобласці, Абалонскім раёне. З вайны яго чакала жонка Таццяна. Цяпер вядзецца пошук родных радавога Андрэя Музыкі.

У Быхаўскім раёне палявыя работы праводзіліся на тэрыторыі Чырвонаслабодскага і Лудчыцкага сельскіх Саветаў — месцах баёў 102-й, 151-й і 380-й стралковых дывізій. За дзень раскопак было знойдзена дзевяць пахаванняў воінаў Чырвонай Арміі, дзе ляжалі астанкі 14 савецкіх салдат. Пры іх пошукавікі знайшлі пяць салдацкіх медальёнаў, а пры адным з байцоў — фрагменты асабістых дакументаў. Зараз усё гэта на экспертызе.

— Найбольш вызначыліся ў пошукавых работах у Слаўгарадскім і Быхаўскім раёнах Павел Кончыкаў, Аляксандр Халееў, Ілья Трыханаў, Сяргей Каралёў, Яўген Бацанаў, Анатоль Даронін, Аляксей Міроненка, Сяргей Якубовіч, Віктар Храмянкоў і Дзмітрый Паклонскі, — адзначае Мікалай Барысенка. — А наперадзе яшчэ шмат работы. Адзін з аб'ектаў нашых пошукаў — самалёт у Клічаве. Работы шмат. Мы ведаем — загінулыя чакаюць нас. І мы ідзём да іх! Ідзём... Чакайце нас, хлопцы! Мы вас знойдзем!

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота Святланы БАРЫСЕНКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».