Вы тут

Што ядуць хрушчы?


Басавітае гудзенне хрушчоў напаўняе цёплыя вясновыя вечары і служыць добрым знакам. Хрушч паляцеў — значыць, яснае надвор'е ўсталявалася надоўга. Але для садаводаў гудзенне насякомых служыць сігналам трывогі. Таму што ядуць хрушчы маладую лістоту, аддаючы перавагу сліве, яблыні і іншым пладовым дрэвам. У краінах Еўропы майскі жук, ён жа хрушч, лічыцца адным з самых злосных шкоднікаў садоў.


Экскурс у гісторыю

У большасці нашых сучаснікаў майскі жук выклікае сімпатыю, але стаўленне чалавека да гэтай казюркі далёка не заўсёды было дабрадушным. І ўсё праз харчовыя прыхільнасці хрушча і яго лічынкі.

Францыя і Германія вельмі моцна цярпелі ад масавых успышак размнажэння хрушча, якія ўзнікаюць з перыядычнасцю раз на чатыры гады, а асабліва інтэнсіўныя — раз на 30 гадоў. Насякомых было столькі, што ўжо ў чэрвені лясы стаялі голыя, галодныя хрушчы аб'ядалі нават кару на маладых парастках. Жукі, звычайна пераборлівыя ў ежы, накідваліся не толькі на ліставыя дрэвы, але і на іглічныя, пакідаючы сосны і елкі без пупышак. У абсалютна бязветраны дзень трава на поплавах уздрыгвала і калыхалася: пад зямлёй мірыяды лічынак жэрлі карані, прагна тузаючы іх магутнымі сківіцамі...

Майскі жук тэрарызаваў Еўропу аж да 50-х XX стагоддзя. Былі перапрабаваны разнастайныя спосабы, але безвынікова. Разгулу шкоднікаў паклала канец толькі вынаходніцтва пестыцыдаў.

Доўгае жыццё майскага жука

Хрушчоў можна назваць доўгажыхарамі сярод насякомых. На самай справе, дарослае насякомае жыве ад сілы паўтара месяца, затое яго лічынка праводзіць пад зямлёй ад трох да пяці гадоў. За гэты час яна некалькі разоў ліняе і вырастае з малюсенькага напаўпразрыстага чарвячка ва ўкормленага чарвяка даўжынёй з палец.

Спачатку лічынка есць тое, што знаходзіцца побач і што змогуць перамалоць яе пакуль яшчэ слабыя сківіцы. У першы год жыцця яна не шкодзіць раслінам, а наадварот, удзельнічае ў глебаўтварэнні, як дажджавы чарвяк.

Зімаваць лічынка закопваецца ў глыбокія пласты глебы, ніжэй пункта прамярзання. У другі год і пазней яна ўжо выбірае ежу, якая даспадобы, калі па кутах рота адрастаюць шчупікі, якія служаць органамі дотыку. Лічынка аддае перавагу караням травы, а калі трапляюцца іглічныя сеянцы, аб'ядае іх дачыста. Лесаводы не любяць хрушчоў, таму што яны робяць шкоду ў лясах і літаральна выкошваюць цэлыя градкі ў гадавальніках, спрытна перабіраючыся на глыбіні 5—10 сантыметраў ад расліны да расліны. Асабліва дастаецца соснам.

Жывучы ў цемры, лічынка не мае патрэбы ў зроку, але мае выдатны нюх — яна здольная ўчуць ласунак праз пласт глебы ў метр і больш. Прыцягваюць яе морква, буракі і іншыя караняплоды. Бульбу хрушчы любяць значна менш, чым іх «паплечнік» з арміі шкоднікаў — драцянік, але калі на шляху пападаецца бульбіна, яны спыняюцца і робяць вялікі надкус клубняў.

Перазімаваўшы тры зімы, лічынка хаваецца глыбей і акукліваецца, збудаваўшы папярэдне круглую камеру — калыску.

Жук выходзіць з кукалкі ў пачатку восені, але на сонейка не спяшаецца, а зімуе ў глебе. Зрэшты, цёплай восенню некаторыя жукі таксама з'яўляюцца на свет белы. Палётаюць некалькі дзён і, зразумеўшы сваю памылку, закопваюцца назад. Пярэднія лапкі хрушча аснашчаны зубчыкамі і прыстасаваныя капаць.

Вылет хрушчоў супадае з распусканнем тых парод дрэў, на якіх яны харчуюцца. У нашай паласе гэта дуб, семачкавыя і костачкавыя, клён, ляшчына. Жукі актыўныя ўвечары, у сухое надвор'е. Калі за ноч не выпала раса, лётаюць і на світанні. Яны шукаюць пупышкі, якія распускаюцца, і клейкія маладыя лісточкі. Пашкоджаны парастак пазбаўляецца пункта росту, а на пладовых ужо не будзе ўраджаю, бо завязі з'едзеныя. У глыб лесу хрушчы залазяць не далей за сто метраў, аддаючы перавагу ўзлескам і дрэвам, якія растуць асобна. Адначасова адбываюцца шлюбныя гульні і спарванне.

Самка хрушча адшуквае месцы з лёгкай глебай, багатай перагноем. Яна закопваецца ў зямлю на 10—20 сантыметраў і адкладае порцыю яек, а затым вяртаецца ў кроны, аднаўляе сілы далікатнымі лісточкамі і прымае заляцанні самцоў. Пладавітасць хрушчоў — 60—90 яек. Наступная кладка робіцца прыкладна праз тыдзень у тым жа месцы, што і першая, за ёй — яшчэ адна-дзве. Адклаўшы апошнія яйкі, самачка гіне побач з імі, у зямлі. А самцы знікаюць яшчэ раней.

Метады барацьбы

Сучасныя метады барацьбы накіраваны на тое, каб не даць лічынцы вырасці. Глебу шматкроць рыхляць, пашкоджваючы лічынкі. Дарослых насякомых абтрасаюць з дрэў ударамі па ствале. Рабіць гэта лепш у пачатку дня — жук у гэты час млявы, чапляецца за галінкі слаба і не паспявае своечасова паляцець.

Найбольш перспектыўныя біялагічныя спосабы барацьбы — папуляцыю хрушча заражаюць спецыфічнай хваробай, бясшкоднай для іншых насякомых і чалавека. Выкарыстоўваюцца патагенныя грыбкі і бактэрыі, якіх адкрыта каля 150 відаў.

У гаспадарцы спатрэбіцца...

Лічынкам майскага жука заўсёды рады рыбаловы. Гэтая прынада далёка прыкметная ў вадзе і асабліва прыцягвае галаўня. Для падлёднай лоўлі іх збіраюць у канцы лета і садзяць у вялікую ёмістасць, напоўненую пілавіннем або пяском. Захоўваюць посуд з лічынкамі ў склепе, падкормліваюць іх морквай, а яшчэ лепш — тварагом, ад якога яны становяцца белымі і пругкімі. Пры такім доглядзе хрушчы лёгка дажываюць да вясны.

Знойдзеных на агародзе лічынак можна скарміць курам, індыкам, цацаркам.

Каб майскі жук не размнажаўся на прысядзібным участку, варта высадзіць лубін. Гэтая расліна адпуджвае хрушча і адначасова ўзбагачае глебу азотам. Падобны эфект дае і календула.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».