04 снежня, пятніца

Вы тут

Запрацаваў ваенна-патрыятычны летнік «Патрыёт»


У 103-й асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгадзе, якая дыслакуецца ў Віцебску, школьнікі цікава праводзяць лета. Тут у панядзелак запрацаваў ваенна-патрыятычны летнік «Патрыёт». Штодня хлопчыкаў і дзяўчынак, самым маленькім з якіх па 12 гадоў, чакаюць афіцэры і салдаты, каб з карысцю правесці час разам. Маленькіх гасцей вучаць таму ж, чаму дэсантнікаў, якія праходзяць тэрміновую службу. Напрыклад, школьнікі могуць паспрабаваць сабраць парашут. Іх навучаць адпрацоўваць на зямлі дзеянні парашутыста ў небе, у тым ліку падчас няштатных сітуацый, маскіраваць тэхніку і рабіць шмат чаго іншага. Карэспандэнт «Звязды» прыйшоў на адкрыццё першай лагернай змены.


Сёлета лагеру ваенна-патрыятычнага профілю «Патрыёт» дзесяць гадоў. Дзякуючы віцебскім гвардзейцам тысячы юных гараджан «прайшлі армейскую школу», не скончыўшы яшчэ і звычайную. І многія з іх пасля звязалі свой лёс са службай у арміі, у радах МНС, у ахове парадку.

Падчас кожнай змены, а іх запланавана тры, у летніку адпачне каля 200 дзяцей, у тым ліку і тых, хто знаходзіцца на розных відах прафілактычнага ўліку, а таксама са шматдзетных і малазабяспечаных сем'яў. Усе яны займаюцца ў розных гуртках Віцебскага гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Калі падчас доўгіх летніх канікул дзеці застаюцца ў горадзе, на працягу каля трох тыдняў яны могуць адчуць сябе пачаткоўцамі ў арміі.

У летніку дзятва праходзіць імправізаваны курс маладога байца. Ваеннаслужачыя вучаць іх запраўляць ложак, разбіраць і збіраць аўтамат, арганізуюць заняткі ў паветрана-дэсантным комплексе, праводзяць урокі ў камп'ютарным класе. Тут жа вучаць прыцэльвацца і страляць па мішэнях.

Школьнікі наведаюць ваенны музей, дзе будуць паказвацца фільмы ваенна-патрыятычнай тэматыкі. З дзецьмі сустрэнецца і святар царквы, якая знаходзіцца на тэрыторыі брыгады. Кожны дзень з раніцы да дзвюх гадзін дня будзе насычаны мерапрыемствамі.

Змена ў летніку пачалася цырымоніяй падняцця Дзяржаўнага сцяга, што даверылі зрабіць юным віцяблянам. Выступіў ваенны духавы аркестр, разведчыкі паказалі клас падрыхтоўкі: хлопцы разбівалі пліты, не баяліся ляжаць на цвіках, шкле, а адзін з вайскоўцаў падняў парту зубамі.

Школьнікам паказалі казармы, дзе жывуць ваеннаслужачыя, дазволілі выпрабаваць сябе ў ролі днявальных. Дзеці дакрануліся да вайсковых будняў і акунуліся ў жыццё адной з самых элітных армейскіх брыгад на тэрыторыі Еўропы. Тут служаць найлепшыя з найлепшых.

Паводле слоў намесніка камандзіра па ідэалагічнай рабоце 103-й асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады гвардыі падпалкоўніка Дзяніса Крывянцова, падчас работы летніка ўлічваецца ўзрост часовых «байцоў». Заняткі праводзяцца ў забаўляльнай форме, каб дзецям было цікава і яны не стамляліся. Але лагерная змена вельмі карысная, бо навыкі праз некалькі гадоў спатрэбяцца хлопчыкам — будучым салдатам. Ды і дзяўчаты-кантрактніцы сёння не рэдкасць у арміі.

У размове дзеці эмацыянальна дзяліліся ўражаннямі. Некаторыя ў летніку бавяць час ужо не першы год, і гэта ім не надакучыла. Расказвалі хлопчыкі і дзяўчынкі і пра сваякоў, якія служылі і ваявалі ў гады Вялікай Айчыннай і ў Афганістане.

Як паведаміла начальнік аздараўленчага лагера ваенна-патрыятычнага профілю «Патрыёт» Анжаліка Паўленка, супрацоўніцтва з ваеннымі вядзецца пастаянна. І не толькі летам.

У прыватнасці, за апошнія некалькі гадоў у розных мерапрыемствах удзельнічала каля тысячы вучняў і наведвальнікаў гурткоў па інтарэсах. Арганізоўваліся канцэртныя праграмы, спартыўныя спаборніцтвы, творчыя конкурсы, прэзентацыі навукова-практычных работ на ваенную тэматыку, выстаўкі дзіцячай тэхнічнай творчасці... На ўсе мерапрыемствы запрашаюцца прадстаўнікі ваеннага камісарыята, прадстаўнікі ДТСААФ, ветэраны Узброеных сіл.

Усе воінскія фарміраванні стараюцца як мага больш актыўна супрацоўнічаць з установамі адукацыі. У віцебскіх вайскоўцаў гэта атрымліваецца  плённа.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Загаловак у газеце: Лета патрыётаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Мiтрапалiт Веньямiн: Нам усiм неабходна прасiць у Бога мудрасцi i разважлiвасцi

Мiтрапалiт Веньямiн: Нам усiм неабходна прасiць у Бога мудрасцi i разважлiвасцi

Патрыяршы экзарх падзялiўся сваiмi думкамi пра асаблiвасцi i сапраўдную небяспеку сённяшняга часу.

Грамадства

Міністр ЖКГ Андрэй Хмель: Спажыўца паслугі трэба пачуць і зразумець

Міністр ЖКГ Андрэй Хмель: Спажыўца паслугі трэба пачуць і зразумець

Аб за­крыц­ці па­лі­го­наў, уплы­ве ка­ра­на­ві­ру­са, за­клі­ках да не­пла­ця­жу за ка­му­наль­ныя па­слу­гі і най­блі­жэй­шых перс­пек­ты­вах.

Грамадства

Ежа як лякарства. Што з'есці, каб стаць здаравейшым?

Ежа як лякарства. Што з'есці, каб стаць здаравейшым?

Мы вырашылі распытаць спецыяліста.  

Грамадства

Што хвалюе педагогаў?

Што хвалюе педагогаў?

​Якія крытэрыі робяць датэрміновую прафесійную пенсію — недасягальнай...