Вы тут

Бяспечны інтэрнэт для школьнікаў*


Як сфарміраваць у дзяцей навыкі бяспечных зносін у інтэрнэце? Як зрабіць такія зносіны максімальна карыснымі? Гэтыя пытанні бацькоў не застаюцца без адказаў. Дапамагае ім у гэтым Міністэрства адукацыі і кампанія МТС, якія днямі заключылі пагадненне аб супрацоўніцтве і працягваюць сумесныя праекты.

Пагадненне на 2019–2020 гады падпісалі ў прэс-цэнтры БЕЛТА першы намеснік міністра адукацыі Ірына Старавойтава і генеральны дырэктар кампаніі МТС Уладзімір Карповіч.


Этыкет, інтэрнэт-пісьменнасць і бяспека

Дарэчы, гэтае пагадненне партнёры змацоўваюць подпісамі ўжо чацвёрты раз. Па словах Ірыны Старавойтавай, супрацоўніцтва з МТС будуецца на прынцыпах доўгачасовасці і стабільнасці. Ужо не першы год рэалізуюцца разнастайныя праекты, якія дапамагаюць маладым людзям упэўнена пачувацца ў інтэрнэт-супольнасці. У тым ліку праводзіцца актыўная работа з педагогамі па фарміраванні адказных паводзін настаўнікаў у сацыяльных сетках, накіраваная на размежаванне прафесійнай і асабістай інфармацыі ў інтэрнэце. Асноўная тэма супрацоўніцтва дзвюх структур — навучанне школьнікаў сеткаваму этыкету, інтэрнэт-пісьменнасці, кібербяспецы.

«Сумесная ініцыятыва з Міністэрствам адукацыі дае магчымасць весці дыялог з дзецьмі, — адзначыў Уладзімір Карповіч. — Адна з формаў работы — інтэрактыўная экспазіцыя „Сусвет інтэрнэту“. Спадзяемся, што далейшае супрацоўніцтва з міністэрствам будзе такім жа эфектыўным, як і папярэднія гады».

Пачатак сацыяльна-адукацыйнаму супрацоўніцтву Мінадукацыі і МТС быў пакладзены ў 2016 годзе. За гэты час былі сумесна арганізаваны і атрымалі развіццё такія сацыяльна значныя праекты, як «Дзеці ў інтэрнэце», «Адказныя паводзіны настаўнікаў у сеціве», «ІT-лагер». Па праекце «Дзеці ў інтэрнэце» бяспечным паводзінам у сеціве ўжо навучана больш за 9 тысяч школьнікаў ва ўсіх абласцях краіны. Урокі сеткавага этыкету працягнуцца сёлета.

Летась праект трансфармаваўся ў навучальную інтэрактыўную выстаўку «Сусвет інтэрнэту», якая паспяхова працавала ў Мінску і Гомелі, дзе яе наведалі больш за 6 тысяч дзяцей.

Сучасныя канікулы і інавацыйныя праекты

Хутка выстаўка адкрыецца ў нацыянальным адукацыйна-аздараўленчым цэнтры «Зубраня». Больш за 4 тысячы беларускіх і замежных школьнікаў будуць вучыцца бяспечным паводзінам у інтэрнэце на летніх канікулах. А ў пачатку навучальнага года з выстаўкай пазнаёмяцца юныя жыхары Гродна.

Кіраўнік групы па сувязях з грамадскасцю кампаніі МТС Вікторыя Здзярская расказала, што інтэрактыўная выстаўка «Сусвет інтэрнэту», адкрытая летась у Нацыянальнай бібліятэцы, складаецца з некалькіх зон, якія паказваюць у гульнявым фармаце, як правільна паводзіць сябе ў сеціве, як развіваўся інтэрнэт, як абараняць свае гаджэты ад шкодных праграм.

Ужо стаў традыцыйным рэспубліканскі конкурс «Інфармацыйныя і мабільныя тэхналогіі для адукацыйнага працэсу» сярод старшакласнікаў і студэнтаў. За час яго правядзення там было прадстаўлена амаль 300 інавацыйных праектаў.

Новае развіццё атрымае праект «ІT-лагер»: сёлета ён будзе арганізаваны для выхаванцаў дамоў-інтэрнатаў Брэсцкай вобласці. Інтэнсіў па сучасных інфармацыйных тэхналогіях правядуць спецыялісты адукацыйнага цэнтра Парку высокіх тэхналогій. Працягнецца сумесная работа па фарміраванні адказных паводзін у інтэрнэце саміх педагагічных работнікаў, каб дапамагчы настаўнікам карэктна і без рызыкі для рэпутацыі мець зносіны з вучнямі ў інтэрнэце. За час існавання праекта такое навучанне прайшло амаль 900 педагогаў.

«Супрацоўніцтва Міністэрства адукацыі і МТС — выдатны прыклад дзяржаўна-прыватнага партнёрства ў рэалізацыі найважнейшых ініцыятыў у адукацыі. З дапамогай такіх сумесных праектаў па-за рамкамі школы мы можам вырашыць канкрэтную задачу — павысіць інтэрнэт-пісьменнасць падрастаючага пакалення і засцерагчы нашых дзяцей ад негатыўнага ўплыву тэхналогій», — адзначыла Ірына Старавойтава.

Сяргей КУРКАЧ, Вераніка ХІЛЬКЕВІЧ

УНП 80013732

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як грэцца, каб не загарэцца?

Як грэцца, каб не загарэцца?

Разам з МНС разбіраемся ў нюансах пячнога ацяплення.

Рэгіёны

Чым прывабіць людзей да вёскі?

Чым прывабіць людзей да вёскі?

Месца для працавітых і смелых.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Блізнятаў падзеі на гэтым тыдні складуцца на іх карысць.