Сёлета ў Віцебскай вобласці для рэалізацыі інвестыцыйных праектаў неабходна прыцягнуць больш за 81 мільён долараў. Аблвыканкамам сфарміраваны пералік асноўных арганізацый, якія прыцягваюць прамыя замежныя інвестыцыі на чыстай аснове. На жаль, у першым квартале адпаведны план не выкананы: замест 20 мільёнаў долараў прыцягнулі «ў абарот» 15. Але, як падкрэслівае губернатар Мікалай Шарснёў, ёсць рэзерв, улічваючы патэнцыял, які не выкарыстоўваецца. Проста з інвестарамі трэба ўмець размаўляць, каб зацікавіць укласці грошы ў канкрэтныя праекты.
Бадай, самы грандыёзны праект на Віцебшчыне — у Мёрскім раёне. Там з удзелам замежных інвестыцый сёлета працягваецца будаўніцтва завода па вытворчасці металічнага ліста і белай бляхі. Паралельна ў раёне вырашылі займацца лячэннем і рэабілітацыяй замежнікаў з праблемамі сэрца і не толькі.
Губернатар лічыць: каб у кожным раёне меліся такія інвестары, пытанняў з развіццём, вырашэннем сацыяльных праблем, выплатай годнай зарплаты даўно б не было. Па некаторых ацэнках, памер інвестыцый у Мёршчыну — да 300 мільёнаў долараў. У Талачынскім раёне атрымае развіццё вытворчасць труб з паліпластыку. А ў Полацкім раёне працягваюць узводзіць дрэваапрацоўчы завод з выкарыстаннем высокатэхналагічнага абсталявання.
Канешне, ва ўсіх на слыху рэалізацыя буйнога інвестыцыйнага праекта ў Аршанскім раёне. Там, у гарадскім пасёлку Балбасава, будуецца мультымадальны прамыслова-лагістычны комплекс. Добрых прыкладаў паспяховай дзейнасці інвестараў на поўначы краіны ўсё больш. У прыватнасці, у Дубровенскім раёне на мяжы з Расійскай Федэрацыяй вясной мінулага года літаральна ў чыстым полі адкрылася найбуйнейшае ў Беларусі казіно з гатэлем. Расійскія інвестары «з нуля» зрабілі гэты аб'ект і месцам, дзе выступаюць, адпачываюць зоркі. Сотні жыхароў Дубровеншчыны, а таксама суседняга Аршанскага раёна і Віцебска атрымалі рабочыя месцы. Заробкі вельмі прыстойныя, падаткі ад дзейнасці казіно значна падмацоўваюць мясцовы бюджэт.
У Гарадоцкім раёне паспяхова дзейнічае расійская сельскагаспадарчая кампанія «Канцэрн «Дзецкасельскі». Фірма інвеставала ў малочную жывёлагадоўлю. Каля дзесяці гадоў таму тут запрацаваў першы комплекс, потым пабудавалі другі... Праблем са збытам малака няма. Заробкі ў самых старанных даярак даўно ўжо больш за 500 умоўных адзінак. Але, як падкрэслілі ў аддзеле кадраў прадпрыемства, лянівых супрацоўнікаў тут наогул няма. На жаль, кадры ў дэфіцыце.
На Расоншчыне, бадай, адным з самых экалагічна чыстых раёнаў Беларусі, расійскія інвестары некалькі гадоў таму выкупілі некалькі аб'ектаў для арганізацыі турызму. Тут і ў савецкі час не была развіта прамысловасць, затое шмат лясоў, таму, лічыцца, нават паветра лечыць. У раёне два ландшафтныя заказнікі рэспубліканскага значэння — «Сіньша» і «Чырвоны Бор». На тэрыторыі першага — каскад азёр, злучаных паміж сабой ракой Дрысай. На воднай роўнядзі аднаго з азёр заказніка расце рэліктавая расліна чылім, або вадзяны арэх. І гэты факт вабіць прыезджых. Усё больш іншаземцаў цікавіць магчымасць развіцця ў раёне менавіта аздараўленчага турызму.
У раёнах, дзе адкрываецца новая вытворчасць, нярэдка праводзяцца выязныя пасяджэнні прэзідыума абласнога Савета дэпутатаў. Старшыня прадстаўнічага органа мясцовай улады Уладзімір Цярэнцьеў падкрэслівае неабходнасць пераймаць вопыт, дзяліцца напрацаванымі метадамі і спосабамі ў выкарыстанні нерухомасці і ў іншых кірунках.
Тое, што на Віцебшчыне трэба больш актыўна прыцягваць прамыя замежныя інвестыцыі, не раз агучваў спікер парламента. Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзімір Андрэйчанка на адным з пасяджэнняў аблвыканкама падкрэсліў, што летась паўночная вобласць краіны адзіная не выканала адпаведнае заданне. Кіраўнік ніжняй палаты парламента ўпэўнены, што менавіта прыцягненне інвестыцый — «барометр» таго, як развіваецца вобласць, раён...
Дарэчы, практыка паказвае, што, калі ў мясцовай улады добрыя стасункі з тутэйшымі дзелавымі коламі, падтрымліваюцца як пачаткоўцы, так і сталыя прадпрымальнікі, апошнія самі «прыводзяць» інвестараў. Таму разняволенне дзелавой ініцыятывы мае вялікае значэнне ў гэтым працэсе.
На месцах адказным асобам трэба разумець, што, па сутнасці, калі бізнесмены сумленна працуюць, то выконваюць фактычна дзяржаўныя задачы. Сярод іншага яны спрыяюць напаўненню бюджэту, стварэнню новых вытворчасцяў і рабочых месцаў, добраўпарадкаванню і гэтак далей.
Аляксандр ПУКШАНСКІ
Набор на бюджэтныя месцы павялічыцца.
Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?
Не выявіць ні секунды абыякавасці.