Вы тут

Фестываль «Маладзечна-2019» прайшоў у дзевятнаццаты раз


Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне даўно стаў брэндам Мінскай вобласці і з часам выйшаў на міжнародны ўзровень. Сёлета свята прайшло ў дзевятнаццаты раз. Прысвечанае яно Году малой радзімы і 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Дадам, што адметнасць гэтага фестывалю ў тым, што тут гучыць толькі жывая музыка. Карэспандэнт «Звязды» пабывала ў Маладзечне і акунулася ў атмасферу форуму.


На сцэне ў цэнтры Маладзечна выступалі прафесійныя і аматарскія калектывы.

На два дні, 7 і 8 чэрвеня, упрыгожаны, нібыта памаладзелы горад стаў адной вялікай сцэнічнай пляцоўкай. Даў старт фестывалю Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр пад кіраўніцтвам маэстра Фінберга. У канцэртнай зале Палаца культуры адбыўся трэці тур рэспубліканскага этапу конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні. Летась, дарэчы, Гран-пры імя Уладзіміра Мулявіна не прысуджалася. Сёлета ўладальніцай галоўнай узнагароды стала 18-гадовая Яна Мармыш.

Усяго падчас музычнага форуму жыхарам і гасцям горада было прадстаўлена больш за 20 мерапрыемстваў. Прычым яны былі разлічаны на людзей розных густаў і ўзростаў. Так, напрыклад, ветэраны вайны, людзі старэйшага пакалення акунуліся ў тыя страшныя і адначасова гераічныя ваенныя часы на канцэртнай праграме «Песні вайны». Найлепшыя кампазіцыі, напісаныя ў ваенны і пасляваенны перыяд, якія сталі па-сапраўднаму народнымі, выканалі для іх таленавітыя артысты Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга. Гэтыя творы нікога не пакінулі абыякавымі, на вачах многіх гледачоў былі слёзы. А ў выставачнай зале Палаца культуры Беларускі саюз жанчын прэзентаваў фотавыстаўку «Беларусь помніць. Жаночы твар Перамогі» і серыю кніг пра Вялікую Айчынную вайну. Нацыянальны гістарычны музей пазнаёміў наведвальнікаў з гісторыяй вызвалення краіны праз дакументы, франтавы жывапіс, графіку, ваенныя здымкі і газеты.

На працягу двух фестывальных дзён працавалі адкрытыя пляцоўкі на Цэнтральнай плошчы, вуліцы Прытыцкага, у гарадскім парку культуры і адпачынку імя Перамогі. Так, «Фестывальная талака» прапанавала гледачам выступленні творчых калектываў Маладзечанскага рэгіёна. На пляцоўцы «Фестывальная сядзіба» народныя майстры, умельцы горада і раёна прадставілі работы дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва.

У час запісу папулярнай аўтарскай праграмы  Навума Гальпяровіча «Суразмоўцы», які адбыўся на адной з фестывальных пляцовак.

Шмат людзей было на арт-фэсце «ЛянОК». У ім удзельнічалі прадпрыемствы льняной галіны з Маладзечна, Віцебскай, Мінскай, Гродзенскай абласцей, рамеснікі, дызайнеры. Падчас фэсту прайшла дэманстрацыя новых мадэляў адзення з беларускага лёну, была наладжана выстаўка-продаж вырабаў, аксесуараў з гэтай шаўкавістай расліны.

Сёмы абласны фестываль сямейнай творчасці «У добрым родзе ўсё ў згодзе» сабраў 26 калектываў з 14 раёнаў Міншчыны. Паказаць сваё майстэрства ў спевах, танцах, вырабе розных упрыгажэнняў, прадметаў быту прыехалі і маладыя сем'і, і дынастыі. Напрыклад, сямейны калектыў «Крона» з пасёлка Ракаў вядомы далёка за межамі Валожынскага раёна. У ім спяваюць сёстры, іх дзеці, унукі.

Мінскі абласны краязнаўчы музей запрасіў усіх ахвотных на выстаўку мастацкіх вырабаў «Гармонія шкла». Аўтары твораў Таццяна і Пётр Арцёмавы акунулі наведвальнікаў у чароўны свет шкла. Для аматараў цёплых сустрэч і задушэўных размоў трэці год запар ладзіцца праект «Асоба эпохі», дзе гераінямі становяцца жанчыны, якія зрабілі значны ўнёсак у развіццё айчыннага мастацтва. Гэтым разам прыхільнікі змаглі бліжэй пазнаёміцца з творчасцю заслужанай артысткі Беларусі спявачкі Надзеі Мікуліч, задаць ёй пытанні.

Для дзяцей і моладзі працавалі творчыя пляцоўкі «Тэрыторыя дзяцінства» і «Арт-старт». А канцэртная зала Маладзечанскай дзіцячай школы мастацтваў запрасіла ўсіх ахвотных на пляцоўку «Мой родны кут, як ты мне мілы», дзе можна было сустрэцца з любімымі беларускімі паэтамі, паслухаць у іх выкананні вершы.

Завяршэннем свята стаў вялікі юбілейны гала-канцэрт «Зорны карагод» на галоўнай пляцоўцы — летнім амфітэатры — Дзяржаўнага акадэмічнага ансамбля танца Беларусі пад кіраўніцтвам Валянціна Дудкевіча. У канцэрце таксама ўдзельнічалі артысты беларускай эстрады: Ірына Дарафеева, Алена Ланская, Аляксандр Саладуха, Юлія Быкава, ансамбль «Песняры» і іншыя. Лейтматыў мерапрыемства — творчая садружнасць ансамбля з найлепшымі выканаўцамі краіны, якая складаецца ў зорную повязь.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: «Зорны карагод», фэст «Лянок» і «Гармонія шкла»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.