Вы тут

Студэнцкая сям'я пра ўзаемаразуменне, сумесны быт і каханне


Даша і Кірыл БУТАРАВЫ — пераможцы сёлетняга рэспубліканскага конкурсу студэнцкіх сем'яў «Шчаслівыя разам». Мы сустрэліся з маладой парай за кубачкам гарбаты і паразмаўлялі пра ўзаемаразуменне, сумесны быт і, канешне, каханне.


Фота Рамана Руцкага

— Як жыццё сямейнае? — пытаюся ў Кірыла.

— Калі працуеш і вучышся, яно і незаўважна, — усміхаецца. — Позна прыйшоў дадому, павячэраў і спаць. Ранкам зноў за справы. Затое не паспяваем адно аднаму надакучыць!

— Пасля штампа ў пашпарце нічога не мяняецца. Адзінае, у мяне з'явіўся такі козыр, як фраза «Я ж твая жонка!». Праўда, рэдка ім карыстаюся — не працуе, — разводзіць рукамі Даша.

Яна родам з Бабруйска, бацькі Кірыла жывуць у Кіраўску. Так, паміж двума населенымі пунктамі, у загараднай кавярні, пара вяселле мінулым летам і адгуляла.

— Я прыйшоў з сябрам у суседні інтэрнат, дзе жыла Даша, гуляць у «Мафію». Апынуліся з ёй у адной кампаніі, пазнаёміліся, — успамінае Кірыл. — Пачуцці з'явіліся праз некалькі такіх сустрэч за гульнёй. Далей — кветкі, кіно, спатканні. Усё па класіцы.

— Кірыл зрабіў мне прапанову на мой дзень нараджэння. Амаль праз год пасля знаёмства, — расказвае дзяўчына. — Хваляваўся страшэнна! Цэлы дзень хадзіў сам не свой. Я не разумела, што не так, у чым справа? Выдыхнуў, павесялеў жаніх толькі пасля таго, як падарыў пярсцёнак.

— Не хваляваўся я, — аднекваецца хлопец. — Усё было пад кантролем. Пра свой намер я за пару месяцаў да дня «Х» сказаў бацькам. Яны маё рашэнне падтрымалі. Пярсцёнак купіў ранкам перад работай. Увечары ўручыў. Мама, памятаю, раіла паднесці ўсё арыгінальна. Маўляў, дзяўчаты такое любяць: скрыначку пабольш схаваць у меншую скрыначку і гэтак некалькі разоў. «Не, — думаю, — перабор».

Фота Ганны Занкавіч.

Сям'я студэнтаў вучыцца ў Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце. Кірыл — на чацвёртым курсе на інжынера па аўтаматызацыі, Даша — у магістратуры. Абое на бюджэтнай форме. Працуюць у прыватных кампаніях. Ён — намеснік начальніка аддзела продажаў, яна — інжынер-эколаг:

— Мне падабаецца мая прафесія. Я складаю экалагічную дакументацыю для прадпрыемстваў, у якіх няма сваіх спецыялістаў. Гэта цікава! Увогуле, экалагічная сфера сёння вельмі запатрабаваная.

— Што самае смачнае гатуе жонка?

— Пельмені варыць! Жартую, — бярэ паўзу Кірыл. — У яе ўсё добра атрымліваецца! Локшына са сметанковым соусам, курыцай і грыбамі ў Дашыным выкананні — незямная страва!

— Муж дапамагае мне па хатняй гаспадарцы. Чысціць бульбу, мые посуд, прыбіраецца ў пакоі, — хваліць суджанага Даша. — Мне з'даецца, што Кірыл наўмысна не раскрывае ўсе свае таленты, каб я не пачала яго ва ўсім эксплуатаваць па поўнай праграме!

Сям'я жыве ў інтэрнаце ад роднага ўніверсітэта. Пакой маладым выдзелілі адразу, як яны афіцыйна ўзялі шлюб.

— Хто ў вашай сям'і галоўны?

— Кірыл зараз скажа, што ён. Але ж я ведаю, што я, — смяецца Даша. — Калі сур'ёзна, то амаль усе рашэнні мы прымаем разам. Адказнасць трэба дзяліць. Дарэчы, гэтыя цукеркі нам падарылі на конкурсе, — частуе прысмакамі.

— Мы не вельмі любім сцэну. Удзел у мерапрыемстве такога маштабу — сапраўдны эксперымент для нашай сям'і. Першае месца — прыемная нечаканасць, — кажа Кірыл. — Увогуле, выходзіць з зоны камфорту часам карысна.

У спаборніцтве прынялі ўдзел пяць студэнцкіх сем'яў. Пары паказалі свае здольнасці ў спартыўным спаборніцтве, планавалі сямейны бюджэт, закуплялі прадукты для вячэры на вызначаную суму. Дзяўчаты гатавалі страву, а хлопцы сервіравалі стол. Сем'і прадставілі візітныя карткі, стыльныя famіly look, выступілі з творчымі нумарамі.

— Стол сервіраваць я, вядома, не ўмеў. Гара відэльцаў, шклянак, талерак, сурвэтак. Навошта столькі? Не ведаю дагэтуль! Але экспромт спрацаваў. Атрымалася нядрэнна, — успамінае пераможца.

Пара кажа, што з-за работы і вучобы вольнага часу ў будні амаль няма. На выхадных яны ходзяць у кіно, кавярню, сустракаюцца з сябрамі. Дзяцей пакуль не плануюць: «Усяму свой час». Кірыл і Даша хочуць застацца ў сталіцы. Тут, на думку сям'і, больш магчымасцяў для прафесійнага росту. А для амбіцыйных маладых людзей на гэтым этапе жыцця такое важна.

Кацярына АСМЫКОВІЧ

Загаловак у газеце: Сакрэты шчасця студэнцкай сям'і

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?