Вы тут

Наталля Батракова: Чытачы пішуць, што мае героі нібыта працуюць у суседнім офісе


З Наталляй Батраковай мы сустрэліся на адкрыцці абноўленай кнігарні «Светач», што на сталічным праспекце Пераможцаў, 11. Яна стала першым аўтарам, які зладзіў тут сваю прэзентацыю, пры гэтым адмысловая зала не змясціла ўсіх прыхільнікаў творчасці пісьменніцы. Былі тут і вядомыя беларускія асобы — вядучая Тамара Лісіцкая, спявачка Ірына Відава, пісьменнік Анатоль Бутэвіч і іншыя. Адразу пасля прэзентацыі, у 14 гадзін, адначасова ва ўсіх крамах «Белкнігі» пачаўся продаж новага выдання Наталлі «Бясконцасць кахання, бясконцасць суму...» — заключнай часткі дылогіі «Міг бясконцасці».

Прайшло крыху больш за 10 дзён са старту продажаў і... на складзе выдавецтва «Икселент» гэтых кніг больш не засталося: наклад у 4000 экзэмпляраў разышоўся. Ужо рыхтуецца дадатковы тыраж — яшчэ 2000 асобнікаў. Карэспандэнт «Звязды» пагутарыла з вядомай пісьменніцай пра сакрэт поспеху і пра тое, што яна лічыць самым важным у літаратуры.


— Спадарыня Наталля, вашы кнігі выдатна прадаюцца ў нашай краіне і за яе межамі, у тым ліку дзякуючы цудоўнаму літаратурнаму стылю. Раскажыце, дзе вучыліся пісьменніцкаму майстэрству?

— Я прыйшла ў літаратуру без спецыяльнай адукацыі. Але, пэўна, ужо была падрыхтаваная: мела ў галаве гісторыю, якую трэба было толькі выкласці, перанесці ў камп'ютар. Стылю ніхто не навучыць, калі няма хоць бы крышку таленту, уседлівасці і жадання. А далей — пастаянная работа над сабой. Натуральна, мая першая кніга была такім эмацыянальным выплескам. Менавіта з моўнага пункту гледжання і стылістычнага штосьці можна было б удасканаліць — цяпер у плане стылю яна атрымалася б на прыступку ці нават на дзве вышэйшай.

З кожнай новай кнігай я таксама вучуся, і гэты працэс бясконцы. А для таго каб пачаць пісаць — няважна, у якім узросце стартаваць (я даволі позна прыйшла ў літаратуру, першы раман выйшаў, калі мне было 38 гадоў), — трэба проста з дзяцінства вельмі шмат чытаць. Чытаць і напрацоўваць базу — і тады ў адзін момант вырашыць, які стыль і якая форма табе больш блізкія. Бо ёсць кароткая, ёсць доўгая форма: гэта як у спорце — ёсць марафонцы, ёсць спрынтары. Напрыклад, у кароткай форме хтосьці можа бліскуча напісаць апавяданне, эсэ, але ў яго не хопіць дыхання на доўгі раман, на гісторыю, якая пішацца гадамі. Як я, напрыклад, ніколі не здолею напісаць выдатную кароткую форму, бо мне ў ёй цесна. І да таго, і да іншага стаўлюся з павагай, але трэба выбраць уласную форму — і працаваць у ёй. Кніга сама па сабе з неба не зваліцца.

— Шмат хто марыць пра ўласнае выданне. Але да справы даходзяць не многія. Успомніце, як вы вырашылі, што ваша кніга павінна з'явіцца?

— Я села і пачала пісаць. Фантазія мяне прымушала пакутаваць, таму ў адзін цудоўны дзень я пачала выкладаць усё на паперу. На той момант быў надрукаваны першы, самы маленькі, зборнік вершаў (але я ўсё-такі лічу сябе празаікам, а не паэтам). Калі я напісала раздзел новага твора, я прыехала да Святланы Марозавай у выдавецтва «Кавалер» і папрасіла яго пачытаць — паклала ёй у шуфлядку, з надзеяй, што калі-небудзь зверне ўвагу. Яна ператэлефанавала праз пару дзён з воклічам станоўчага ўражання і перакананнем, што трэба працягваць пісаць.

Як і любому чалавеку, асабліва пачаткоўцу, пачуць такія словы — быццам атрымаць крылы за спінай. Атрымалася так, што адразу з'явіліся людзі, гатовыя надрукаваць мае працы. Яны зрабілі гэта, хоць ім і казалі, маўляў, звар'яцелі, ніхто не будзе чытаць невядомага аўтара. Тым больш у 2001—2002 гадах, калі кніга зазвычай выходзіла без рэкламы, выпускаліся хіба што флаеры. Аднак ёсць вялікая рэч, мацнейшая нават за сацыяльныя сеткі, — гэта сарафаннае радыё. І кніга разышлася, яна прадалася. Для мяне гэта таксама было важна. Я зразумела, што мая справа патрэбна не толькі мне, але і камусьці іншаму. А на сённяшні дзень гэта патрэбна тысячам чытачоў.

— Раскажыце, як практычна стваралі свае кнігі. Днём працавалі інжынерам у транспартнай кампаніі, а вечарамі пісалі?..

— Я пісала начамі. Дзесьці з 9-10 гадзін вечара — часам нават даводзілася сябе спыняць. Гэта цікава, калі ты выплёскваеш гісторыю, нашмат больш складана, калі ты, здаецца, яе завяршыў, але вяртаешся назад і пачынаеш перачытваць, дапрацоўваць. Вось тут часам робіцца жудасна: тры аднолькавыя словы на адной старонцы, бачна, калі ў пісанні былі часавыя перапынкі. Бо ў перапынках ты штосьці чытаеш, табе трапляецца кніга акурат з моцнай энергетыкай і стылістыкай, ты неспадзявана як бы ўнутрана пачынаеш штосьці капіраваць — і гэта таксама адчуваецца. У такіх выпадках, калі кімсьці вельмі моцна ўражаны, лепш зрабіць перапынак, а пасля працягнуць сваю працу.

— На сённяшні дзень пісьменніцтва — гэта ваша асноўная работа, з якой вы жывяце?

— Так, на мінулай я засталася кансультантам. Вядома, ёсць муж, які працуе. Але сваімі кнігамі на хлеб зарабіць я магу. Хоць беларускі рынак не надта вялікі. Тыражы, распрададзеныя ў Расіі, прынеслі мне нашмат большыя грошы. З голаду я дакладна не памру, і нават мае самыя першыя кнігі перавыдаваліся ўжо не адзін раз.

— Ці падтрымлівае муж тое, што вы займаецеся літаратурнай творчасцю?

— Першыя кнігі пабачылі свет толькі дзякуючы яму — гэта далей усё пайшло па накатанай. А напачатку, калі было шмат сумневаў, ён адкрываў рукапіс, вычытваў яго, закрываў і казаў, што трэба друкаваць і што гэта будуць чытаць. Безумоўна, такія словы былі вельмі важныя. Далей, калі я цалкам сышла ў пісьменніцтва, усёй сям'і было няпроста прыстасавацца. Бо калі ты застаешся дома, хатнія просяць зрабіць і тое, і гэтае. Аднак давялося мне іх прывучыць, а ім зразумець і прыняць, што, калі мама засталася дома, то мама не хатняя гаспадыня — яна працуе, піша кнігу. Напачатку быў такі стэрэатып — калі чалавек з'ехаў на работу, то ён працуе, а калі застаўся дома, ён, здаецца, свабодны. Але насамрэч гэта праца і поўнае пагружэнне — я нават выключаю тэлефон і закрываю сацсеткі.

— Ці сочыце вы за творчасцю сучасных беларускіх аўтараў?

— Зараз чытаю рукапіс Віталя Радчанкі — можна сказаць, гэта малады аўтар, выходзіць толькі другая яго кніга. Знаёмілася з рукапісам Алены Занкавец — наколькі магу, дапамагаю пачаткоўцам парадай. Таксама чытаю Тамару Лісіцкую, Віктара Марціновіча. Не магу сказаць, што актыўна сачу за творчасцю беларускіх аўтараў, бо калі працуеш над уласным творам, лепш увогуле нікога не чытаць, гэта расканцэнтруе. А ў цэлым пэўныя навінкі я адсочваю. Любімы аўтар з мінулага — Уладзімір Караткевіч. А на сённяшні дзень я жыву па прынцыпе: не ствары сабе куміра. Новыя выданні ацэньваю толькі як чытач. Пэўную кнігу адкрываю — і ўваходжу ў хвалю, я яе разумею і прымаю. А вось іншая кніга — проста не мая, тэма чужая. Хоць гэта не азначае, што праз год яна не падасца мне цікавай — такое бывае.

— Вы чытаеце, параўноўваеце сябе з іншымі, назіраеце. У чым усё-такі сакрэт вашага поспеху? Можа, штосьці для сябе самой пра сябе вы зразумелі?

— Я не падладжваюся пад свайго чытача, не заігрываю з ім. І першую кнігу я хутчэй пачынала пісаць для сябе. Бо злавіла сябе на думцы, што чытаю штосьці, а не адчуваю такіх эмоцый, якія, напрыклад, былі ў юнацтве ад кніг «Каралёк — птушка пеўчая» Рэшата Гюнтэкіна, «Спяваючых у цярноўніку» Колін Макалоў, — не чапляе штосьці, няма пэўнай эмоцыі. Таму я пачала пісаць кнігу, каб яна выклікала ў мяне такія эмоцыі. Напэўна, чытачу таксама не хапала душэўнасці ў літаратуры. Да таго ж я рэалістка — я бачу і тое, што адбываецца ў Мінску. Людзям гэта блізка і зразумела. Людзі хочуць чытаць пра сябе. Калі я ствараю такую 3D-прастору, у якой усё адлюстроўваецца, чытачы пішуць, што героі нібы працуюць у суседнім офісе, напэўна, гэта тое, што мяне з імі збліжае.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.