Вы тут

У Нацыянальным алімпійскім камітэце прадставілі беларускую каманду


На Еўрапейскіх гульнях у Мінску ў складзе нашай каманды выступіць 221 атлет, ім будуць дапамагаць 149 трэнераў, восем чалавек — у адміністрацыйнай групе, сем спецыялістаў — у медыцынскай.


«Я не стаў бы вылучаць нікога з беларускай каманды, разлічваем на ўсіх. Беларусы будуць выступаць перад роднымі трыбунамі, што павінна матываваць іх, — адзначыў шэф місіі, першы намеснік міністра спорту і турызму Беларусі Вячаслаў Дурноў. — Задача кіраўніком дзяржавы была агучана раней: неабходна заваяваць медаляў не менш, чым на Еўрапейскіх гульнях у Баку: у сталіцы Азербайджана ў скарбонцы беларускай зборнай было 43 узнагароды, 10 з якіх залатыя. Аналіз выступленняў атлетаў за апошнія два гады паказаў, што як мінімум у 10 відах спорту мы маем рэальныя шанцы на поспех. На спартыўным форуме ў Мінску мы будзем клапаціцца і аб якасці ўзнагарод», — сказаў Вячаслаў Дурноў.

Ён падкрэсліў, што канкурэнцыя будзе дастаткова сур'ёзная, у Мінску збяруцца многія вядучыя атлеты. Адказныя задачы стаяць не толькі перад спартсменамі, але і перад медыцынскай групай, Нацыянальным антыдопінгавым агенцтвам. «Падрыхтоўка да Еўрапейскіх гульняў праведзена старанная. У Вёсцы спартсменаў забяспечаны належны кантроль за харчаваннем, гэта ж датычыцца і медыцынскіх прэпаратаў. Калі паўстане неабходнасць прымяніць рэчыва, у якім маюцца забароненыя субстанцыі, то такі прэпарат абавязкова прамаркіраваны, існуе адмысловая працэдура яго прымянення», — адзначыў дырэктар НАДА Дзяніс Мужжухін.

Талісманам беларускай каманды традыцыйна выступіць Агрык, добра знаёмы беларускім атлетам па іншых буйных міжнародных стартах.

Таксама ў НАК прадставілі форму, у якой будуць выступаць беларускія спартсмены. Камплект экіпіроўкі ўключае 18 прадметаў адзення і абутку. Яго распрацоўкай займалася пінскае прадпрыемства. Пры стварэнні калекцыі «Прастора» галоўнай тэмай дызайну стала выкананне з выкарыстаннем стылізацыі традыцыйных арнаментаў і сімвалаў Беларусі. Адным з іх з'яўляецца папараць-кветка. Яна дазваляе найбольш поўна падкрэсліць прыналежнасць да нацыянальнай культуры краіны і яе вытокаў. У аснову каляровага рашэння калекцыі пакладзена спалучэнне кантрасных колераў лагатыпа ІІ Еўрапейскіх гульняў.

Парадна-грамадзянскую форму распрацавала дызайнер Юлія Латушкіна. У аснове дызайну ляжыць ідэя выкарыстання трох колераў — белага, сіняга і шэрага. Галоўным элементам гэтай формы з'яўляецца стылізаваны арнаментальны васілёк, які ўпрыгожвае нацыянальныя ручнікі. Узор выкананы ў стылістыцы народнай творчасці. Форма распрацавана з улікам кліматычных умоў нашай краіны, атлетычных асаблівасцяў фігур спартсменаў і сучасных модных тэндэнцый.

Першыя беларускія атлеты заселяцца ў Вёску спартсменаў ужо ў аўторак, 18 чэрвеня. Наша каманда размесціцца ў новым будынку, атлеты будуць жыць па два чалавекі ў пакоі. «Першымі заселяцца прадстаўнікі баскетбола 3х3, бокса і стральбы з лука, а наогул засяленне беларускіх атлетаў будзе праходзіць паэтапна, — расказаў намеснік шэфа місіі беларускай дэлегацыі Дзмітрый Даўгалёнак. — Наша дэлегацыя будзе адной з самых шматлікіх, у Вёсцы таксама будуць размешчаны медыцынская група і штаб дэлегацыі».

Нагадаем спаборніцкая праграма Гульняў стартуе 21 чэрвеня з баскетбола 3х3 і бокса.

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: Не менш, чым у Баку

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».