Вы тут

Як мастацкая гімнастыка будзе прадстаўлена на Еўрапейскіх гульнях у Мінску


Спаборніцтвы пройдуць 22—23 чэрвеня ў «Мінск-Арэне», у іх возьмуць удзел 52 спартсменкі, яны пазмагаюцца за восем камплектаў узнагарод. На І Еўрапейскіх гульнях у Баку беларускі задалі вельмі высокую планку, тады Меліціна Станюта тройчы ўздымалася на п'едэстал (з пяці відаў праграмы), яшчэ два медалі выйграла каманда ў групавых практыкаваннях.


На Гульнях у Мінску склад удзельніц будзе крыху ўрэзаны, — так, у індывідуальных спаборніцтвах кожную краіну прадставіць толькі адна спартсменка, у групавых — адна каманда з пяці ўдзельніц (гэта алімпійскі фармат). У індывідуальных практыкаваннях ад Беларусі рыхтуецца выступаць першы нумар зборнай Кацярына Галкіна, запасныя — Анастасія Салас і Арына Гарнасько. У групавых практыкаваннях наша каманда выступіць у складзе Арыны Цыцылінай, Ганны Гайдукевіч, Ганны Швайбы, Карыны Ярмоленкі і Анастасіі Рыбаковай.

Старшы трэнер зборнай Любоў Чаркашына адзначае, што ніякіх медальных задач перад нашай камандай не стаіць, але зразумела, што ўсе дзяўчаты будуць спрабаваць паказаць свой максімум. «У першую чаргу хочацца больш чым годна выступіць пры родных гледачах. Мастацкая гімнастыка зрабіла каласальны крок наперад у плане складанасці — калі вы прыйдзеце на спаборніцтвы, зразумееце, як хутка гімнасткі сталі рабіць больш складаныя элементы, трукі. Таму немагчыма параўноўваць тое, што было на І Еўрапейскіх гульнях, з тым, што будзе цяпер», — расказала Любоў Чаркашына.

Таксама яна адзначыла, што, мяркуючы па заяўках, у Мінск прыедуць усе наймацнейшыя гімнасткі. «Дванаццаць спартсменак будуць выступаць у індывідуальных практыкаваннях, сярод іх першыя нумары з Расіі, Украіны, Ізраіля, Малдовы. Плюс восем найлепшых групавых камандаў, абсалютна кожная з іх не проста можа стаяць на п'едэстале — кожная з іх можа выйграць «золата», таму канкурэнцыя будзе вельмі сур'ёзная».

Выступленні мастацкіх гімнастак на «Мінск-Арэне» будуць чаргавацца з акрабатыкай. Любоў Чаркашына адзначыла, што на тэставых спаборніцтвах, якія прайшлі ў маі, яны ўбачылі, як гэта будзе адбывацца. Такі фармат выступленняў не павінен перашкодзіць спартсменкам, да таго ж Кацярына Галкіна, напрыклад, ужо выступала на Еўрапейскіх гульнях у Баку, таму знаёмая з ім.

«Мінск-Арэна» — шыкоўная пляцоўка, вялікая прастора, дзяўчаты будуць выступаць на памосце, ужо ўсё пратэставана, таму думаю, што ўсё пройдзе добра», — дадала старшы трэнер.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: Канкурэнцыя першых нумароў

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.