Спадзяюся, мой подзвіг будзе ацэнены. Бо, выконваючы баявое заданне, я атрымала вытворчую траўму. Нават у маскіровачнай экіпіроўцы адна з пчол зразумела, што ў святая святых трапіў чужынец, і ўджаліла мяне ў непрыкрыты палец. Ён распух на вачах. Але гаспадар адразу ж знайшоўся, што сказаць: «Не хвалюйцеся, гэта самая надзейная прышчэпка ад прастуды». Ну што ж, праверым.
З жыцця насякомых
Мядовы сезон, лічы, у разгары. А мы яшчэ не пакаштавалі першы майскі мёд. Сужэнцы Аляксей і Галіна Ермаковы дапамаглі выправіць гэты прабел. Аляксей, дарэчы, пчаляр у чацвёртым пакаленні. З жонкай яны зрабілі са свайго домаўладання сапраўднае пчалінае царства. І нават адкрылі экамузей. Як людзі прадпрымальныя і дзейныя, яны некалькі гадоў таму паўдзельнічалі ў конкурсе ініцыятыў праекта «Ад вытокаў да развіцця» і атрымалі дапамогу. На гэтыя грошы купілі медагонку, мультымедыйную сістэму і будматэрыялы. Але каб адкрыць экатурыстычны аб'ект, давялося яшчэ і самім добра ўкласціся. Усе памяшканні прасякнутыя галавакружнымі пахамі мёду, воску і дрэва. Непасрэдна пчалінай тэме прысвечаны адзін з пакояў. Нават палічкі тут у выглядзе сотаў. Тут жа глядзельная зона з відэапраектарам і лаўкамі. Турыстам паказваюць цікавыя мульцікі і пазнавальныя праграмы, а яшчэ праводзяць конкурсы і віктарыны: правільна адказаў — трымай лыжку мёду. Выхад на пчальнік не ўваходзіць у асноўную праграму, але для мяне зрабілі выключэнне. Перад адказнай справай робіцца інструктаж. Вось прызнайцеся, ці ведаеце вы, колькі вочак у пчолкі? Я таксама думала — два. Аказваецца — пяць. Два асноўныя па баках і тры маленькія паміж вусікамі на так званым лбе, калі можна так казаць. А яшчэ мне расказалі, што пчолы бываюць не толькі розных парод, але і розных прафесій — будаўнікі, разведчыкі, зборшчыкі мёду, ахоўнікі, ваданосы, прыбіральшчыкі, кладаўшчыкі і гэтак далей. Ёсць сярод пчол неахайныя і акуратысты. А яшчэ яны вельмі жорстка распраўляюцца з пчоламі-п'яніцамі (так, гэта бяда не абышла і насякомых). Суродзічы ім за такія справы адрываюць лапкі і выкідваюць з вулля. Можа, пераняць вопыт? Мяркуючы па пчолах, гэта дысцыплінуе. А якія яны працаўнікі, казаць, спадзяюся, не трэба. Пчолы практычна не спяць, ноччу ўпарадкоўваюць тое, што за дзень нанеслі. Напэўна, таму і працягласць іх жыцця невялікая: рабочая пчала жыве ў сярэднім 36 дзён. А зімняя можа і да дзевяці месяцаў існаваць — зімой, як ні круці, работы менш. Замацаваць свае веды пра жыццё пчол Ермаковы прапануюць з дапамогай шклянога вулля. На выгляд ён нагадвае беларускую батлейку. Разглядаю, як там завіхаюцца насякомыя, а гаспадары тлумачаць:
— Раней у нас была стараславянская парода, куслівая, а гэта краінка. Парод вельмі шмат, але нам даспадобы гэта.
Не будзіце ў пчале звера
Пераходзім да практычнай часткі. Разам з Аляксеем Ермаковым апранаемся ў спецыяльныя касцюмы і адпраўляемся на пчальнік. Пакуль гаспадар раскурвае дымакур, прывыкаю да думкі, што я ну ні кропелькі не баюся гэтых крыважэрных пчол. Вой, мамачцы, колькі ж іх тут лётае!
— Пчолы прачынаюцца рана, яшчэ ў сакавіку, — між тым расказвае пчаляр. — Іх матка пачынае клапаціцца пра патомства. Мы ўцяпляем іх домікі звонку, а яны ствараюць тэмпературу знутры. Як толькі сонейка прыгрэла, першыя пчолы вылятаюць на разведку. Яшчэ і лістоў няма, а яны ўжо нешта знаходзяць — сок з дрэў, напрыклад, бяруць. Першай пачынае квітнець вярба, і яны з яе ўжо нясуць абножку, так званы пылок. Потым збіраюць нектар з яблынь і першацветаў. Цяпер буяе белая канюшына, яны яе апрацоўваюць. Могуць па нектар лётаць на адлегласць да васьмі кіламетраў. Хутка пачнуць збіраць ліпавы мёд. А пакуль яшчэ нарыхтоўваюць майскі.
— Майскі лічыцца яшчэ і жаночым мёдам, умацоўвае сардэчную мышцу, для страўніка вельмі добры. Яго можна нават дыябетыкам. Ён на аматара, па сваёй кансістэнцыі як масла, — уступае ў размову Галіна.
У спякоту нават пчолы адмаўляюцца працаваць. Кветкі пры 30 градусах не выдзяляюць нектар. Тады пчолы сядзяць і ядуць свой мёд, а таксама ахалоджваюць вуллі — працуюць вентылятарамі.
Пчаляр, акрамя таго што правярае соты, яшчэ і вядзе назіранне за фарміраваннем новых пчаліных сем'яў. Як толькі сфарміраваўся рой і пакінуў вулей, трэба гэты дзень адзначыць і паклапаціцца пра жыллё для новай ячэйкі пчалінага грамадства. У Ермаковых сёлета атрымалі «кватэры» ўжо каля 10 сем'яў, а першы рой вылецеў 12 мая.
Пачынаю лічыць вуллі і адразу ж збіваюся — ну вельмі шмат. Пчаляр тлумачыць, што частка з іх яшчэ дзедава. Правяраем вуллі на прадмет запячатаных сот — гэта значыць, прадукт гатовы для перапрацоўкі. Першы спалох прайшоў, і я асмялела. Шчоўкаю сабе камерай і раптам скурай адчуваю, што камусьці гэта не падабаецца. І гэты хтосьці ўпіваецца ў мой палец якраз у той момант, калі я збіраюся бегчы. Як жа гэта балюча! Галоўнае — адразу ж выдаліць джала і ахаладзіць месца ўкусу. Калі не дапамагло і пухліна расце, лепей выклікаць хуткую дапамогу.
У мяне абышлося, і мы працягваем працэс атрымання карыснага прадукту. З сот здымаюцца крышачкі. Атрымліваецца забрус — вельмі каштоўны прадукт, у ім і перга, і воск, і сліна пчалы. Пасля рамкі змяшчаюцца ў медагонку. Праз празрыстую накрыўку назіраю, як яны пачынаюць круціцца ўсё хутчэй і хутчэй, мёд асядае на сценах і цячэ з краніка ў спецыяльную ёмістасць. Гнаць мёд дапамагае вялікі чалавек, які яшчэ называе сябе салдатам, — трохгадовы ўнук Аляксея і Галіны Арсеній. З дзяцінства ён унікае ў тайны прафесіі. І пчол нават блізка не баіцца.
Мёд з беларускім акцэнтам
Потым мы пілі гарбату з блінамі і толькі што выкачаным мёдам. Смаката. Пасля такой рэлаксацыі самае лепшае — паляжаць у апі-хатцы. Ёсць тут і такая паслуга.
— Двухгадзінны адпачынак у такой хатцы адпавядае 8-гадзіннаму начному сну, — знаёміць з тэрапеўтычным аб'ектам гаспадыня. — Уся негатыўная энергія знікае, і ты выходзіш як новы.
Ад вулляў ляжак аддзяляе драўляная рашотка з сеткай і тонкі слой матраца. Пад ім манатоннае гудзенне. Яно быццам закалыхвае. Вочы заплюшчваюцца самі сабой, і не заўважаеш, як цябе накрывае салодкі сон.
— Унучка захварэла, паспала тут, падыхала лячэбным паветрам, і ўсё прайшло, — вяртае на зямлю голас Галіны Ермаковай і кліча мяне далей. Сюрпрызы на гэтым не канчаюцца.
Нядаўна тут зрабілі прыбудову і адкрылі ў ёй беларускую хатку. Гаспадарам хочацца хутчэй пахваліцца сваім дасягненнем.
— Экскурсіі праводзяцца выключна на беларускай мове, — запэўнівае суразмоўніца. — Каб наведвальнікі прасякнуліся духам нашых продкаў, расказваем і паказваем, як тыя жылі.
Тут ёсць усё, што трэба, — печ, каля яе качарга, хлебная лапата, якой мясілі цеста. Існавала павер'е, што калі пры навальніцы вынесці гэтую лапату на вуліцу і паставіць побач з домам, маланка ў яго не ўдарыць. Насупраць печы — бабін кут. На палічках — гарлачы, маслабойка, жбаны. Па дыяганалі ад печы — чырвоны кут з іконамі, царкоўнымі свечкамі, асвечанымі хлебам і соллю. А саламяны павук пад столлю выконвае ролю дэтэктара мамы.
— Пад ім ставілі госця, — расказвае гаспадыня. — Калі думкі ў яго добрыя, павук закруціцца, а калі дрэнныя, не варухнецца.
Пачэснае месца займае ложак з безліччу падушак. Побач калыска — яна, па словах Галіны, не павінна вісець у хаце, калі там няма дзіцяці. Сапраўднага не знайшлося, таму ў пялёнкі загарнулі ляльку. А вось і стол для прасавання — можна паспрабаваць апрацаваць бялізну з дапамогай драўляных качалкі і бруса з зубцамі. Ёсць і ткацкі станок, які аднавіў гаспадар: прызнаецца, што яму пашчасціла бачыць у дзяцінстве, як маці ткала. Станок рабочы, засталося толькі правільна яго заправіць, і можна ткаць. Увесь гэты старадаўні інтэр'ер упрыгожваюць вышытыя ручнікі, посцілкі, сурвэткі. Здаецца, шмат беларускіх хатак я бачыла, але ў кожнай ёсць свая разыначка. Гэтая, напрыклад, яшчэ і пахне мёдам.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота аўтара
Напярэдадні прафесійнага свята педагогаў у Нацыянальным прэс-цэнтры абмеркавалі імідж настаўніка, усебаковае развіццё студэнтаў педагагічных ВНУ і новыя праекты.
Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.