Вы тут

Фрэзероўшчыкі ўжо не патрэбныя?


Камітэтам дзяржаўнага кантролю Віцебскай вобласці выяўлены хібы пры рэалізацыі праграмы садзейнічання занятасці насельніцтва.


За апошнія пяць гадоў узровень беспрацоўя на поўначы краіны панізіўся да 0,4 %. Напружанасць на рынку працы скарацілася з 6 % да 0,3 %. Калі ў 2016-м было зарэгістравана каля 5,9 тысячы беспрацоўных, у пачатку бягучага года — дзве тысячы.

Але не занятых у эканоміцы магло быць і яшчэ меней. У Камітэце канстатуюць, што неабходны дадатковыя, больш прагрэсіўныя меры па стымуляванні працоўнай актыўнасці і забеспячэнні занятасці.

Напрыклад, падчас маніторынгу высветлілі, што ў асобных рэгіёнах ўладкоўваецца на работу не больш за 60 % грамадзян, якія атрымалі новую спецыяльнасць. Астатнія паўторна рэгіструюцца ў якасці беспрацоўных. Таму, зразумела, трэба, каб было больш людзей з запатрабаванымі наймальнікамі спецыяльнасцямі.

Напрыклад, на працягу трох апошніх гадоў у вобласці недастаткова забяспечвалася прафесійная падрыхтоўка муляраў — 14 % ад патрэбы, машыністаў кранаў — 5 %, швачак — 7 %. У дэфіцыце токары і фрэзероўшчыкі, але беспрацоўныя на навучанне гэтай спецыяльнасці не накіроўваліся.

Вядома, што ахвотным у ліку іншага дапамагаюць распачаць сваю справу. І пры гэтым аказваецца фінансавая падтрымка. Толькі за апошнія тры гады беспрацоўным было выдадзена 642 субсідыі на агульную суму 1,4 мільёна рублёў.

— Аднак часта субсідыя разглядаецца грамадзянамі не як стымул для арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці, а ў якасці кароткатэрміновай дадатковай крыніцы даходу. Беспрацоўныя, якія атрымалі бюджэтныя сродкі, пасля рэгістрацыі ў якасці прадпрымальнікаў дзейнасць не ажыццяўляюць. Падаткі ў бюджэт не выплачваюць, субсідыі расходуюць на асабістыя патрэбы, — удакладніў начальнік упраўлення кантролю бюджэтна-фінансавай сферы КДК Віцебскай вобласці Аляксандр КАМІНСКІ.

З ліку тых, хто атрымаў субсідыі ў 2016—2018 гадах, спынілі дзейнасць або не выканалі дагаворныя ўмовы дзяржпадтрымкі 115 чалавек, або 23,4 %.

Дзяржкантралёры высветлілі, што адказнымі асобамі не заўсёды адсочваецца мэтавае выкарыстанне субсідыі і не прымаюцца меры па вяртанні ў бюджэт такіх сродкаў.

Напрыклад, у Гарадоцкім раёне грамадзянін зарэгістраваў у 2016 годзе сялянска-фермерскую гаспадарку. Ён планаваў заняцца вырошчваннем гародніны і за кошт субсідыі (2,5 тысячы рублёў) набыў абсталяванне. Аднак гаспадарка да ажыццяўлення дзейнасці не прыступала, падаткі ў бюджэт не выплачвала, а ў траўні мінулага года была ліквідавана.

— Разам з тым, ва ўпраўленне па працы райвыканкама грамадзянінам былі прадстаўлены фотаздымкі ўзараных зямель. Плюс — даведка аб адсутнасці даўгоў перад бюджэтам з падатковай інспекцыі. Апошнія і не маглі ўтварыцца з прычыны неажыццяўлення дзейнасці. Меры па вяртанні субсідыі ў бюджэт упаўнаважаным органам не прымаліся, — удакладнілі ў Камітэце.

Падобным чынам у Верхнядзвінскім раёне ў маі пазамінулага года беспрацоўнаму была дадзена субсідыя — 2,7 тысячы рублёў. Гэтыя грошы мужчына меў намер ужыць для арганізацыі грузавых перавозак. Аднак проста адрамантаваў асабістае аўто. Жыхар глыбінкі не прыступіў да прадпрымальніцкай дзейнасці і на працягу наступнага года. Але раённае ўпраўленне па працы больш чым паўгода не прымала мер да вяртання субсідыі ў бюджэт. Толькі па прапанове КДК у лістападзе мінулага года субсідыя і пеня (3,2 тысячы рублёў) былі кампенсаваныя грамадзянінам у бюджэт у поўным аб'ёме.

Факты аслабленага кантролю за выкананнем умоў дагавораў аб прадстаўленні субсідыі і непрыняцця мер па спагнанні ўстаноўлены таксама ў Віцебскім, Сенненскім і Аршанскім раёнах.

Ёсць яшчэ адзін цікавы факт.

— Працоўная занятасць навучэнцаў у вольны ад вучобы час, як правіла, арганізуецца па месцы іх навучання. Яны займаюцца падсобнымі работамі пры правядзенні рамонту (пафарбоўка падлог і сцен, зборка крэслаў) і добраўпарадкаваннем (высадка саджанцаў, праполка тэрыторыі). Накіраванне на прадпрыемствы не ажыццяўляецца, — канстатавалі ў ведамстве.

Вынікі маніторынгу разгледжаны на калегіі КДК Віцебскай вобласці. Аблвыканкаму ўказалі на неабходнасць неадкладнай ліквідацыі праблем і недахопаў. Таксама выпрацаваны прапановы па далейшым правядзенні мэтанакіраванай і эфектыўнай работы ў сферы садзейнічання занятасці насельніцтва.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».