Вы тут

«Звязда» адабрала самае яскравае, пра што гаварылі на экалагічным форуме


На ХV Рэспубліканскім экалагічным форуме ў Навагрудку разглядаліся і глабальныя, і лакальныя пытанні. Спецыялісты прыродаахоўных службаў Рэспублікі Беларусь, краін СНД і іншых замежных краін, прадстаўнікі арганізацый, прадпрыемстваў і грамадскіх аб'яднанняў дзяліліся набытым вопытам у розных сферах, абмяркоўвалі новыя тэхналогіі і спосабы іх укаранення.


Калі паслухаць выступленні многіх з іх, ствараецца адчуванне, што будучыня настае ўжо сёння. Найноўшыя распрацоўкі зялёнай энергетыкі можна ўсталяваць у сябе дома ўжо зараз, і гэта даступна сярэдняму класу нашых жыхароў. Для тых, хто пакуль не гатовы да такіх радыкальных крокаў, можна проста энергаэфектыўна ўладкаваць свой побыт. Зразумела, існуе цэлы шэраг праблем на шляху зялёнага прагрэсу: пытанні, як і іх рашэнні, агучылі спецыялісты міжнароднага класа.

Экалагічныя рашэнні

Уладзімір Рак, спецыяліст Цэнтра экалагічных рашэнняў, многае расказаў аб выкарыстанні аднаўляльных крыніц энергіі і павышэнні энергаэфектыўнасці ў хатняй гаспадарцы. Можна пачаць з малога. Асвятленне неабходна зрабіць эканомным. Сёння гэта проста: набыць лямпы любога тыпу (напальвання, люмінесцэнтныя, святлодыёдныя) можна ў любой краме прамысловых ці гаспадарчых тавараў. Таксама можна замяніць або звярнуць увагу пры куплі на індукцыйную пліту замест састарэлай электрапліты.

А ўстаноўка аэратара на змяшальнікі, таксама як і ўстаноўка аднарычажных змяшальнікаў, будзе актыўна спрыяць водазберажэнню. Устаноўка рэсурсазберагальнага сантэхнічнага абсталявання не будзе дарагой, але дазволіць значна сэканоміць на спажыванні вады.

Цепласпажыванне ў дамах і кватэрах можна і трэба зніжаць. Гэта дазволяць зрабіць няхітрыя маніпуляцыі з экранам на батарэі.

Што датычыцца ўкаранення цеплавых помпаў і геліякалектара, як і набыцця сістэмы сонечнай генерацыі, то ў нашай краіне прапануюць іх устаноўку «пад ключ». Зразумела, гэта нятанныя паслугі, але яны ўжо запатрабаваныя і займаюць сваю нішу на рынку.

Лічбы сведчаць

Індэкс дасягнення глабальных Мэт устойлівага развіцця (SDG Іndех) разлічваецца для 156 краін свету на аснове 100 паказчыкаў, звязаных з выкананнем Мэт устойлівага развіцця (МУР). У 2018 годзе Беларусь заняла 23-е месца (76 балаў са 100) і ў цэлым атрымала адзнаку вышэйшую за сярэднюю па рэгіёне Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі (69,5).

А вось згодна з Дакладам-2018, Беларусь пагоршыла займаныя пазіцыі ў рэйтынгу індэкса экалагічнай эфектыўнасці за апошняе дзесяцігоддзе з 34 месца да 44-а. Зніжэнне пазіцыі Беларусі ў большай ступені выклікана павелічэннем выкідаў СО2 (пагаршэнне на 12 пазіцый), інтэнсіўнасцю выкідаў тэхнічнага вугляроду(на 48 пазіцый), інтэнсіўнасцю выкідаў SО2 (на 40 пазіцый), інтэнсіўнасцю выкідаў NОХ (на 30 пазіцый).

Праблема / Рашэнне

Вера Сысоева, нацыянальны кансультант па зялёным горадабудаўніцтве, сцвярджае, што развіццё малых гарадоў — неад'емная частка дзяржаўнай рэгіянальнай палітыкі:

— Не існуе ўніверсальнага падыходу да развіцця малых гарадоў. Мы павінны самі прыдумаць, як раскрыць тэрытарыяльны патэнцыял у гарадскіх стратэгіях прасторавага развіцця. Пры гэтым трэба абавязкова задзейнічаць патэнцыял гарадской супольнасці.

Спецыяліст адзначае, што ў нашай краіне існуе тэхналагічная адсталасць і значны знос абсталявання, беспрацоўе, нізкія даходы. Ускладняе сітуацыю адток працаздольнага насельніцтва і адукаваных кадраў у вялікія гарады. У малых і сярэдніх гарадах часта сустракаецца нізкі ўзровень транспартнага абслугоўвання і слабая даступнасць тэрыторый, адсутнасць якаснага жылля.

— Дэфіцыт мясцовага бюджэту і недастатковая інвестыцыйная прывабнасць праектаў па трансфармацыі забудовы перашкаджаюць развіццю сацыяльнай і інжынерна-транспартнай інфраструктуры. Акрамя таго, праекты, якія залежаць ад дзяржаўных сродкаў, у перыяды эканоміі пакутуюць больш за ўсё, — кажа Вера Сысоева.

Спецыялісты бачаць выйсце ў пераходзе да «зялёнай» эканомікі і ўстойлівага нізкавугляроднага развіцця. Яны таксама прапануюць аптымізаваць апарат мясцовага кіравання і абавязкова выканаць ацэнку спецыфікі пераходу да ўстойлівага развіцця малых і сярэдніх гарадоў мясцовым супольнасцям.

Вольга Пралюк

Загаловак у газеце: Будучыня побач

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».