Вы тут

Ці вінаватыя бацькі ў тым, што іх б'юць дзеці?


У прэсе часта ўздымаюцца праблемы сем'яў, дзе бацькі крыўдзяць дзяцей ці муж жонку. Але падчас апошняга рэйду я даведалася, што бывае інакш. Пра гэта стараюцца не казаць, толькі раз-пораз у крымінальнай зводцы сустрэнеш паведамленне аб тым, што дарослы сын ці дачка забілі бацьку ці маці. Але гэта ўжо трагічны вынік. Часта за такімі паведамленнямі хаваюцца доўгія гады пакут пажылых людзей — ад сораму, безвыходнасці і болю. Сорамна прызнацца, што ў сям'і ёсць такая праблема, балюча ад безвыходнасці і гвалту... І, канешне, страшна. Страшна, што вінаваціць будуць цябе, старога, за тое, што не здолеў выхаваць сваё дзіця дастойным.


— Большасць пратаколаў за хатні гвалт у нашым раёне складзены якраз на людзей, якія б'юць сваіх бацькоў, — кажа ўчастковы інспектар Савецкага РУУС г. Мінска Андрэй ВЫРВІЧ. — У кожнай такой сям'і сваё гора. Па маіх асабістых назіраннях, не заўсёды бацькі вінаватыя ў паводзінах дзяцей. Многае залежыць і ад самога чалавека. За час сваёй працы бачыў людзей, чые бацькі здаваліся добрымі і працавітымі людзьмі, а іх дзеці станавіліся алкаголікамі. Таму дакладна цяжка сказаць, што на самай справе адбываецца ўнутры ў чалавека і што яго можа зламаць.

Участковы ходзіць па кватэрах і запрашае дэбашыраў у аддзяленне на размову. Такім чынам супрацоўнікі міліцыі стараюцца выявіць праблемы канкрэтнай сям'і, а потым вырашаюць, у якім кірунку рухацца, каб дапамагчы ёй. Днём наведвае падапечных, якія не працуюць. Пазней — тых, хто працуе. Мы якраз накіроўваемся да беспрацоўнага Сяргея. Дарогай участковы расказвае пра спецыфіку работы па прафілактыцы хатняга гвалту.

Часцей за ўсё міліцыю выклікаюць да людзей у стане алкагольнага ап'янення, якія ўчыняюць дома скандал і пачынаюць біцца. У такія моманты сваякі дэбашыра разгубленыя, напалоханыя і не ведаюць, што рабіць, таму і звяртаюцца па дапамогу. Падчас скандалу прыязджае нарад міліцыі, высвятляе ўсе абставіны: супрацоўнікі ўдакладняюць, якім чынам адбываўся скандал, складаюць пратакол, і ўжо на яго падставе скандаліст прыцягваецца да адміністрацыйнай адказнасці. Калі сітуацыя паўтараецца, то яму прад'яўляецца афіцыйнае папярэджанне аб тым, што калі ён на працягу года яшчэ раз будзе прыцягнуты за падобнае да адказнасці, то яго паставяць на прафілактычны ўлік як асобу, схільную да сямейнага гвалту.

— Такіх людзей наведваем не менш чым раз на месяц, — расказвае ўчастковы. — Высвятляем, чым яны займаюцца, дзе працуюць, нават з кім сябруюць і за чый кошт жывуць. Потым проста размаўляем і выклікаем на прафілактычныя мерапрыемствы. А гэта могуць быць лекцыі аб гвалце, можа быць і кіналекторый, на якім мы дэманструем пэўныя відэасюжэты. Беспрацоўным дапамагаем уладкавацца на работу.

Калі на чалавека прафілактыка не мае ўздзеяння і ён па-ранейшаму паводзіць сябе агрэсіўна, прымяняюцца больш актыўныя і жорсткія меры. Напрыклад, такому могуць выпісаць ахоўнае прадпісанне і выселіць з дому на тэрмін да трыццаці сутак.

Бывае, што такая мера дапамагае. Так, нядаўна пажылы падапечны ўчастковага сам вырашыў легчы на лячэнне ад алкагалізму. Пасля чарговага скандалу з сынам і яго жонкай ён атрымаў ахоўнае прадпісанне. Вырашыў для сябе, што гэта апошняя кропля. Лёг у бальніцу лячыцца ад алкагалізму, спадзеючыся, што здолее яшчэ наладзіць адносіны з сям'ёй.

Яшчэ адна мера, да якой могуць звярнуцца блізкія хворага на алкагалізм агрэсара, — абмежаванне ці пазбаўленне дзеяздольнасці. Гэта робіцца ў выпадку, калі ў такога чалавека ёсць сям'я і работа, але ён увесь свой заробак прапівае і жыве за кошт блізкіх. У выніку атрымліваць заробак ці пенсію будуць сваякі.

— Калі дэбашыр цвярозы, то звычайна не чыніць ніякіх скандалаў, — тлумачыць Андрэй Вырвіч. — З ім можна размаўляць і неяк дамаўляцца. Але як толькі вып'е, то ўсё — цягне на «подзвігі». У маёй практыцы не сустракаліся выпадкі, калі міліцыю выклікалі на цвярозага чалавека.

...Нарэшце, мы на месцы. Адчыняе дзверы пажылая жанчына. Гэта Алена Іванаўна — маці Сяргея, з якім праводзіць работу ўчастковы. Міліцыянер прыйшоў запрасіць мужчыну ў аддзяленне — здаецца, ім удалося знайсці для яго работу.

— Я толькі вярнуўся з ЛПП! — абураецца Сяргей, убачыўшы на парозе міліцыянера.

Мы ўсе прадстаўляемся. Жанчына з горыччу звяртаецца да нас:

— Яму проста трэба ісці працаваць, каб працаваў — ўсё было б нармальна.

— Што ты нясеш, — не вытрымлівае Сяргей. — Мяне ўжо нідзе не бяруць!

Калі ўчастковы расказвае навіну пра вакансію для яго, мужчына хмурыцца.

— У мяне спіна баліць, якая работа?

— Ты ўжо тры гады не працуеш! — нервуецца Алена Іванаўна.

— Гэта не злачынства!

— Як не злачынства? Не злачынства, што ты за маю пенсію жывеш? Ён нап'ецца і тады пачынае крычаць, — павярнуўшыся да нас расказвае жанчына. — Я пагражаю міліцыю выклікаць, а ён тады мяне штурхае і за рукі хапае... Стараюся пра гэта нікому не казаць, але мне надакучыла яго п'янства, яго непавага да мяне! Муж калі памёр, я засталася адна. Добры быў чалавек. Але нават тады, калі бацька ягоны жыў, мы не маглі прымусіць яго працаваць.

— Ты ўсё хлусіш! — крычыць Сяргей. — Мяне тры разы забіралі ў ЛПП, і ўсе разы з работы!

— Ой, не магу я ўжо, — голас жанчыны пачынае дрыжаць. — Усе рукі ў сіняках ад яго!

— Ты сама вінаватая! Хто мне на бутэльку дае, га?

— Я табе на бутэльку? Ты ж за горла дзеля бутэлькі схопіш! Апошняе адбярэш. Хіба так можна жыць? Хоць бы яго куды забралі! Я магу ўсё сама. Ды і суседзі добрыя, дапамогуць калі што, лепш за цябе.

— А чым я табе дапамагу? У хаце прыбраць, ці што? — Мужчына мякчэе. Яму становіцца шкада маці. — Ведаеце, а ў мяне адукацыя вышэйшая. Але не знайшоў сябе ў кірунку, што выбраў. Няўдала ажаніўся. Жонка гуляла... Я ж на самай справе працаваў. Апошнім часам, праўда, толькі грузчыкам і ў ЖЭСе. Ну добра, заўтра схаджу ў міліцыю, пагляджу, што там прапануюць.

— У яго ж і кватэра была, але ён яе прапіў, — са слязамі на вачах перабівае яго маці.

— Усё, хопіць, пойдзем лепш сфатаграфуемся! — нечакана прапаноўвае мужчына.

Маці з сынам накіраваліся ў гасціную. Там яны стараліся ўсміхацца, абмяркоўвалі, як лепей сесці, каб добра выглядаць на фота. На імгненне здалося, што і не было той непрыемнай паўгадзіны «разборак»...

— Вельмі важна пакідаць кватэру тады, калі людзі перасталі сварыцца, — упэўнены міліцыянер. — Гэта, канешне, не гарантуе, што яны зберагуць мірны настрой, але ўсё ж ёсць надзея. Бывае, што пасля ЛПП, з якога вярнуўся Сяргей, людзі мяняюцца. У гэтай установе жывуць і працуюць па графіку. Там ёсць час падумаць. Аднойчы мне нават падзякаваў малады чалавек. Ён некалькі разоў прыцягваўся за правапарушэнні ў алкагольным стане і ў выніку аказаўся ў ЛПП. Прыехаў адтуль і адразу да мяне: маўляў, дзякуй за шанц. Прыемна было.Такія выпадкі дапамагаюць не страціць веру ў людзей.

Здаецца, што і Алена Іванаўна ўсё яшчэ верыць у свайго сына...

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ

Загаловак у газеце: Трагедыя адной сям'і і... многіх

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.