Вы тут

У Лані школа — Петрачкоўская


Добрую памяць па сабе пакінуў на Нясвіжчыне ветэран Вялікай Айчыннай вайны,двойчы ардэнаносец Захар Петрачкоў: ён працаваў дырэктарам школ у Пагарэльцах, Снове, Лані


Людзі старэйшага пакалення ў вёсцы Лань, што па дарозе з Клецка на Нясвіж, памятаюць: з 1954 па 1969 гады Захар Паўлавіч быў дырэктарам сярэдняй школы. І мяне з ёй звёў лёс (цяпер гэта “Ланскі навучальна-педагагічны комплекс дзіцячы сад — сярэдняя школа”): працую тут настаўнікам. Ёсць у нас і школьны музей, у якім сем экспазіцый: яны пра гісторыю вёскі, школы, мясцовых сельгаспрадпрыемстваў, пра Ланскі мужчынскі народны хор, удзел педагогаў, землякоў у Вялікай Айчыннай і Афганскай вайне. Ёсць матэрыялы пра Захара Петрачкова. Імі карыстаюцца вучні, калі ўдзельнічаюць у конкурсах, на ўрокі рыхтуюць паведамленні пра гісторыю, вядомых людзей. І я, рыхтуючы матэрыял на сёлетні ўсебеларускі конкурс “Франтавы альбом”, скарыстаўся дакументамі з музея.

У Лані школу па-ранейшаму называюць па прозвішчы былога дырэктара: Петрачкоўская. Нядаўна мы адзначалі юбілей ветэрана. Ён нарадзіўся 22 сакавіка 1919 года на Магілёўшчыне, у вёсцы Хоцішчы Прапойскага раёна (цяпер Слаўгарадскі). У тым жа годзе ад ран, атрыманых у Першай сусветнай, памёр бацька. З трох малалетак Захар быў малодшым. Сястра ўсё жыццё працавала ў калгасе, а брат Мікіта вярнуўся з вайны інвалідам, быў дырэктарам Саска-Ліпкаўскай школы ў нашым раёне й загінуў ад рук бандытаў. Захар Паўлавіч марыў стаць настаўнікам, паспяхова здаў экзамены ў Магілёўскі педінстытут, і ў той жа год “у ліпені выпрацаваў 58 працадзён у калгасе”: так пісала газета “Камунар Магілёўшчыны” ў жніўні 1939‑га. Праз паўгода, хоць і меў адтэрміноўку, пайшоў добраахвотнікам у Чырвоную армію. Служыў у Закаўказкай ваеннай акрузе ў артпалку, там, у Ерэване, і сустрэў вайну. А першы бой з ворагам сяржант Петрачкоў прыняў у жніўні 41‑га на Паўднёвым фронце ў Запарожжы. У нашым музеі ёсць успаміны ветэрана пра тыя баі. Як і пра артдэсант у снежні 41‑га, калі з Таманскага на Керчанскі паўвостраў гарматы цягнулі аж 12 км на руках па лёдзе праліва. Месцамі лёд быў тонкі, правальваліся й танулі людзі, гарматы. Далей — цяжкае раненне, кантузія, лячэнне і зноў фронт. Супрацьтанкавае ружжо, з якім сяржант Петрачкоў ішоў з баямі ад Арла да Беластока, важыла 22 кг, ды 20 патронаў (8 кг), плюс дзве супрацьтанкавыя гранаты. Так і ваяваў у складзе 380‑й стралковай дывізіі Захар Петрачкоў. Восенню 1943‑га былі жорсткія баі за Магілёў, ён падбіў два варожыя танкі, за што атрымаў ордэн Чырвонай Зоркі. Аднак узяць горад тады не ўдалося: савецкія войскі пачалі ўмацоўвацца на рацэ Рэста ля вёскі Гразівец.

23 чэрвеня 1944 года пачалася аперацыя “Баграціён”. Дывізія, у якой служыў Захар Паўлавіч, з баямі фарсіравала раку Дняпро й рухалася ў мінскім напрамку. За тыя баі Петрачкоў атрымаў медаль “За адвагу”. Пазней утварыўся “мінскі кацёл” (савецкія войскі акружылі 105‑тысячную групоўку ворага), і Петрачкоў, трохі ведаючы нямецкую мову, трапіў у лік парламенцёраў. Ветэран успамінаў: лес кішэў нямецкімі салдатамі й афіцэрамі, а ён з кавалкам белай тканіны хадзіў там цэлы дзень, заклікаючы фашыстаў здацца ў палон: “За дзень сабраў групу: 247 салдат і афіцэраў. Было крыху боязна, бывалі выпадкі, калі на заклікі парламенцёраў немцы адказвалі агнём. Але ўсё абышлося.”. Праз дзень перад строем палка разам з іншымі Ордэн Баявога Чырвонага Сцяга атрымаў і Захар Петрачкоў.

Перамогу Захар Паўлавіч сустрэў на Эльбе, там браталіся і з саюзнікамі-англічанамі. Павіншавалі іх з разгромам фашызму, выпілі баявыя сто грамаў за перамогу. Англічане, казаў, папрасілі пастраляць з савецкага аўтамата ППШ, і той аўтамат ім спадабаўся. У сакавіку 1946‑га Захар Петрачкоў быў дэмабілізаваны, прыехаў да сястры ў госці на Нясвіжчыну — і застаўся назаўсёды. Працаваў інспектарам райана, са жніўня 1948‑га — дырэктарам школы ў Пагарэльцах. У 1952‑м яго перавялі дырэктарам у Сноўскую сярэднюю школу, ён тады ж быў і кіраўніком партарганізацыі калгаса імя Калініна (цяпер — знакаміты агракамбінат “Сноў”). З 1954 па 1969 гады Захар Паўлавіч быў дырэктарам Ланскай сярэдняй школы, і да 1979‑га — завучам па выхаваўчай рабоце. У 1964‑м атрымаў ганаровае званне “Заслужаны настаўнік школы Беларускай ССР”.

Уладзімір Мякіш, в. Лань, Нясвіжскі раён

Выбар рэдакцыі

Жыллё

У Мінскім раёне адкрылі новы арэндны дом

У Мінскім раёне адкрылі новы арэндны дом

Новы год — у новай кватэры.

Грамадства

Шлях да сэрца вандроўніка ляжыць праз страўнік

Шлях да сэрца вандроўніка ляжыць праз страўнік

Як развіваецца гастратурызм у Беларусі?

Грамадства

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.