Іголкатэрапія як метад лячэння ўжываецца ў еўрапейскай медыцыне ўсяго каля стагоддзя. Затое ў кітайскай і карэйскай медыцыне гэтыя методыкі выкарыстоўваюцца ўжо больш за дзве тысячы гадоў. За гэты час мноства ўрачоў і пацыентаў пераканаліся ў іх эфектыўнасці. Іголкатэрапія дапамагае пры хваробах сасудзістай і нервовай сістэм, страўнікава-кішэчных паталогіях, парушэннях дыхання, захворваннях апорна-рухальнага апарату, пры рэабілітацыі пасля траўм і іншым. Пра асаблівасці такога лячэння мы распыталі спадчыннага лекара з Кітая.
Урач традыцыйнай кітайскай медыцыны Інсар Бэй без малога 25 гадоў працуе ў Беларусі. У дзяцінстве ён разам з сям'ёй, якая пакінула Кітай, трапіў у Савецкі Саюз. Скончыў Другі маскоўскі медыцынскі ўніверсітэт (цяпер Расійскі нацыянальны даследчы медыцынскі ўніверсітэт імя М. І. Пірагова.), вучыўся ў Кітаі, у Акадэміі ўсходняй медыцыны, потым у Індыі спасцігаў уласцівасці лячэбных траў і фітатэрапію. За час сваёй працоўнай дзейнасці ён дапамог больш чым 570 тысячам хворых. А яго паслугам дадатковая рэклама не патрэбна — пацыенты самі расказваюць пра лекара сябрам і знаёмым. Сёння ён працуе ў адным з медыцынскіх цэнтраў Мінска.
— Самае вялікае багацце чалавека — гэта яго імя, — упэўнены Інсар Бэй. — Калі лечыш людзей, нельга думаць, колькі за гэта заплацяць, не варта нават глядзець у той бок. Найперш трэба клапаціцца пра здароўе чалавека. І калі пацыента пазбавілі ад хваробы, ён аддзячыць, як зможа.
— Інсар, у каго вы пераймалі майстэрства?
— Лекаванне — гэта не спецыяльнасць, а рамяство, якое ў мяне на радзіме перадаецца з пакалення ў пакаленне. Я вучыўся ў свайго дзядзькі, пачынаў, калі мне не было і шасці гадоў. Паколькі наша сям'я апынулася ў Савецкім Саюзе, я скончыў Маскоўскі медінстытут, пасля вучыўся ў Кітаі і Індыі. Я вучыўся ўсё жыццё, і прыйшоў да высновы, што чым больш чалавек ведае, тым больш бездапаможным становіцца. Часам прыходзяць пацыенты з такімі дыягназамі, пра якія ты ніколі не чуў. Як растлумачыць, што ў арганізме чалавека правая частка засвойвае кальцый, а левая — не? Адзін бок «хрустальны», другі — не. Калі сутыкаешся з такімі рэчамі, пачынаеш задыхацца ад няведання. Калі мне трапіўся такі хлопчык, я перапытаў усіх сваіх знаёмых і блізкіх, хто займаецца лекаваннем, — ніхто не ведаў, чаму так адбываецца. Пасля высветлілася, што такіх людзей усяго чатыры ў свеце, гэту інфармацыю агучылі на адным з Міжнародных сімпозіумаў артапедаў.
— З якімі захворваннямі паказана іголкарэфлексатэрапія?
— Тут няма абмежаванняў. Адзінае — важна правільна скарыстаць гэтыя методыкі. Здараецца, што па іх працуюць недасведчаныя людзі. Няма пэўнага алгарытму, скажам, пры галаўным болі. Гэта не таблетка, якую выпілі і боль прайшоў. Тут спачатку трэба знайсці, у чым прычына захворвання. У Кітаі прымяняецца еўрапейская медыцына, але ў асноўным у траўматалогіі, хірургіі. А вось еўрапейскую тэрапію вельмі мала ўжываюць, толькі ў асобных выпадках. Забалела галава — вы прынялі таблетку і пайшлі на лячэнне. І лекар глядзіць, як справіцца з гэтай праблемай. Або калі падняўся ціск, таблеткай яго зніжаюць, і адразу ж — на лячэнне іголкамі.
Каб знайсці прычыну болю, скажам, у сэрцы, трэба ведаць стан бронхаў, лёгкіх, мачавога пузыра, нырак, наднырачнікаў, страўніка, печані, падстраўнікавай залозы, шчытападобнай залозы, селязёнкі, пазваночніка (наяўнасць астэахандрозу). Нейкі з гэтых органаў дае нагрузку на сэрца і выклікае боль.
— Якім чынам вы вызначаеце прычыну болю?
— Праз пульсавую дыягностыку. Ёсць шэсць пунктаў пульсу — па тры на кожнай руцэ. Па характарыстыцы пульсу вызначаецца захворванне. Пульс можа быць пусты ці поўны, колкі, хвалепадобны — шмат разнавіднасцяў. Пацыент прыходзіць да мяне нашча, і я вызначаю, які орган працуе няправільна.
Калі мы лечымся, мы найперш павінны ўздзейнічаць на прычыну, а не на наступствы. Калі нам даюць таблетку, праз нейкі час яна ўжо не дапамагае, мы бяром большую дозу ці пераходзім на іншы прэпарат. А хвароба працягвае сядзець у чалавеку. Гэта падаўленне захворвання, а не лячэнне. Калі мы прыбіраем прычыну, хвароба сама сыходзіць. Арганізм чалавека надзвычай складаны механізм. Ніколі нельга казаць, што гэта — канец. Калі яму дапамагчы, можна перамагчы любую немач. Раздражняючы пункт ці некалькі, мы «паказваем» арганізму на праблему, і далей ён сам з ёй спраўляецца. Вось у нашага пацыента была падагра, ён ледзь хадзіў. Гэта значыць, мачавіна з арганізма выходзіць, а мачавая кіслата застаецца, выклікаючы запаленчы працэс. Значыць, трэба лячыць ныркі. Я пралячыў яму ныркі, і падагра знікла.
— А можна вярнуць чалавеку добры настрой? Умоўна кажучы, ці ёсць кропка на целе, на якую можна націснуць, каб чалавек стаў шчаслівы?
— У мяне была адна жанчына, якая кожныя паўгода прыводзіла сваю свякроў. Я спытаў, навошта яна яе мучыць (усміхаецца). Жанчына сказала, што пасля маіх сеансаў яе сваячка знаходзіцца ў выдатным спакойным настроі некалькі месяцаў... Калі чалавек пакутуе, хварэе, ён робіцца злы, нервовы. Трэба высветліць, што ў жыцці ідзе не так. Чалавек жа нараджаецца добрым: паназірайце, якія дзеці шчаслівыя, як яны гуляюць паміж сабой. А жыццё ставіць нас у такія сітуацыі, калі мы робімся іншымі. Але любога чалавека можна зразумець, і знайсці той пункт, на якім ён спатыкнуўся. Адсунуць яго, і чалавек зноў пойдзе прама і стане такім, як быў.
— На ваш погляд, чарнобыльская катастрофа моцна паўплывала на здароўе беларусаў?
— Няправільна звязваць колькасць анкалагічных хвароб з Чарнобылем. Хіба што павялічылася колькасць дзяцей, якія пакутвалі на анкалагічныя хваробы. Я вывучаў рэгіянальныя хваробы ад Піцера і да Камчаткі. Глядзеў, у якіх рэгіёнах на якія захворванні людзі часта хварэюць. Ад Балтыкі да Ціхага акіяна людзі хварэюць на анкалагічныя хваробы практычна аднолькава. Магу з упэўненасцю сказаць, што і на Камчатцы, і ў Піцеры, і ў Беларусі — усюды карціна падобная.
— Якія нашы якасці і звычкі перашкаджаюць нам заставацца здаровымі?
— Наша цела фізічна пакутуе ад нашага мыслення, ладу жыцця, працы. Самае асноўнае — сям'я, наш быт. Калі ў сям'і добрыя гарманічныя адносіны, дзеці вырастаюць вельмі здаровыя і амаль не хварэюць.
Хварэюць у асноўным людзі, прагныя да грошай. У грамадстве сёння многае мераюць манетай, гэта няправільна. Маладым людзям не тлумачаць, што не ўсё ў гэтым свеце можна набыць і прадаць. Чалавечыя адносіны не прадаюцца і не набываюцца. Не ўсе заходнія каштоўнасці для нас прыдатныя, не трэба ўсё слепа пераймаць.
Наша крыўда нас прыводзіць да анкалагічных хвароб. Таксама і зайздрасць, якая пачынае чалавека раз'ядаць, як іржа. Без злосці, зайздрасці, крыўды можна жыць. Калі чалавек імпульсіўны, трэба выплюхнуць свае эмоцыі — і забыць. Калі нехта вас пакрыўдзіў, не трымайце гэта ў сабе.
— Вы адразу бачыце, што за чалавек перад вамі? Як наладжваеце кантакт?
— Я кожнага чалавека энергетычна абдымаю і трымаю ў сваіх абдымках. Калі пацыент прыходзіць да мяне, ён не адчувае сябе няёмка. Калі чалавек адкрываецца, яго нашмат прасцей лячыць.
— Вы яшчэ і шмат дапамагаеце людзям — часам бясплатна...
— Ёсць незабяспечаныя людзі, яны прыязджаюць з вёсак, шмат грошай патрацілі на розныя прэпараты. Мы ведаем, у якіх умовах яны жывуць. Калі я бачу, што чалавек небагаты, раблю яму скідку. Ёсць людзі, з якіх увогуле не бяром аплату. Але мы самі вырашаем, каму дапамагчы. Быў выпадак, калі прыйшоў веруючы чалавек: «Я шмат чуў, што вы дапамагаеце людзям. Я таксама хацеў бы дапамагчы — заплаціць за траіх». Я кажу: добра, заплаціце ў касу, а за тое, што вы робіце добрую справу, я яшчэ траіх пралячу ад вашага імя. Так бясплатна я пралячыў шасцярых. Калі пыталі, каму дзякаваць, адказваў: ідзіце ў храм і ўспамінайце Аляксандра. Рабіць дабро неабходна, менавіта праз яго праходзіць лячэнне.
Алена КРАВЕЦ
Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ
Два дні былі насычаны ўнікальнымі выставамі, карыснымі праектамі і інтэрактыўнымі пляцоўкамі.
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».
Галоўная мэта дзяржавы сёння — інтэграваць чалавека з інваліднасцю ў грамадства.