Заазерскія чаўны


У Беларусі налічваецца дваццаць пяць вёсак з назвай Заазер'е. Толькі ў Сенненскім раёне іх чатыры. Заазер'е ў Багданаўскім сельсавеце гэтага раёна знакаміта тым, што тут жыве і працуе лодачны майстар. На жаль, такіх адмысловых спецыялістаў у краіне засталося няшмат, і таму Уладзіміра Вільчынскага і ў сваім, і ў суседніх раёнах добра ведаюць. У гэтым азёрным краі (у Сенненскім раёне семдзесят шэсць вялікіх і малых азёр) лодка — па-ранейшаму рэч запатрабаваная. Наогул Уладзімір Вільчынскі вельмі цікавы чалавек: і як майстар спраў драўляных — ён робіць бочкі, займаецца разьбой па дрэве, — і як добры пчаляр. Заснаваў аграсядзібу, назваўшы яе Спадчына. За гаспадарлівасць Уладзіміра абралі старастам вёскі. Магчыма, пазней «Звязда» раскажа і пра гэтыя ягоныя таленты і захапленні. А наш фотарэпартаж пра тое, як заазерскі майстар робіць чарговую лодку.


На сядзібе Вільчынскага стаіць новая лодка — праканапачаная, прапітаная адмысловым растворам, прасмоленая. Раз-пораз гаспадар залівае ў лодку ваду, каб не рассыхалася пад гарачым летнім сонцам, бо хутка прыедзе рыбак (гэта ён замовіў лодку), павязе гэтае судна на возера, а лодка не павінна даваць цечы. А побач — штабель абпілаваных дошак і збітыя какоры — «паўфабрыкаты» на чарговую лодку.

— Звычайна падрыхтоўка матэрыялаў на будоўлю лодкі цягнецца два-тры дні, але сам працэс зборкі займае ўсяго толькі пару гадзін, — кажа Уладзімір перад пачаткам работы. — І ўсё гэта дзякуючы сучасным прыстасаванням, асабліва бензапіле.

Уладзімір не хавае сваёй тэхналогіі ад людзей, ён прапанаваў мне паназіраць за працэсам нараджэння новай лодкі. Спачатку на зямлю кладуцца пяць дошак, іх збіваюць паміж сабою какорамі і абразаюць — робяць контуры днішча. Уладзімір спрытна арудуе малатком, звонка падае голас піла, яму дапамагае падручны Аляксандр Чарняўскі. Работа ідзе бойка, бо кожны ведае сваю справу. Пятнаццаць хвілін — і дно гатова. Прыладжваюцца карма і нос, эліпсам выгінаюцца і прыбіваюцца бартавыя дошкі...

На ліку майстра ўжо дзясяткі лодак, зробленых па сваёй тэхналогіі, але сучасным інструментам. Сваю першую лодку Вільчынскі збіў пры дапамозе звычайнай сякеры яшчэ ў 1987 годзе. Яго настаўнікам быў лодачны майстар з Сянна дзядуля Аляксандр Альхіменка. Азёрныя лодкі могуць выглядаць па-рознаму, але менавіта дзедаўская школа легла ў аснову стылю заазерскага майстра, і ён яе не мяняе.

Прайшло гадзіны паўтары-дзве, і на падворку майстра з'явілася яшчэ адна наваспечаная лодка. У вольны час гаспадар будзе канапаціць швы і зазоры, растопіць смалу, залье ўсе шчыліны. А каб не рассыхалася — напоўніць вадою. Будзе габляваць вёслы. Пазней, калі аб'явіцца новы гаспадар, у лодкі з'явіцца свой рэгістрацыйны нумар — і яшчэ адно возера будзе калыхаць прыгожую і надзейную заазерскую пласкадонку.

Анатоль Кляшчук, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?