Вы тут

Аўтаспынам да сябе


Аўтаспынам да сябе

Je vis. Tu vis. Nous vivre. Я жыву. Ты жывеш. Мы жывём. Як знайсці сябе і месца, якое назавеш домам? Як не заблытацца на агромністай планеце і быць шчаслівым? Лірычна і іранічна адказвае (ці не адказвае) на гэтыя пытанні Андрэй Горват у новай кнізе «Прэм’ера» (2018).

Андрэй Горват — журналіст па адукацыі, дворнік у Купалаўскім тэатры, чалавек, які пераехаў у вёску і адрадзіў дзедаву хату. А потым напісаў кнігу «Радзіва “Прудок”: дзённік», якой захапілася амаль усё культурнае грамадства краіны. Кніга–сенсацыя: новая форма допісаў у Фэйсбуку; незамылены стыль, насычаны гумарам; беларуская вёска, якая ўсім так надакучыла ў літаратуры школьнай праграмы, адкрылася па–іншаму. Акрамя таго, «Радзіва “Прудок”» — твор пра вяртанне дахаты і да сябе сапраўднага, як Скарлет прагне да Тары, як Саксон і Біл шукаюць Месяцовую даліну ў аднайменным рамане–ўтопіі Джэка Лондана. Пасля выхаду першай кнігі Андрэя Горвата Прудок стаў ужо не проста населеным пунктам недзе ў Калінкавіцкім раёне — ён стаў космасам, дзе стаяць векавыя хвоі–палешукі, можна будаваць лабірынты з пустазелля ды размаўляць з казой Цёцяй–Моцяй.

Кнігу «Прэм’ера» нельга назваць вясёлай. Ды і як можна радавацца, калі шукаеш сябе і ніяк не можаш знайсці? Прудок ужо не здаецца домам, ён падобны да турмы, дзе фельчарка і ўчастковы патрабуюць флюараграфію, мясцовыя прыдумляюць плёткі, бабка Параска падглядае ў вокны, дзеці крычаць: «Пісайцель, Талсты, лапух!» Герой уцякае ў Мінск, дзе нарэшце яго напаткаў поспех: ставяць п’есу па першым творы. Змяняюцца ролі — Горват заходзіць у Купалаўскі тэатр ужо не як дворнік, а як аўтар. Але і гэта яго не радуе: «Персанаж сказаў: — Ты што, не бачыш, як мне пагана? Аўтар бачыў і хацеў выбачыцца. Але разгубіўся і адказаў: — Цярпі». І цяпер незразумела, хто Горват: персанаж ці аўтар. Зразумела толькі, што і ў Мінску ў знятым тэатрам нумары гатэля, і ў прудкоўскай хаце з новапабудаваным душам ён нешчаслівы.

Мова твора таксама спецыфічная, сустракаецца ўжо не толькі дыялект, але і трасянка. І калі гаворка і вобразы «радзівапрудкоўскіх» персанажаў здаваліся мілымі і выклікалі ўсмешку, то героі «Прэм’еры» часам прымушаюць жахнуцца: працаўнікі культуры («Калегі, мне так баліць за беларускую літаратуру. А гэта там марынаваныя грыбочкі?»), уладныя цётачкі з вобласці «на абцасах і з начосамі, таму не маглі хадзіць хутка, асабліва супраць ветру», скрадзены Ленін у Калінкавічах, Сакратарка Касячок, якая бяжыць па аксаміткі, каб упрыгожыць стол паседжання…

У кнізе Горват вандруе з новай гераіняй Оляй па Польшчы, Аўстрыі, Італіі, нарэшце, па такой жаданай Францыі — Парыжы. Але чамусьці яму цяжка прачнуцца і пайсці паглядзець на Эйфелеву вежу. Як цяжка і курыцы, якая, параненая, сядзіць у сенях Горвата.

Цяжка прыйсці туды, не ведаеш куды, асабліва калі бярэш з сабою толькі чамадан, у якім вязеш «не рэчы, а сваю адзіноту». Часам тое, што мы шукаем, бліжэй, чым здаецца. А ва ўсе падарожжы, блізкія ці далёкія, у валізку з адзінотай мы акуратна складваем і сябе. «З лесу йдуць дрымотна хвоі. Шэпчуць хвоі: "Дзе мы, хто мы". Хвоі, хвоі, хвоі, хвоі. Хто я, хто я, хто я, хто я».

Ганна ВАРОНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».