Пераможцам нацыянальнага этапу міжнароднага конкурсу “Экалагічна дружалюбны фермер Балтыйскага рэгіёну – 2019” стала арганічная гаспадарка “Здаровая краіна” з Бераставіцкага раёна. Аб гэтым паведамляе сайт Цэнтра экалагічных рашэнняў. Прадпрыемства атрымае прыз у памеры 1000 еўра і магчымасць прыняць удзел у рэгіянальным конкурсе, што пройдзе ў Польшчы ў гэтым годзе.
Конкурс праводзіцца Сусветным фондам дзікай прыроды (WWF) для таго, каб папулярызаваць перадавыя “зялёныя” тэхналогіі ў сельскай гаспадарцы, а таксама падтрымаць фермераў і сельгасвытворцаў, якія імкнуцца знізіць экалагічную нагрузку на басейн Балтыйскага мора.
У Беларусі нацыянальны этап прайшоў у другі раз. Яго ініцыятарамі па традыцыі выступілі Цэнтр экалагічных рашэнняў (Беларусь) і Кааліцыя Чыстая Балтыка (Швецыя). Пераможцаў і прызёраў вызначала прафесійнае журы, у склад якога ўвайшлі эколагі, спецыялісты ў галіне арганічнай сельскай гаспадаркі, а таксама прадстаўнік ад сельскагаспадарчага прадпрыемства. Пры ацэньванні ўвага звярталася, найперш, на адмаўленне ад выкарыстання хімічных угнаенняў і пестыцыдаў, а таксама на тое, як у гаспадарцы атрымліваецца скараціць сцёк забруджвальных рэчываў у вадаёмы.
— Перамогу мы аднагалосна прысудзілі ТАА “Здаровая краіна” — буйной сучаснай гаспадарцы, якая прымяняе перадавыя сельскагаспадарчыя тэхналогіі і беражліва ставіцца да водных рэсурсаў. Прыемна, што ў прадпрыемства ёсць стратэгічны план і сістэма далейшага развіцця, — пракаментавала рашэнне журы яго старшыня, начальнік галоўнага ўпраўлення экалагічнай палітыкі, міжнароднага супрацоўніцтва і навукі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Кацярына КУЗНЯЦОВА.
— Паколькі арганічная сельская гаспадарка не прадугледжвае выкарыстанне сінтэтычных угнаенняў, мы ўважліва вывучалі, якім чынам фермер выбудоўвае сваю працу без іх, чым “корміць” расліны, з дапамогай якіх сродкаў змагаецца з пустазеллем і шкоднікамі. Вялікае значэнне мела таксама культура земляробства, — дадаў дацэнт кафедры кіравання рэгіянальным развіццём Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, кандыдат біялагічных навук Віктар ЯРМОЛЕНКАЎ. — “Здаровая краіна” — унікальны для Беларусі прыклад буйной арганічнай гаспадаркі, дзе паспяхова вырошчваюць самыя разнастайныя культуры, выкарыстоўваючы інавацыйныя тэхналогіі севазвароту і ўнікальную сістэму арашэння.
Асноўная спецыялізацыя гаспадаркі — ягадныя культуры. Плошчы пасадак уражваюць — адных толькі клубніц тут 25 гектараў. Акрамя яе ў “Здаровай краіне” вырошчваюць маліну, парэчкі, дурніцы, суніцы, бружмель. У гэтым годзе заклалі сад арганічнай чарэшні. Большая ж палова зямель адведзена пад збожжавыя культуры: пшаніцу, жыта, авёс, спельту, грэчку. Вырошчваюць у гаспадарцы бабовыя і зернебабовыя культуры.
Відавочна, што атрымаць добры ўраджай без правільнага паліву і харчавання немагчыма, таму расліны падкормліваюць адмысловымі біяпрэпаратамі, а для паліву выкарыстоўваюць унікальную для Беларусі радыёкіраваную сістэму, якую наладжваюць пад кожную канкрэтную культуру.
Планы ў гаспадаркі амбіцыйныя — у наступным годзе будзе закладзены вялікі яблыневы сад, прапрацоўваецца магчымасць экспарту арганічнай прадукцыі ў Расію. Акрамя таго, нядаўна “Здаровая краіна” пачала супрацоўнічаць з буйнымі гандлёвымі сеткамі. Цяпер экалагічна чыстыя прадукты з Бераставіцкага раёна можна купіць у чатырох сталічных гіпермаркетах і анлайн-крамах арганічных прадуктаў.
Выйгрыш прадпрыемства плануе выдаткаваць на чарговую працэдуру сертыфікацыі. Яшчэ адзін бонус — магчымасць прыняць удзел у рэгіянальным этапе конкурсу “Экалагічна дружалюбны фермер Балтыйскага рэгіёну — 2019” у Польшчы. Яго пераможца атрымае прыз у памеры 10 000 еўра.
Надзея НІКАЛАЕВА
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.