Вы тут

Адэльск: турыстычная Мекка на прыграніччы


Адэльск — унікальнае месца. Ціхая вёска на самым ускрайку заходняй мяжы становіцца з кожным годам усё больш знакамітай. Гэта адзіная вёска ў Беларусі, дзе захоўваюцца два элементы нематэрыяльнай культурнай спадчыны. А мясцовы храм з'яўляецца помнікам старажытнага драўлянага дойлідства.


Пад аховай Антонія

Адэльскі фэст — адно з тых святаў, якое ніколі не пераносіцца. Яго святкуюць у аграгарадку толькі ў гэты дзень — 13 ліпеня. Гэта звязана з днём памяці святога Антонія Падуанскага, які лічыцца ахоўнікам Адэльска. Яго выява прысутнічае на гербе аграгарадка, прынятым амаль 10 гадоў таму ў адпаведнасці са старажытнымі запісамі. Іх знайшоў настаяцель мясцовага касцёла. Тады ж усталявалі бронзавы помнік ахоўніку вёскі. Цікавы факт — статуя святога з'явілася не на тэрыторыі храма, а за яго межамі, і гэта рэдкі выпадак у адносінах да помнікаў святым.

Мясцовы храм — таксама знакаміты і з'яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Гэта адзін з двух каталіцкіх храмаў, якія пабудаваны ў першай палове ХVІІІ стагоддзя без адзінага цвіка. Тут захоўваецца ікона святога Антонія, якая лічыцца цудадзейнай. Многія жыхары могуць расказаць, як прапаведнік дапамагае ў цяжкую хвіліну. Сярод яго малітваў, напрыклад, такія — «Калі ты згубіў», «Хлеб для бедных» і іншыя. У касцёле менавіта 13 ліпеня часта праводзіць набажэнствы кіраўнік каталіцкай царквы ў Беларусі, архіепіскап — мітрапаліт Мінскі і Магілёўскі Тадэуш Кандрусевіч, які і сам родам адсюль.

Дудкі майстра Скрамблевіча

І гэта не проста дудкі, а самабытныя інструменты. Іх у народнага майстра-музыкі не пералічыць. Тут і флейты, і акарыны, і ражкі, і свістулькі, і жалейкі, і нейкія клякоткі-трашчоткі... А на сёлетнім фэсце Мар'ян Антонавіч прэзентаваў яшчэ дудкі са шлангам. Яны імітуюць галасы жывёл — вала, дзіка, зязюлі, жураўлёў. Усе інструменты — драўляныя. Майстар карыстаецца рознымі пародамі, іх каля сарака. Ёсць і экзатычныя. Напрыклад, бамбук з Інданезіі, кедр з Сібіры. Ці сасна са смаляным пахам, якой 300 гадоў. А яго калекцыя акарын у выглядзе птушак і рыб лічыцца адзінай у Еўропе.

— Гэтай музыкай з нізкімі гукамі можна нават лячыць, — упэўнены майстар. — Калі дзіця плача, яно адразу заспакоіцца, пачуўшы такія гукі, — ужо не раз так адбывалася.

Адразу падумалася: а чаму, напрыклад, не распаўсюджваць гэтую мелодыю праз электронныя носьбіты і не выкарыстоўваць у пакоях псіхалагічнай разгрузкі? Бо гукі сапраўды незвычайныя. Напрыклад, унікальна гучыць парная жалейка, ёсць і трайныя дудкі. Мар'ян Скрамблевіч распрацаваў сваю аўтарскую сістэму стварэння духавых народных інструментаў і можа зладзіць іх у любой танальнасці.

Самабытная творчасць майстра ўключана ў спіс гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. У мясцовым доме культуры арганізавана майстэрня і музей. Некалькі дзясяткаў дудак Мар'ян Антонавіч падарыў Гродзенскай музычнай школе. Ён лічыць, што кожны музыкант павінен валодаць народнымі інструментамі. Гэтыя гукі здольны закрануць душу кожнага чалавека.

— Я насычаюся гукамі, удасканальваю іх, — кажа Мар'ян Антонавіч. — Адкуль бы чалавек ні прыехаў, душа аднолькавая, трэба яе разбудзіць, каб яна адгукнулася на дабро, на прыроду, каб чалавек не разбураў, а толькі хацеў гэту прыроду зберагчы.

Сёлета майстру споўнілася 80 год. Ён ахвотна дэманструе сваю ўнікальную калекцыю, прымае бясконцыя экскурсіі як з Беларусі, так і з замежжа. Нядаўна, напрыклад, прыязджалі госці з польскай кансерваторыі. Часта бываюць навучэнцы музычных школ. Сам майстар — удзельнік усіх свят раёна і вобласці. Але «Адэльскі фэст» яму асабліва дарагі, бо тут ён можа зайграць для сваіх землякоў, якія яго паважаюць і ганарацца ім.

Стравы з Адэльска

Яны гатуюцца па старажытных рэцэптах. І не ў нейкіх рэдкіх выпадках, а пастаянна. Такімі рэцэптамі карыстаюцца ў многіх сем'ях.

Наталля Кавалькова, вядомая майстрыха-вышывальшчыца, расказала, што яна любіць гатаваць бігас, бабку, кішку. Гэта традыцыйныя стравы. А яшчэ тут добра пякуць хлеб, робяць клінковыя сыры, гатуюць мясныя і бульбяныя стравы. Падчас фэсту ў Адэльск з'язджаюцца да сваіх бацькоў дзеці з горада, і ў гэты дзень іх чакае менавіта такая кухня. Адэльскія гаспадыні аддаюць перавагу цёртай бульбе, з якой гатуецца нямала страў.

— Бабка на сталах і зараз у нас заўсёды, папулярна вельмі кішка, на свята — абавязкова хрусты, пончыкі, вось, частуйцеся, — прапануе жанчына.

І сапраўды, пончыкі тут надзвычай смачныя. Праўда, ад спякоты не ўдалося паказаць увесь асартымент адэльскай кухні, якая ўключана ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі.

Наталля Кавалькова між тым звяртае ўвагу на тканы дыван, які выканала вядомая адэльская майстрыха Ядзвіга Райская. Яна адна з тых, хто адрадзіў у рэгіёне тэхніку падвойнага ткацтва. Яе вырабы ўнікальны сваімі непаўторнымі ўзорамі, якія жанчына выдумляла сама. Адзін такі дыван знаходзіцца ў цэнтры культуры, яго падарыла ўнучка майстрыхі.

Новы размах

Наталля Кавалькова згадвае, што раней такога маштабнага свята ў гэты дзень не было. Пасля службы ў касцёле ўсе разыходзіліся па сваіх дамах. З цягам часу наладзілі свята вёскі. У гэты дзень праўленне мясцовай гаспадаркі, прафсаюзныя арганізацыі ўзнагароджваюць найлепшых работнікаў, перад жыхарамі выступаюць мясцовыя калектывы і беларускія зоркі. На гэты раз з канцэртам выступіў Саша Нема.

— Шукаем новыя формы, напрыклад, гэтым разам мы запрасілі тэатр жывых скульптур, з імі робяць здымкі і дарослыя, і дзеці. Выступіў духавы аркестр Гродзенскай пагранічнай групы. Шмат прыехала атракцыёнаў. Гэта адно з брэндавых свят усяго Гродзенскага раёна, — паведаміў старшыня Адэльскага сельсавета Уладзімір Трутнеў.

У размове закранулі надзённыя пытанні. Як і ўсюды, тут заклапочаны станам дарог. Прычым не ў самім аграгарадку, а на аўтамагістралях, якія вядуць да абласнога цэнтра. Гэтай праблеме цяпер надаецца ўвага на дзяржаўным узроўні, вось і ў Адэльску спадзяюцца, што дарожныя службы змогуць гэту праблему паступова вырашыць.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота Мікалая ЛАПІНА

Загаловак у газеце: Турыстычная Мекка на прыграніччы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі. 

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.