Вы тут

15 гадоў таму выйшаў фільм «Вечнае ззянне чыстага розуму»


15 гадоў таму на экраны выйшла оскараносная рамантычна-фантастычная драма «Вечнае ззянне чыстага розуму». Фільм сцэнарыста Чарлі Каўфмана і рэжысёра Мішэля Гондры атрымаў некалькі дзясяткаў прэстыжных кінаўзнагарод — ад «Оскара» за найлепшы сцэнарый да прэмій BAFTA і Брэма Стокера, сабраў у сусветным пракаце больш за 72 мільёны долараў (пры бюджэце 30 мільёнаў) і заняў трывалае месца ў сэрцах многіх кінаманаў — а ў 2015 годзе яго аднавілі ўжо ў выглядзе тэатральнай пастаноўкі ў Паўднёвай Карэі.


kinopoisk.ru

Паводле сюжэта гэтай гісторыі, экстравагантная і жыццярадасная дзяўчына Клеменціна (Кейт Уінслет) і самотны меланхолік Джоэл (Джым Керы — дарэчы, гэта адна з нямногіх яго некамедыйных роляў) выпадкова сустрэліся ў цягніку і пакахалі адно аднаго. Але з часам праблем, напружання і незадаволенасці адно адным у стасунках стала настолькі многа, што маладыя людзі паскандалілі і рассталіся. А калі Джоэл вырашыў памірыцца і зайшоў да дзяўчыны на работу, тая... не пазнала яго. Як высветлілася, Клеменціна з дапамогай нейкай фірмы сцерла ўсе ўспаміны пра каханага. Каб выкінуць яе з сэрца, Джоэл вырашае зрабіць тое ж самае — аднак падсвядомасць катэгарычна супраць тэхналагічнага ўмяшання, таму дарагія моманты адсоўваюцца ў самыя патаемныя куткі памяці ажно да дзяцінства, адкуль іх немагчыма выдаліць. Паступова героі фільма разумеюць, што ёсць у жыцці рэчы, непадуладныя ніякім сучасным тэхналогіям...

Пакуль вы вырашаеце, ці варта перагледзець стужку наноў — напрыклад, канал ТБ3 пакажа «Вечнае ззянне...» у наступную пятніцу, 28 чэрвеня, — нагадаем некаторыя цікавыя факты пра фільм, якія маглі дзіўным чынам сцерціся з вашай памяці.

  • Ідэю стужкі падарыў сябар рэжысёра, мастак П'ер Вісмут, які прапанаваў: «Уявіце, што вам прыносяць паштоўку, дзе напісана: хтосьці, каго вы ведаеце, толькі што сцёр вас са сваёй памяці».
  • У галоўнай мужчынскай ролі рэжысёр стужкі бачыў Нікаласа Кейджа, а ніяк не запіснога коміка Керы. Аднак першага прапанова не зацікавіла, а другі, наадварот, быў рады разбурыць трохі стэрэатыпнае ўспрыманне гледачоў і паспрабаваць штосьці новае — зусім не імпульсіўны, статычны вобраз.
  • Усе эксцэнтрычныя адценні прычоскі Кейт Уінслет у фільме — гэта парыкі, а не здзек з валасоў актрысы. Яна гатовая была фарбавацца насамрэч, але фільм здымаўся не ў храналагічным парадку, таму колеры трэба было б змяняць некалькі разоў на дзень. Кожны колер мае сваё значэнне: зялёны — першая сустрэча, чырвоны — фантастычныя сцэны, аранжавы — рамантычныя стасункі, а сіні — паўторнае знаёмства пасля «чысткі» памяці. Самой Кейт, дарэчы, больш за ўсё падабаўся чырвоны парык.
  • Абсалютная большасць эфектаў у фільме створаная без мантажу: так, у сцэне, дзе герой бачыць сябе самога на прыёме ў доктара, рэжысёр прымусіў Джыма Керы насамрэч пераапранацца і бегаць туды-сюды, а прыліў, які затапіў пляжны домік, — не намаляваны на камп'ютары, а сапраўдны.
  • Першая версія сцэнарыя заканчваецца бясконцым цыклам сціранняў і ўз'яднанняў Клеменціны і Джоэла: праз 50 гадоў пажылая Клеменціна наведвае доктара і бачыць у камп'ютары спіс з 15 дат папярэдніх сціранняў памяці. Канчатковы фінал карціны, у якім героі вырашаюць пачаць адносіны з чыстага аркуша, больш аптымістычны.

Загаловак у газеце: Ты помніш, як усё пачыналася?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».