Вы тут

Кацярына Зенкевіч: Усе пытанні да поўнага іх вырашэння застаюцца на кантролі


На кантролі ў старшыні Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў Кацярыны Зенкевіч цэлае кола пытанняў — ад рэалізацыі дзяржаўных праграм да пэўных праблем асобных грамадзян. І ўсё ж найбольш актуальным сёння яна лічыць садзейнічанне занятасці насельніцтва і забеспячэнне дастойнага ўзроўню жыцця:

— Цяпер у вобласці дзейнічае 25 пастаянных камісій па садзейнічанні занятасці насельніцтва. Старшыні раённых Саветаў дэпутатаў, якія іх узначальваюць, у даступнай форме расказваюць пра існуючыя магчымасці. У тым ліку пра ажыццяўленне прадпрымальніцкай дзейнасці без неабходнасці рэгістравацца ў якасці суб'екта прадпрымальніцтва, атрыманне субсідый, аказанне паслуг у сферы аграэкатурызму, пра спецыяльныя рэжымы падаткаабкладання. Такая сістэмная работа дазволіла зменшыць каэфіцыент напружанасці на рынку працы ў параўнанні з аналагічным леташнім перыядам з 0,4 да 0,2. Сёлета ў студзені — красавіку працаўладкавана 7640 грамадзян, з іх беспрацоўных — 4593. Важна не толькі забяспечыць работай, а даць магчымасць самарэалізавацца. Таму мы надаём вялікую ўвагу развіццю прыватнага бізнесу, самазанятасці людзей. На пачатак мая на Гомельшчыне зарэгістравана амаль 38 тысяч суб'ектаў прадпрымальніцтва. Гэтая лічба павялічваецца. Роля дэпутацкага корпуса тут вялікая. Мы актыўна ўзаемадзейнічаем і з дзяржаўнымі органамі кіравання, і з прыватным бізнесам. Рэгулярна праводзім выязныя сустрэчы ў рэгіёнах, дзе комплексна і кропкава вырашаем цэлае кола пытанняў.

— Кацярына Анатольеўна, разам з вамі і мне давялося быць удзельніцай такіх сустрэч-семінараў. Калі падагульняць іх дзейнасць, якія важныя праблемы атрымалася вырашыць?

— Сёлета за пяць месяцаў мы вывучылі досвед работы ў пяці раёнах, а запланавана наведаць яшчэ сем. Нашы сустрэчы раскрываюць унікальнасць кожнага рэгіёна. У семінарах бяруць удзел прадстаўнікі органаў кіравання, прадпрыемстваў і арганізацый, якія адначасова з'яўляюцца дэпутатамі Саветаў рознага ўзроўню. Падчас сустрэч мы наведваем да пяці сельсаветаў. У кожным — некалькі населеных пунктаў. Абавязкова сустракаемся з насельніцтвам, працоўнымі калектывамі, аглядаем аб'екты сацкультбыту. Напрыклад, Гомель падзяліўся ўнікальнымі напрацоўкамі сістэмнага ўзаемадзеяння органаў мясцовага кіравання і самакіравання з насельніцтвам праз калегіяльны орган тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання (КОТГС). Калі ў вёсцы ёсць старэйшына, стараста, памочнік старшыні Савета, то ў горадзе гэтая дзейнасць мае спецыфіку. На тэрыторыі Буда-Кашалёўскага раёна быў вывучаны досвед рэгіёна па аднаўленні, захаванні і развіцці традыцыйных культур і рамёстваў. Брагінскі раён падзяліўся сваімі ўнікальнымі мясцовымі ініцыятывамі, якія рэалізуюцца ва ўзаемадзеянні з міжнароднымі арганізацыямі. Раён пацярпеў ад чарнобыльскай катастрофы, тым не менш ён працягвае жыць і развівацца. У выніку рэалізацыі мясцовых ініцыятыў там вырошчваюць экалагічна чыстую сельскагаспадарчую прадукцыю па новых інавацыйных методыках.

— Дарэчы, мы падрабязна пісалі аб гэтым у «Мясцовым самакіраванні»...

— Іншыя мясцовыя Саветы таксама актыўна працуюць з праектамі Еўрасаюза і праграмамі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па садзейнічанні развіццю на мясцовым узроўні. Агульны бюджэт для рэалізацыі мясцовых ініцыятыў у 2018 годзе склаў амаль 500 тысяч долараў і каля 800 тысяч еўра. У Гомельскай вобласці дзякуючы мясцовым ініцыятывам абнаўляецца абсталяванне, добраўпарадкоўваюцца тэрыторыі, укараняюцца прынцыпы здаровага ладу жыцця. Напрыклад, у Лоеўскім раёне пачаў працаваць сямейны клуб «Нашчадкі Лоя»; «Музей хлеба» і «Цэнтр ткацтва» — у Чачэрскім раёне; ініцыятыва «Дзейнічаем разам» у доме састарэлых Веткаўскага раёна і іншыя. Ініцыятарам і каардынатарам звычайна выступае абласны Савет дэпутатаў.

— Навядзенне парадку на зямлі — адна з пастаянных задач, што дэпутаты мясцовых Саветаў робяць для развіцця сваіх тэрыторый?

— На сённяшні дзень мы вывучылі стан спраў у кожным раёне, прыцягнулі прадстаўнікоў камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, санстанцыі, ЖКГ, землеўпарадкавальную службу, МНС, УУС і іншых. У выніку вырашылі дзве, на мой погляд, глабальныя задачы. Першая — гэтыя службы былі кантралёрамі над старшынёй сельсавета, а цяпер сталі партнёрамі па агульнай справе — стварэнні годных умоў жыцця. Другая — насельніцтва стала браць актыўна ўдзел у грамадскім жыцці свайго рэгіёна. Прычым не толькі ў добраўпарадкаванні, самафінансаванні, але таксама ў спартыўным і культурным жыцці. Я неаднаразова ўдзельнічала ў мясцовых суботніках і бачыла, як шчыра людзі адгукаюцца на любую ініцыятыву, у тым ліку на сумесную працу. Быў нават кур'ёзны выпадак. Мясцовы блогер у адным з раёнаў прыйшоў на суботнік з відэаапаратурай. Ён пачаў, мякка кажучы, пакепліваць з землякоў, якія працавалі. У выніку ўзяў граблі і пайшоў прыбіраць скошаную траву. Гэта вельмі паказальны прыклад сумеснай работы дэпутатаў і мясцовага насельніцтва. Летась і сёлета мы паўсюдна праводзілі суботнікі. Такім чынам прыведзены ў парадак месцы масавага адпачынку, помнікі, паркі, скверы, дзіцячыя пляцоўкі, пасаджаны тысячы дрэў. Чалавек, які сам паставіў плот ці пасадзіў дрэва, ніколі не зломіць яго. І іншым не дасць гэта зрабіць.

— Якім чынам заахвочваюцца актыўныя дэпутаты і іх ініцыятывы?

— З мэтай павышэння ролі органаў мясцовага самакіравання, зацікаўленасці мясцовага насельніцтва арганізавана работа па правядзенні штогадовага конкурсу сярод гарадскіх, пасялковых, сельскіх Саветаў дэпутатаў, органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання. У абласным бюджэце штогод прадугледжваюцца сродкі на заахвочванне пераможцаў. Сумы для бюджэтаў Саветаў вельмі значныя: ад 10 да 1500 базавых велічынь. Вынікі конкурсаў падводзяцца штогод да 1 мая. Аналагічныя конкурсы арганізуюцца і ў раёнах. Прызавы фонд накіроўваецца на добраўпарадкаванне тэрыторый, умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы Саветаў. Сёлета, напрыклад, у групе з колькасцю насельніцтва ад 1100 да 1500 чалавек перамог Скрыгалаўскі сельскі Савет Мазырскага раёна. Частку сродкаў там накіравалі на ўстанаўленне агароджы ў вёсцы Лешня. Сюды на маляўнічае возера часта прыязджаюць госці Гомельшчыны. Таму ахайны знешні выгляд населенага пункта — яго важная характарыстыка.

— Кацярына Анатольеўна, абласны Савет практыкуе разнастайныя формы стасункаў з насельніцтвам. Якія з іх найбольш прадуктыўныя?

— Насамрэч іх шмат, бо мы павінны ведаць пра ўсе жыццёвыя праблемы, якія трэба вырашаць першачаргова. Нашы кіраўнікі сельсаветаў праводзяць сходы па месцы жыхарства, сустрэчы ў працоўных калектывах, выязныя сумесныя прыёмы грамадзян... Дарэчы, работа са зваротамі — адна з самых важных формаў дзейнасці.

Дадаткова ўведзена практыка прыёму пасля сустрэч у працоўных калектывах. Дэпутатамі абласнога Савета за пяць месяцаў года праведзена каля 350 сустрэч з працоўнымі калектывамі і на месцах у выбарчых акругах і столькі ж асабістых прыёмаў грамадзян, разгледжана каля 500 зваротаў. Я сустракалася з працоўнымі калектывамі ААТ «Камінтэрн», ДЛГУ «Гомельскі доследны лясгас», Хойніцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя. Хутка пройдзе сустрэча ў Рагачове. Непасрэдна ў абласны Савет паступіла 20 асабістых зваротаў і 58 — на прамую тэлефонную лінію. Усе пытанні да поўнага іх вырашэння застаюцца на кантролі. З асабістага досведу магу сказаць, што работа дае эфект. Людзі ведаюць пра магчымасці дэпутата і таму даволі часта звяртаюцца да яго па дапамогу ці кансультацыю. Як старшыня абласнога Савета дэпутатаў я вяду прыём грамадзян кожны другі аўторак месяца, як дэпутат ад Бярэзінскай выбарчай акругі № 55 — кожны трэці чацвер. Адзначу: самая вялікая колькасць пытанняў датычыцца жыллёва-камунальнай гаспадаркі, працаўладкавання, гандлёвага і бытавога абслугоўвання, падтрымкі асабістых дапаможных гаспадарак, добраўпарадкавання...

— Ці часта да вас звяртаюцца людзі, якім патрэбна асаблівая ўвага, напрыклад састарэлыя?

— Клопат пра людзей паважнага ўзросту — гэта асабліва важная тэма. Пажылыя грамадзяне звяртаюцца з просьбай штосьці адрамантаваць, забяспечыць бясплатным сацыяльным абслугоўваннем. Пры гэтым часта ў іх ёсць працаздольныя і забяспечаныя дзеці. Нярэдка гэтага патрабуюць і самі дзеці. Задача дэпутата — даходліва растлумачыць, чым дзяржава можа дапамагчы, вырашэнне якіх пытанняў можа пачакаць, а што павінен рабіць сам грамадзянін. Асаблівая ўвага надаецца стварэнню бяспечных умоў жыцця. На Гомельшчыне створана 346 наглядальных камісій. Іх дзейнасць каардынуюць старшыні сельсаветаў. Члены камісій ведаюць усіх, хто схільны да рызыковых паводзін, хто вядзе асацыяльны лад жыцця, тых, хто знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, у дачыненні да каго ёсць інфармацыя пра наяўнасць прычын і ўмоў, што ствараюць пагрозу жыццю і здароўю. Рэйды праходзяць пастаянна. За чатыры месяцы года абследавана 68 тысяч домаўладанняў. Устаноўлена 14 чалавек, якім патрабавалася аказанне экстраннай медыцынскай дапамогі. Ідзе кантроль за тым, як устараняюцца выяўленыя факты парушэнняў.

— Раскажыце, калі ласка, пра тое, як дэпутаты мясцовых Саветаў прадстаўляюць Гомельшчыну на міжнароднай арэне.

— Летась мы сталі ўдзельнікамі пятага Форума рэгіёнаў Беларусі і Расіі ў Магілёве, першага Форума рэгіёнаў Беларусі і Украіны ў Гомелі, міжнароднай канферэнцыі ў Бранскай вобласці і іншых значных мерапрыемстваў. Сёлета ў ліпені ў Санкт-Пецярбургу адбудзецца шосты Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Другі Форум рэгіёнаў Беларусі і Украіны плануецца ў жніўні ў Жытоміры. Гомельскім абласным Саветам дэпутатаў падпісаны дагаворы з Амурскай, Бранскай, Курскай і Арэнбургскай абласцямі, заканадаўчымі сходамі Ніжагародскай і Кіраўскай абласцей, а таксама шэраг іншых інтэграцыйных дагавораў, якія павышаюць узровень міжрэгіянальных сувязяў. Адным з кірункаў работы з'яўляецца практычнае ўзаемадзеянне з калегамі ў краіне. Я лічу, што дэпутаты павінны галосна і адкрыта інфармаваць выбаршчыкаў аб сваёй працы, планах, часцей выступаць у прэсе, даносіць свой пункт гледжання, тлумачыць актуальныя пытанні, таму што недахоп інфармацыі спараджае неабгрунтаваныя чуткі. Хачу падзякаваць нашым выбаршчыкам за неабыякавасць, актыўную жыццёвую пазіцыю, давер і падтрымку. За работай дэпутата стаяць дабрабыт людзей, рашэнне іх надзённых праблем. Мы будзем і надалей актыўна працаваць над выкананнем усіх пастаўленых задач.

Гомельскім абласным Саветам дэпутатаў прыняты 16 рэгіянальных комплексаў мерапрыемстваў па рэалізацыі дзяржаўных праграм: «Малое і сярэдняе прадпрымальніцтва», «Сацыяльная абарона і садзейнічанне занятасці», «Адукацыя і маладзёжная палітыка», «Культура Беларусі», «Пераадоленне наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС на 2011—2015 гады і на перыяд да 2020 года», «Ахова навакольнага асяроддзя і ўстойлівае выкарыстанне прыродных рэсурсаў», «Развіццё аграрнага бізнесу» і іншыя.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Узаемадзеянне вырашае ўсё

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Што змянілася ў парадку рэгістрацыіі жыллёвай нерухомасці?

Што змянілася ў парадку рэгістрацыіі жыллёвай нерухомасці?

Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.  

Грамадства

Старт акцыі «Нашы дзеці» будзе дадзены 16 снежня

Старт акцыі «Нашы дзеці» будзе дадзены 16 снежня

Мерапрыемства пачнецца на Віцебшчыне.

Грамадства

Навацыі сацыяльнай сферы ў 2025 годзе

Навацыі сацыяльнай сферы ў 2025 годзе

Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці 

Грамадства

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.