У крыві маці, двухгадовы сын якой патануў на гэтым тыдні на возеры Белым у Бешанковіцкім раёне, было 3,6 праміле алкаголю. Зараз 30-гадовая жанчына, якая, дарэчы, таксама танула, але яе ўдалося выратаваць, знаходзіцца ў ізалятары, праводзяцца мерапрыемствы па ўстанаўленні яе віны. Пра трагедыі, да якіх прыводзіць сумяшчэнне летняга адпачынку на прыродзе з алкаголем, расказалі спецыялісты.
З пачатку года ў Беларусі патанула 159 чалавек (сярод іх 17 непаўналетніх). У тым ліку падчас купання загінула 46 чалавек (трое дзяцей). 90 % людзей гіне ў неарганізаваных і забароненых для купання месцах. Каля 60 % загінулых знаходзіліся ў стане алкагольнага ап'янення. Выратаваць пры гэтым удалося больш за 130 чалавек.
— У параўнанні з мінулым годам у нас назіраецца рост колькасці загінулых — на 28 чалавек, — адзначае старшыня Беларускага рэспубліканскага таварыства выратавання на водах (АСВОД) Анвар Ігамбердыеў. — Прычым сыграў сваю ролю анамальна спякотны перыяд — за тыдзень у краіне патанула 46 чалавек. Выратаваць удалося 19.
Найчасцей прычынай гібелі дзяцей становіцца нядбайнасць дарослых. На возеры Каташы пад Кобрынам патануў шасцігадовы хлопчык. Купацца ён пайшоў у суправаджэнні айчыма і двухгадовай сястры. Мужчына ў пэўны момант страціў яго з поля зроку, хлопчык зайшоў у чарот і патануў «на роўным месцы». Гэтак жа загінуў пяцігадовы малы на сажалцы ў Мікашэвіцкім раёне. У Магілёўскай вобласці двое братоў 6 і 11 гадоў каталіся на ровары. Малодшы падышоў да вады і паслізнуўся на бетонным пакрыцці, старэйшы кінуўся на дапамогу. У выніку абодвы хлопчыкі патанулі ў 3,5-метровай яме.
Выпадкаў, калі дзеці гінуць з-за недагляду бацькоў і дарослых, вельмі шмат. Таму спецыялісты раяць выбіраць толькі арганізаваныя месцы для купання, не выпускаць з поля зроку дзяцей, а малых, якія не ўмеюць плаваць, трымаць у вадзе за руку. А таксама памятаць, да якіх трагедый можа прывесці ўжыванне алкаголю падчас адпачынку на вадаёмах.
Таксама спецыялісты нагадваюць пра неабходнасць выкарыстання выратавальных камізэлек падчас знаходжання ў лодках, яхтах і іншых плавальных сродках. І прыводзяць прыклад, калі на возеры Нарач перакулілася яхта з групай кітайскіх турыстаў. Усіх іх удалося выратаваць, бо яны былі ў камізэльках. А вось пажылой пары, якая адзначала дзень нараджэння ў лодцы на тым жа возеры, выжыць не ўдалося — выратавальныя камізэлькі знаходзіліся ў лодцы, а надзець іх людзі не пажадалі. Навыкаў мужчыны не хапіла, каб выратаваць сваю спадарожніцу, і на глыбіні шасці метраў абодва загінулі.
Раўнадушша дарослых таксама часта становіцца прычынай гібелі.
— У Бярэзінскім раёне школьнік упаў з тарзанкі. Побач сядзеў рыбак з вудачкай і нават не зварухнуўся з месца. Сказаў, што сам не ўмее плаваць. А дзіця патанула каля берага, дастаткова было зрабіць некалькі крокаў ці працягнуць вуду. Ну як так можна? — здзіўляецца старшыня АСВОДа.
Нярэдка бравада абарочваецца трагедыяй і для дзяцей, і для дарослых.
— Скачуць у ваду, ныраюць, у выніку ламаюць пазванкі, атрымліваюць іншыя віды траўмаў, — кажа Анвар Ігамбердыеў. — Дарослыя садзяць дзяцей, якія не ўмеюць плаваць, на спіну і пераплываюць раку. Пачынаюць тануць і аказваюцца перад выбарам: каго выратоўваць — сябе ці дзіця?
Летам узрастае колькасць траўмаў шыйнага аддзела пазваночніка.
— Зараз трэць пацыентаў у рэанімацыі РНПЦ траўматалогіі і артапедыі — са спінальнымі траўмамі, — працягвае галоўны спецыяліст упраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі Міністэрства аховы здароўя Сяргей Аўдзей.
Справа ў тым, што пацыент амаль не аднаўляецца пасля пералому шыйнага аддзела пазваночніка, асабліва калі адбылося пашкоджанне спіннога мозгу. І са здаровага чалавека ператвараецца ў інваліда на калясцы.
— Чалавек у стане алкагольнага ап'янення неадэкватна ацэньвае сітуацыю, і часта такія траўмы атрымліваюць п'яныя нырцы, — расказвае вядучы навуковы супрацоўнік неўралагічнага аддзела РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі, кандыдат медыцынскіх навук Глеб Забродзец. — Такі чалавек не кантралюе сябе, што прыводзіць і да цеплавых і сонечных удараў. Наступствы не такія страшныя, аднак і гэта вядзе да шпіталізацыі.
Трэба памятаць, што ў анамальную спякоту, а такой для Беларусі з'яўляецца надвор'е з тэмпературай 30 градусаў і вышэй, наш арганізм знаходзіцца пад асаблівай нагрузкай. Усе органы працуюць з напружаннем, асабліва сардэчна-сасудзістая сістэма.
— Ужыванне вадкасці — найлепшая прафілактыка. Здаецца, што халодны алкаголь паляпшае наш стан. Аднак гэта вялікая памылка. Алкаголь узмацняе смагу і пагаршае стан арганізма, — папярэджвае намеснік галоўнага ўрача Гарадскога клінічнага наркалагічнага дыспансера Жанна Істоміна.
Асабліва эксперт не раіць ужываць алкаголь у дзённыя гадзіны. Па магчымасці знаходзіцца ў памяшканні, дзе ёсць кандыцыянеры ці свежыя патокі паветра. А наталяць смагу ўсё ж лепш за ўсё вадой.
Алена КРАВЕЦ
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.