Вы тут

Прэзідэнт Беларусі сустрэўся з высокімі гасцямі ІІ Еўрапейскіх гульняў


Напярэдадні цырымоніі адкрыцця ІІ Еўрапейскіх гульняў Прэзідэнт прымае ў Палацы Незалежнасці паважаных замежных гасцей, якія прыбылі на форум. 


Прэзідэнт Беларусі: Я зраблю ўсё, каб добрыя адносіны з Грузіяй ва ўсіх сферах захаваліся навечна 

Візіт кіраўніка Грузіі быў вельмі кароткі, але Аляксандр Лукашэнка выказаў надзею, што Саломэ Зурабішвілі знойдзе магчымасць у бліжэйшай будучыні зноў наведаць не толькі Мінск, але і іншыя мясціны краіны. Прэзідэнт Грузіі прыняла рашэнне экстранна вярнуцца ў Тбілісі з нагоды масавых беспарадкаў, якія адбыліся напярэдадні.


«Я думаю, вы добра знаёмыя з нюансамі беларуска-грузінскіх адносін. Не буду тут пераказваць лічбы нашага гандлёвага абароту, якія часы мы перажылі. Мы сапраўды пачыналі з нуля, асабліва ў сферы эканомікі, але сёння Грузія знаходзіцца на вядучых пазіцыях у адносінах з Беларуссю», — сказаў Прэзідэнт Беларусі.

«Я зраблю ўсё, каб такія добрыя, цёплыя адносіны ва ўсіх сферах захаваліся навечна», — запэўніў кіраўнік Беларусі.

«Нам не абыякава, якая сітуацыя складваецца ў Грузіі. Ваш народ перажыў шмат складаных момантаў пасля распаду Савецкага Саюза, вы заўсёды годна выходзілі са складаных сітуацый. І я ўпэўнены, што і ў цяперашняй няпростай сітуацыі, як у Грузіі, так і ў іншых рэспубліках (і ў нас праблем хапае), але мы людзі мужныя і знойдзем выйсце», — паведаміў Аляксандр Лукашэнка.

Саломэ Зурабішвілі падзякавала Аляксандру Лукашэнку, што ён знайшоў час на сустрэчу. Паводле яе слоў, хуткі ад’езд стаў нечаканасцю для яе. Прэзідэнт Грузіі пажадала Беларусі паспяхова правесці Еўрапейскія гульні, але балець за грузінскіх спартсменаў яна будзе на адлегласці.

«Разумееце, зараз у Грузіі напружаная сітуацыя, таму я палічыла абавязковым быць там. Калі ў краіне адбываецца нешта падобнае, кіраўнік дзяржавы павінна быць на месцы», — папрасіла прабачэння Саломэ Зурабішвілі.


Аляксандр Лукашэнка: У Brexit ёсць станоўчыя моманты для Беларусі

На сустрэчы з дзяржаўным міністрам па гандлёвай палітыцы Міністэрства знешняга гандлю Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі Джорджам Холінгберы Прэзідэнт Беларусі звярнуў увагу, што перамовы з нагоды Еўрапейскіх гульняў не зусім зручны выпадак, каб паглыбіцца ў двухбаковыя адносіны краін.

«Але, тым не менш, гэтая сустрэча вельмі важная. Магчыма, нават гістарычна важна, нягледзячы на той аб’ём гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, які ў нас ёсць. Усё-такі адносіны Беларусі і Велікабрытаніі могуць быць лепшымі, нашмат лепшымі (калі сумленна казаць), чым той узровень, на якіх яны знаходзяца сёння», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. 

Прэзідэнт нагадаў, што выніковыя сустрэчы, прысвечаныя гандлёва-эканамічным пытанням, прайшлі падчас нядаўняга візіту ў Лондан беларускай дэлегацыі на чале з прэм’ер-міністрам Сяргеем Румасам. «Ваш урад шмат зрабіў, каб гэтыя мерапрыемствы ў Вялікабрытаніі былі паспяховымі, і я вам асабіста дзякую за тое, што вы ўважліва аднесліся да беларусаў і садзейнічалі рэалізацыі тых мэтаў, якія былі пастаўлены перад гэтым візітам», — падкрэсліў лідар краіны. 

Прэзідэнт нагадаў пра сваё негатыўнае стаўленне да выхаду Вялікабрытаніі з Еўрапейскага саюзу. Але ў гэтым працэсе, па яго меркаванні, ёсць шмат і станоўчых момантаў: «Па-першае, тое, што вы становіцеся больш свабоднай дзяржавай, незалежнай ад амаль трох дзясяткаў галасоў Еўрапейскага саюза. Для нас гэта выгадна тым, што мы і вы можам больш свабодна і больш аператыўна наладжваць адносіны паміж Вялікабрытаніяй і Беларуссю».

У адказ Дзяржаўны міністр адзначыў, што для яго вялікі гонар быць у Мінску і асабіста сустрэцца з кіраўніком Беларусі.

«І вы вельмі правільна і справядліва адзначылі, што Вялікабрытанія мае вельмі значны інтарэс і вельмі ўважлівая да Рэспублікі Беларусь. Нягледзячы на тое, што наша сустрэча вельмі абмежаваная па часе, у мяне запланавана вялікая колькасць сустрэч і перамоў з прадстаўнікамі беларускага ўраду. Я ўжо неаднаразова сустракаўся са спадаром паслом у Злучаным Каралеўстве, і ў нас склаліся вельмі добрыя ўзаемаадносіны», — расказаў Джордж Холінгберы.

Да размовы з Прэзідэнтам дзяржаўнаму міністру па гандлёвай палітыцы Міністэрства знешняга гандлю Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі ўдалося абмеркаваць вектары далейшага супрацоўніцтва ў сферы гандлю з намеснікам міністра замежных спраў Беларусі.


Сустрэча з блізкімі сябрамі

Менавіта так ахарактарызаваў парадак перамоў з замежнымі гасцямі Аляксандр Лукашэнка ў размове з прэзідэнтам Сербіі Аляксандрам Вучычам. Удзел кіраўніка гэтай балканскай краіны ў цырымоніі адкрыцця Еўрапейскіх гульняў стаў нагодай яшчэ раз вярнуцца да абмеркавання адносін Беларусі і Сербіі.

«Мы канстатавалі зусім нядаўна, сустракаючыся, што яны знаходзяцца на самым высокім узроўні. Думаю, нам трэба дадаць да нашых палітычных адносін больш гандлю, больш эканомікі, каб быў моцны фундамент нашых адносін, каб ніхто іх ніколі не зрушыў», — звярнуўся да свайго сербскага калегі Аляксандр Лукашэнка. 

Беларускі лідар падкрэсліў, што Сербія прыярытэтны партнёр і блізкая нам краіна: «Для мяне асабіста вы ведаеце, што такое Сербія. І я дзякую вам і сербам за тую цеплыню, з якой яны адносяцца да беларусаў і мяне асабіста. Мы гэта цэнім, і, паверце, усё гэта на карысць нашым адносінам у будучынi».

Аляксандр Вучыч у сваю чаргу таксама заявіў пра асаблівы характар кантактаў, якія склалiся паміж краінамі.

«Мы вельмі цэнім усё, што вы асабіста робіце, спадар Прэзідэнт. Вялікі дзякуй за вашу пазіцыю па пытаннi Косава. Мы робім усё магчымае, каб зберагчы нашу тэрытарыяльную цэласнасць, незалежнасць, суверэнітэт», — сказаў Аляксандр Вучыч.

Ён згадзіўся, што краінам трэба ўзмацніць эканамічныя адносіны і гандлёвыя сувязі, і паведаміў: будучы візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Сербію мае вялікую значнасць для ўзаемадзеяння дзяржаў.


Аляксандр Лукашэнка ўзнагародзіў Рамзана Кадырава Ордэнам дружбы народаў

Прэзідэнт Беларусі, прымаючы кіраўніка Чачэнскай Рэспублікі Рамзана Кадырава, адзначыў асаблівы характар адносін. 

«Я нядаўна, прызначаючы міністра ўнутраных спраў, а ён у нас каўказец, расказваў пра мае пачуцці да каўказскага насельніцтва. Гэта сапраўды моцныя людзі, з якіх мы бяром прыклад у пэўных момантах», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён нагадаў пра мару пабываць у гарах Чачні, Дагестана. 

«Для мяне, сапраўды, важна пабываць у такіх месцах, без помпы, без лішніх людзей, паглядзець, што за такія Каўказскія горы, дзе жывуць мужныя людзі», — расказаў беларускі лідар.

Прэзідэнт нагадаў гісторыю двух мінулых гадоў, калі дзякуючы намаганням Рамзана Кадырава ўдалося вызваліць з Лівіі беларускіх спецыялістаў: «Да цябе ў нас адносіны асаблівыя. Рамзан, вялікі табе дзякуй за тое, што ўмееш трымаць слова. Вось я заўсёды кажу: «Сапраўдны мужык, паябяцаў — зрабіў». Дзякуй табе за нашых людзей, якіх мы наўрад ці да гэтага часу ўбачылі б у Беларусі, якіх ты вызваліў. Ты не проста сябар, ты брат мяне, для нашага народа».

У знак удзячнасці і братэрскіх адносін Аляксандр Лукашэнка ўзнагародзіў Рамзана Кадырава Ордэнам дружбы народаў.

«Гэта, павер, асаблівае гучанне, а не проста даніна палітычнай якойсьці модзе. Ты сапраўды гэта заслужыў як чалавек, які прынёс нашаму народу (а не толькі асобным людзям) вялікае шчасце», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Рамзан Кадыраў у сваю чаргу адзначыў: «Не прайшло і двух год, як мы з вамі сустрэліся. У нас ёсць узаемныя адносіны — культурныя, спартыўныя і па лініі спецпадраздзяленняў».

Карыстаючыся магчымасцю, Рамзан Кадыраў павіншаваў беларускую каманду, якая выйграла чэмпіянат па тактычных стрэльбах сярод сілавых падраздзяленняў памяці першага прэзідэнта Чачэнскай Рэспублікі Ахмат-Хаджы Кадырава.

«Вам словы падзякі за тую падтрымку, дапамогу, якую аказваеце чачэнцам і ўсім каўказцам. І ў нас у рэспубліцы, на Каўказе, у Расіі вас любяць, паважаюць і чакаюць. У нас ёсць і горы, і лясы», — запрасіў Рамзан Кадыраў кіраўніка Беларусі ў госці і адзначыў, што будзе з павагай насіць падараваны Ордэн.

У тэму

Рамзан Кадыраў пасля размовы з Аляксандрам Лукашэнкам адказаў на пытанні журналістаў.

«Кожная сустрэча, кожны прыезд для нас гэта вельмі значыма. Таму што мы вельмі цэнім нашы адносіны з дзяржавай Беларусь. І Прэзідэнт нам шмат цікавага расказваў, даваў шмат парад. Не прайшло два гады з нашай апошняй сустрэчы. У нас ёсць спартыўнае, культурнае, прамысловае ўзаемадзеянне , — адзначыў кіраўнік Чачэнскай Рэспублікі. — Я думаю, што Прэзідэнт прыедзе да нас у госці. Ён амаль згадзіўся, сказаў, што хоча. І далей будзем развіваць і будаваць адносіны».

Рамзан Кадыраў наконт узнагароды адзначыў: «Калі мы змаглі паўдзельнічаць у вызваленні чалавека, вярнулі яго на свабоду, а гэта ацанілі і Прэзідэнт, і народ— гэта, я лічу, дарагога каштуе. Таму я з задавальненнем прыняў».


Дзмітрый Мядзведзеў: Значная частка пытанняў датычна інтэграцыі ужо ўзгоднена

Задача прэм’ер-міністра Расіі паводле візіта ў Мінск — разгледзіць работу групы, якая працуе над праблемнымі пытаннямі ўзаемаадносін, і даць рэзюмэ перад сустрэчай двух лідараў. 

«Прыкладна такі быў агавораны графік, што мы сёння сустракаемся пасля паседжання ўрадаў. Затым ён [Уладзімір Пуцін. — Зв.] плануе прыехаць на закрыццё, і мы сустрэнемся, паразмаўляем на гэтую і розныя іншыя тэмы. І ўжо калі будзе Форум рэгіёнаў у вас на радзіме, мы з ім паедзем на Валаам маліцца. І там дадаткова абмяркуем, — расказаў Прэзідэнт Беларусі. — Вось такі прыкладна быў план. Але гэта толькі намёткі. Там усё залежыць ад таго, як будуць складвацца графікі прэзідэнтаў».

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што расійскі прэм’ер-міністр актыўна ўключаны ў працэс перамоў па беларуска-расійскай інтэграцыі.

«Хачу шчыра павіншаваць вас з такой вялікай спартыўнай падзеяй, што ў самай блізкай для нас краіне адбудзецца. Упэўнены, што ўсё пройдзе на самым высокім узроўні: будуць выдатныя спартыўныя дасягненні і балельшчыкі будуць задаволеныя», — падкрэсліў Дзмітрый Мядзведзеў і перайшоў да палітычных пытанняў. 

«Што датычыцца асноўнай тэмы майго прыезду сёння, тых размоў, якія былі ў мяне з Сяргеем Нікалаевічам Румасам, іншымі калегамі, вы абсалютна правільна сказалі: мы зараз знаходзімся на вельмі важным перамоўным трэку, абмяркоўваем праграму дзеянняў па выкананні нашага саюзнага дагавору, праграму інтэграцыі».

Ён адзначыў, што «пагаварылі нядрэнна» і значная частка пытанняў ужо ўзгоднена. Для прэзідэнтаў засталося значна менш тэм для вырашэння, і яны будуць, у большасці, тычыцца палітыка-прававой сферы. Перамовы ідуць актыўна, дзякуючы плённай працы міністраў, віцэ-прэм’ераў.

«Мы зараз амаль гатовы перадаць усё гэта для разгляду на прэзідэнцкім узроўні, і спадзяемся, што гэта ўдасца вам зрабіць у ліпені для таго, каб вырашыць астатнія моманты», — паведаміў расійскі прэм’ер.

Калі гэтыя пытанні будуць вырашаны, па плану ў лістападзе бакі выйдуць на падпісанне дарожных карт па рэалізацыі гэтых ініцыятыў.

Марыя ДАДАЛКА

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Уласнікі карэктуюць свае прапановы.

Грамадства

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».