Па вялікім рахунку, тэатр оперы і балета сезон не закрывае: калектыў толькі вярнуўся з «Вечароў Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў», што прайшлі з 14 да 16 чэрвеня ў Нясвіжы, а ўжо адкрыў «Балетнае лета ў Вялікім». Учора «марафон харэаграфічных хітоў» распачало выступленне прэм'ераў Марыінкі. Арганізатары мяркуюць прадставіць гледачам шэраг знакамітых спектакляў і завяршыць іх гала-канцэртам з удзелам зорак сусветнага балета.
Тры харэаграфічныя нумары і тры заслужаныя артысты Расіі — Ігар Колб, Даніла Карсунцаў і Яўген Іванчанка — з праектам «Dance Dance Dance» выступілі на сцэне Вялікага і адкрылі «Балетнае лета».
«Мне здаецца, праграма вельмі насычаная і цікавая, але толькі гледачам меркаваць, на якую глыбіню яна даходзіць у сэрца, — кажа мастацкі кіраўнік тэатра Валянцін Елізар'еў. — Шчыра скажу, збіраць такія фестывалі ў сённяшнім свеце вельмі складана — з розных прычын, але ў першую чаргу праз занятасць артыстаў. Тым не менш нам удалося прыцягнуць і маладых зорак, і зорак сярэдняга пакалення, і зорак сусветнага балетнага мастацтва».
Адразу два вечары з сямі будуць прысвечаны тэатру вядомага харэографа Раду Паклітару «Кіеў Мадэрн-балет» — ён пакажа «Спячую прыгажуню» Пятра Чайкоўскага, спектакль «Уверх па рацэ» на музыку Аляксандра Родзіна і аднаактны «Доўгі калядны абед».
У наступныя вечары публіцы будуць прадстаўлены «Анастасія» Вячаслава Кузняцова, «Лебядзінае возера» ўжо згаданага Чайкоўскага з запрошанымі артыстамі з Маскоўскага акадэмічнага Музычнага тэатра і «Рамэа і Джульета» Пракоф'ева ў пастаноўцы Елізар'ева.
Гала-канцэрт аб'яднае выступленні прым і прэм'ераў тэатраў Кіева, Берліна, Санкт-Пецярбурга і іншых. Свой удзел таксама пацвердзіў Мікалай Цыскарыдзэ, хоць Валянцін Елізар'еў агаварыўся, што «ў такіх занятых людзей усё можа сарвацца». Завяршальны канцэрт фестывалю пройдзе 28 чэрвеня.
Сафія ПАЛЯНСКАЯ
Зазірнём у заўтра Беларусі.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.