Вы тут

Як змяніць структуру спажывання алкагольных напояў?


Мы не паўночная краіна, пара піць гарэлку выключна па святах. І то не заўсёды...

Да такіх высноў прыйшлі ўдзельнікі круглага стала, падчас якога прадстаўнікі дзяржаўных органаў і прыватнага бізнесу абмяркоўвалі, якім чынам можна ўдасканаліць падыходы да дзяржаўнай алкагольнай палітыкі ў краіне.


Наогул, Беларусь не займае першыя радкі ў сусветных рэйтынгах, а з 2011 года спажыванне алкаголю ў нас патроху зніжаецца. У той жа час дзяржава штогод траціць 2 % ВУП на пераадоленне негатыўных наступстваў, звязаных з празмерным ужываннем моцных напояў. Па назіраннях Міністэрства аховы здароўя, каля траціны цяжкіх пацыентаў паступаюць у бальніцы хуткай дапамогі з-за прыхільнасці да зялёнага змея.

Галоўнай мэтай для ўсяго грамадства стала спроба зрушыць гэтую праблему з мёртвага пункта. Адпаведная дзяржпраграма павінна мець на ўвазе зніжэнне спажывання алкаголю пры павелічэнні паступленняў у бюджэт. Такое меркаванне выказаў старшыня Рэспубліканскага саюза прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў Аляксандр Швец. Для зніжэння спажывання алкаголю патрэбна шматгадовая праграма з вельмі моцным эканамічным блокам:

— У нашай краіне гэтае пытанне часцей за ўсё агучваюць нашы калегі з Міністэрства аховы здароўя і МУС. Але вырашыць праблему на галіновым узроўні — напрыклад, толькі намаганнямі Міністэрства аховы здароўя — немагчыма. Гэта датычыцца і нашага прамысловага сектара, цэлы шэраг прадпрыемстваў, якія выпускаюць алкагольную прадукцыю, сёння з'яўляюцца горадаўтваральнымі. І калі галіну чакаюць нейкія перамены, то яны павінны праводзіцца ў планавым рэжыме, без рэзкіх дзеянняў. Яшчэ адзін важны момант — паступленне акцызаў і падаткаў ад алкагольнай галіны ў бюджэт. Тут цікавы польскі досвед, калі ў іх знізілася спажыванне алкаголю пры павелічэнні даходаў бюджэту. Гэта той варыянт, на які можа арыентавацца і наша краіна. Важна таксама разумець, што гэтая задача не можа вырашацца хутка, для гэтага трэба не менш 5—10 гадоў упартай працы.

Акрамя таго, Аляксандр Швец разлічвае, што першым крокам да фарміравання агульнай дзяржаўнай праграмы па алкагольнай палітыцы можа стаць стварэнне міжведамаснай рабочай групы. З абавязковым уключэннем у яе гульцоў рэальнага сектара эканомікі — і дзяржаўнага, і прыватнага.

У рэйтынгу мы 27-я

Медыкі занепакоеныя станам нашага агульнага здароўя, паколькі ўзровень спажывання алкаголю на душу насельніцтва ў краіне перавышае паказчык, які лічыць дапушчальным Сусветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ).

«На думку міжнароднай арганізацыі, калі гэты ўзровень перавышае восем літраў абсалютнага алкаголю на душу насельніцтва ў год, то гэта можа прывесці да негатыўных медыка-дэмаграфічных наступстваў», — адзначае кіраўнік Рэспубліканскага цэнтра маніторынгу і прэвенталогіі РНПЦ псіхічнага здароўя Аляксей Кралько. Але, у цэлым агульнае спажыванне алкаголю ў краіне з 2011 года паступова зніжаецца:

— Быў невялікі скачок у 2018 годзе, але гэтыя лічбы яшчэ будуць удакладняцца Белстатам. Агульная тэндэнцыя ў нас станоўчая. З 2017 года мы пачалі разлічваць спажыванне алкаголю ў краіне па міжнародных стандартах. Было прынята рашэнне лічыць гэты паказчык у насельніцтва ва ўзросце ад 15 гадоў і старэйшых. Усе краіны лічаць менавіта так. Паводле звестак за 2017 год, спажыванне склала 9,6 літра на душу насельніцтва.

Важна ўлічваць і незарэгістраваны алкаголь — хатні або нелегальна ўвезены. У краіне распрацавана методыка па падліку спажывання такога алкаголю. Па гэтай методыцы ў 2017 годзе агульнае спажыванне алкаголю склала ўжо 11,2 літра на чалавека. У рэйтынгу краін за 2016 год наша краіна знаходзіцца на 27-м месцы ў свеце па ўзроўні спажывання алкаголю.

«Паўночная» мадэль

Спецыяліст звярнуў увагу, што па рэкамендацыях СААЗ «ідэальнай» структурай спажывання можа быць наступная: доля слабаалкагольных напояў і піва ў агульным спажыванні павінна складаць 50 %, віна — 35 %, моцнага алкаголю — 15 %. Але такая структура дасягаецца за працяглы перыяд часу.

Вельмі паказальныя не толькі даныя аб тым, колькі п'юць нашы людзі, але і напоі, якія карыстаюцца найбольшым попытам. Паводле афіцыйнай статыстыкі, каля 53 % спажыванага ў Беларусі алкаголю прыпадае на моцныя напоі — гарэлку, лікёра-гарэлачныя вырабы і каньяк. Пры гэтым звесткі за апошнія дзесяць гадоў сведчаць аб тым, што структура алкагольнага рынку практычна не мяняецца. Атрымліваецца, што ў краіне назіраецца «паўночная» мадэль спажывання.

«Гарэлачная мадэль спажывання алкаголю негатыўна адбіваецца на здароўі насельніцтва. Мы назіраем развіццё алкагольных псіхозаў, высокую смяротнасць у сувязі з празмерным ужываннем моцных алкагольных напояў», — адзначае Аляксей Кралько. Як паказала сацыялагічнае даследаванне, праведзенае Рэспубліканскім цэнтрам маніторынгу і прэвенталогіі РНПЦ псіхічнага здароўя, часцей за астатніх моцныя спіртныя напоі ўжываюць мужчыны з няпоўнай сярэдняй і пачатковай адукацыяй, работнікі сельскай гаспадаркі і беспрацоўныя.

Больш за тое, сацапытанне паказала, што больш за палову дарослага насельніцтва краіны каштавалі самагон і ў найбольшай ступені яго ўжываюць жыхары перадпенсійнага і пенсійнага ўзросту ў сельскай мясцовасці.

Медыкі ўпэўненыя, што сітуацыю на алкагольным рынку краіны варта паступова мяняць і рухацца да той «ідэальнай» структуры спажывання алкаголю, якую рэкамендуе СААЗ. «У структуры спажывання алкагольных напояў трэба скарачаць спажыванне гарэлкі і іншых моцных спіртных напояў шляхам павелічэння ўдзельнай вагі спажывання піва і сухога віна», — мяркуе Аляксей Кралько.

Алкаголікаў ужо менш, але ўсё ж...

— Колькасць пацыентаў, якія знаходзяцца пад наглядам лекараў псіхіятраў-нарколагаў, у нас штогод зніжаецца на 2—3 % у апошнія гады. Сёння гэта каля 160 тысяч пацыентаў з сіндромам залежнасці ад алкаголю, пятая частка сярод іх — жанчыны. Аднак, гэта велізарная колькасць людзей, якія фактычна страчаныя для грамадства.

Статыстыка МУС таксама сведчыць пра тое, што наступствы ад ужывання моцных алкагольных напояў сумныя, і сілавікі, мяркуючы па ўсім, гатовыя падтрымаць меры па барацьбе з алкагалізмам.

«Кожнае чацвёртае злачынства ў краіне ўчыняецца ў стане алкагольнага ап'янення. Пры гэтым доля забойстваў, наўмысных цяжкіх цялесных пашкоджанняў, учыненых у стане алкагольнага ап'янення, дасягае 80 %. У гэтым годзе ўпершыню за 10 гадоў у нас назіраецца рост такіх злачынстваў», — адзначае старшы інспектар упраўлення прафілактыкі галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі МУС Юрый Гушча.

Акцызы і напаўненне бюджэту

На думку экспертаў, змяніць структуру спажывання алкагольных напояў можна, але без эканамічных метадаў тут не абысціся. У прыватнасці, Польшча ў свой час пайшла на тое, што істотна падвысіла акцызы на моцныя алкагольныя напоі і тым самым стымулявала спажыванне піва. «У 1990-х гадах на моцны алкаголь прыходзілася каля 70 % алкагольнага рынку Польшчы і 30 % на піва. Цяпер мы маем зваротную карціну дзякуючы акцызнай палітыцы», — расказаў на круглым стале падатковы кансультант урада Польшчы Войцех Крок.

Гарэлачны акцыз у Польшчы ў 4,5 раза вышэйшы, чым піўны. «У нас гарэлка адносіцца да напояў прэміум-сегмента, яе людзі купляюць толькі для асаблівых выпадкаў», — адзначае Крок.

У нашай краіне сітуацыя іншая — гарэлачны акцыз перавышае піўны толькі ў 1,65 раза. Айчынныя вытворцы моцных алкагольных напояў мяркуюць, што калі такія змены зрабіць рэзка, то фінансавае становішча прадпрыемстваў пагоршыцца, а казна пазбавіцца паступленняў. Дарэчы, некаторыя прадстаўнікі алкагольнай галіны падкрэсліваюць, што менавіта дзеля напаўнення казны яны і працуюць.

А вось першы намеснік старшыні канцэрна «Белдзяржхарчпрам» Ігар Шустаў на круглым стале адзначыў: галоўнае, памятаць, што лібералізацыя алкагольнага рынку — гэта памылковы шлях. «Любыя меры рэгулявання павінны быць накіраваны на абарону здароўя. Таму не стаў бы падтрымліваць пазіцыі вытворцаў алкаголю». Ігар Шустаў нагадаў, што за 2018 год акцызы на алкаголь склалі 3,7 % паступленняў у бюджэт, таму памылкова казаць, што гэта бюджэтаўтваральная галіна.

На думку Ігара Шустава, у гэтай сферы пазітыўная дынаміка прыкметная, паколькі атрымалася выбудаваць разумную акцызную палітыку ў дачыненні да алкагольнай прадукцыі. «Сёння назіраецца павелічэнне спажывання каньякоў, ідзе добры трэнд на спажыванне якасных прадуктаў, умоўна прэміяльнай прадукцыі. Калісьці прымаліся памылковыя рашэнні датычна вінаробнай прадукцыі, цяпер пачынаем дзейнічаць наадварот: прынята рашэнне аб розніцы акцызаў на фруктова-ягадныя віны і віны мацаваныя. Статыстыка сведчыць, што за чатыры месяцы аб'ём рэалізацыі фруктовых вінаў вырас у чатыры разы, і гэта добра», — адзначае прадстаўнік канцэрна.

Рэклама якаснага віна і безалкагольнага піва

Прадстаўнікі прыватных кампаній, у сваю чаргу, лічаць, што для выцяснення моцнага алкаголю з рынку павінна быць не толькі адэкватная акцызная палітыка, але і іншыя падыходы, напрыклад у рэкламнай сферы.

— Каб паменшыць удзельную вагу моцных алкагольных напояў на рынку, трэба дазволіць рэкламу слабаалкагольных напояў. На сённяшні дзень рэклама вінаградных вінаў, шампанскага, натуральных пладовых вінаў, таксама як і моцных напояў, не дазволена за выключэннем месцаў продажаў», — адзначае генеральны дырэктар «Мінскага завода вінаградных вінаў» Іван Троіцкі.

Першы намеснік міністра аховы здароўя Дзмітрый Піневіч адзначыў, што калі міжведамасная рабочая група будзе ўсё ж створана, то Міністэрства аховы здароўя гатова ўдзельнічаць у яе рабоце.

— Тэма нашага абмеркавання актуальная сёння, будзе актуальная заўтра, і баюся, што і паслязаўтра таксама. У нас ёсць тры кірункі работы: зніжэнне ўзроўню спажывання алкаголю, змена структуры спажывання і змена тыпу спажывання. Вельмі важным з'яўляецца таксама пытанне якасці алкаголю. Зразумела, што вытворцы алкаголю ў нас у краіне адпавядаюць усім крытэрыям бяспекі. Але мы, на жаль, не маем ніякіх індыкатараў якасці.

Ад Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю ў мерапрыемстве прыняла ўдзел начальнік упраўлення арганізацыі гандлю і грамадскага харчавання Віялета Бразоўская. Яна, у прыватнасці, заявіла, што ўжо больш за чатыры гады гэта міністэрства рыхтуе да змены закон аб абароце алкаголю — і ў сувязі з новымі патрабаваннямі партнёраў па ЕАЭС, і ў сувязі з іншымі нарматыўнымі актамі. У прыватнасці, новы праект закона аб абароце алкаголю прадугледжвае далейшае паэтапнае абмежаванне продажу і спажывання алкагольных напояў. Разам з тым, любыя абмежаванні ў любой сферы дзейнасці не павінны быць рэзкімі. «Мы павінны разумець, як яны паўплываюць не толькі на насельніцтва, але і на эканоміку».

Па выніках круглага стала падрыхтавана рэзалюцыя, у якой адлюстраваны меркаванні ўсіх удзельнікаў. Пасля дапрацоўкі дакумент адправяць ва ўрад, дзе і будуць прымацца канкрэтныя рашэнні.

Сяргей КУРКАЧ

Загаловак у газеце: Задачу трэба вырашаць комплексна

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».