Той, хто ўпершыню прыязджае ў Слаўгарад, вельмі здзіўляецца, калі дазнаецца, што горад старэйшы за Маскву. Куды ні кінь вокам, забудова ў асноўным савецкага перыяду. Выключэнне складаюць храм Раства Прасвятой Багародзіцы, пабудаваны ў канцы XVІІІ стагоддзя, і паштовая станцыя, якая, калі ў хуткім часе не распачаць яе рэстаўрацыю, можа знікнуць з зямлі. Але таямніцы адкрываюцца таму, хто іх шукае. Ну што, пачнём?
Як радзімічы слаўгарадчанамі сталі
Для пачатку крыху гісторыі. Упершыню чалавек з'явіўся тут за некалькі дзясяткаў тысяч гадоў да нашай эры. А вось у летапісных крыніцах (устаўной грамаце Смаленскай біскупскай кафедры) назва Прупой згадваецца толькі ў 1136 годзе. Заснавальнікам горада ў складзе Смаленскага княства быў князь Расціслаў-Міхаіл. На працягу свайго існавання Прупой неаднаразова мяняў назвы і ў розныя перыяды быў Прапошэнскам, Пропольскам, Прапойскам, пакуль нарэшце не стаў Слаўгарадам. У ХІV стагоддзі Прапойск уваходзіў у склад Вялікага Княства Літоўскага і быў дзяржаўным уладаннем, у пачатку ХVІ стагоддзя стаў цэнтрам Прапойскай воласці, а ў другой палове гэтага ж стагоддзя пераўтварыўся ў староства ў Мсціслаўскім ваяводстве. У верасні 1772 года, пасля падзелу Рэчы Паспалітай, расійская імператрыца Кацярына ІІ падарыла Прапойск князю Галіцыну. Па яго распараджэнні і была ў 1793 годзе пабудавана царква Раства Прасвятой Багародзіцы.
У сярэдзіне XІX стагоддзя старадаўні горад меў усе шанцы стаць металургічнай сталіцай. Чыгуналіцейны завод у вёсцы Старынка лічыўся адным з найбуйнейшых металургічных прадпрыемстваў Расійскай імперыі. Каб дастаўляць вырабы на рачную прыстань, па левым беразе Сожа праходзіла першая на Магілёўшчыне вузкакалейка — прамаці беларускай чыгункі, якой, на жаль, у сучасным Слаўгарадзе няма. А яшчэ тут быў кафельны завод, вырабы якога выкарыстоўваліся пры афармленні Гранавітага пакоя маскоўскага Крамля. Прыгожы рэльеф — замкавая гара, унізе якой коцяць свае хвалі Проня і Сож, вялікі луг за ракой, які на некалькі кіламетраў расцягнуўся да лесу — рабіў горад непрыступным. Яго вызваленне ў гады Вялікай Айчыннай вайны было вельмі цяжкое. Кажуць, што вада ў Сожы была чырвонай ад крыві. За гераізм і мужнасць жыхароў і чырвонаармейцаў, якія склалі тут свае галовы, Прэзідыум Вярхоўнага Савета СССР Указам ад 23 мая 1945 года перайменаваў Прапойск у Слаўгарад. Па неафіцыйнай версіі, калі Сталіну палажылі на подпіс загад аб перайменаванні 324-й дывізіі, якая вызваляла населены пункт ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, у прапойскую, ён упэўнена перакрэсліў слова Прапойск і напісаў — Слаўгарад. Маўляў, такая назва болей падыходзіць для герояў-вызваліцеляў.
Пад гукі паланэзу
З Прапойскам звязаны імёны такіх сусветна вядомых асоб, як Восіп Казлоўскі, аўтар музыкі да расійскага нацыянальнага гімна канца XVІІІ — пачатку XІX стагоддзя «Гром Победы, раздавайся», Іван Грыгаровіч, кампазітар, ігумен Арэст, духоўны прапаведнік і летапісец, Фёдар Тулаў, рускі партрэтыст. А ў студзені 1787 года па дарозе ў Крым мястэчка наведала імператрыца Кацярына ІІ. У прыгожым замку на абрыве над ракой дапазна гучалі гукі паланэза, гарэлі свечкі і звінеў вясёлы смех. Імператрыца была так зачаравана мясцовымі краявідамі, што пакінула гістарычны надпіс на ліпе, маўляў, калі б зараз было лета, я пасадзіла б тут дуб. Легенда паспяхова жыве і перадаецца з вуснаў у вусны.
Час не пашкадаваў ні замка, ні іншых старадаўніх пабудоў, знік у небыццё і трон Кацярыны, які быў зроблены спецыяльна да яе прыезду. Але мясцовы жылкамгас стварыў тут сімвалы тых падзей. На знакавым месцы сёння ўстаноўлены карэта і трон, тэрыторыя ўпрыгожана мноствам кветак — быццам царыца зноў прыехала наведаць упадабаныя ёй месцы і пайшла пагуляць па старадаўнім парку. А пакуль яе няма, усе карыстаюцца момантам. Можна пасядзець унутры карэты або на месцы фурмана, патрымацца за паходны куфар на задніку — а раптам разбагацееш? На вялікім камені гістарычная даведка пра замкавую гару. З-за яго гулліва выглядае яшчэ адзін гістарычны персанаж — памешчык Яншын, адзін з сумна вядомых уладальнікаў замка. Чаму сумна? Ды таму, што прапіў-праматаў свой маёнтак. І нават у метале ён са сваёй нязменнай спадарожніцай-бутэлькай і гармонікам — гэта ўсё, што ў яго засталося ад багатага маёнтка. Напамін пра мінулае ажывіў старадаўні парк. Тут адпачываеш душой і пераносішся на некалькі стагоддзяў таму. Як і раней, журчыць непадалёк крынічка, коціць унізе свае цяжкія воды абмялелая за гады Проня — рака, якая калісьці дала назву гораду. Менавіта тут яна зліваецца з Сожам.
Па драўлянай лесвіцы (зноў дзякуй камунальнікам) можна спусціцца яшчэ на адну гістарычную пляцоўку. Ды ў другой палове XX стагоддзя там знаходзіўся млын. Яго ўжо няма, але на гэтым месцы пабудавалі з дрэва новы, стылізаваны. А з ім яшчэ і цэлы комплекс
з альтанак, старажытных багоў і міфічных істот. Вунь з-за кустоў выглядае русалка. Можаце смяяцца, але старыя людзі кажуць, што ў рэчышчы Сожа прыгажуні жывуць і дагэтуль. Луг за ракой наогул нешта накшталт тутэйшага Лукамор'я, нават ад некаторых тапонімаў кроў у жылах стыне — Чортаў кут, напрыклад. Але пра гэта наступным разам.
Фрэскі просяць адкрыцця
У 1793 годзе ў Прапойску была пабудавана царква Раства Прасвятой Багародзіцы — прыгожы храм з васьмігранным купалам і званіцай, якая стаіць асобна. Аўтарам праекта лічыцца прадстаўнік класіцызму, рускі архітэктар Мікалай Львоў, той самы, які пабудаваў у Магілёве Іосіфаўскі сабор у гонар сустрэчы расійскай імператрыцы з аўстрыйскім імператарам Іосіфам. Усе будаўнічыя матэрыялы для храма вырабляліся на месцы, толькі жалеза на дах прывезлі з Масквы. Інтэр'ер упрыгожвалі 57 фрэсак з сюжэтамі Новага і Старога запаветаў. На жаль, аўтар невядомы, але вялікая верагоднасць, што да іх меў дачыненне знакаміты мастак Уладзімір Баравікоўскі.
Сёння ў храм назіраецца сапраўднае паломніцтва. Людзі едуць паглядзець на цудадзейную ікону Божай Маці Усіх Тужлівых Радасць, якая адплюшчвае вочы. Яе можна пазнаць па вялікай колькасці ахвяраваных ёй дарагіх рэчаў — залатых ланцужкоў і пярсцёнкаў. Гэта сведчанні нечых ацаленняў. Настаяцель храма айцец Уладзімір расказаў, што гэтая ікона вельмі рэдкая і аўтар яе невядомы. Божая Маці сапраўды глядзіць на нас з паўадкрытых павек і, здаецца, у самае сэрца.
А пасля візіту ў тутэйшы гісторыка-краязнаўчы музей я даведалася, што захаваўся альбом з падрабязным апісаннем храмавых фрэсак. У канцы сямідзясятых былі спробы аднавіць храм і зрабіць там музей. Падказала мне пра гэты альбом вельмі дасведчаны і захоплены сваёй справай старшы навуковы супрацоўнік музея Вера Стасенка. І калі я гартала яго, то нават рукі дрыжэлі ад усведамлення, што трымаюць гэты неацэнны скарб. Тут сабраныя фота і апісанні ўсіх тых 57 фрэсак, якія ўпрыгожвалі сцены і купал храма. І нават у чорна-белым выкананні яны ўражваюць. Усё гэта ўсяляе надзею, што калісьці храм усё ж такі адновяць у яго былой велічы. А Вера Стасенка, якая часта наведвае храм у надзеі разгадаць зашыфраваныя ў яго канструкцыях і выявах сімвалы, заўважыла, што апошнім часам тыя фрэскі, якія яшчэ захаваліся, сталі прыкметна ярчэйшыя.
Да Блакітнай крыніцы на таксі. Калі знойдзеце яго
Яшчэ адна гаючая святыня Слаўгарадскага раёна — Блакітная крыніца. Але пра яе ўжо столькі напісана, што сэнсу няма паўтараць. Дастаткова адкрыць інтэрнэт. Адзначу толькі, што гэта месца было сакральнае яшчэ ў радзімічаў, стараславянскага племені. Ад Слаўгарада да святыні ўсяго 12 кіламетраў, але прыгарадных рэйсаў туды няма. Мне, напрыклад, на аўтастанцыі параілі скарыстацца паслугамі таксі.
З Лясной крыху прасцей. Гэта таксама вельмі вядомы аб'ект, пра які напісана шмат і падрабязна. Ехаць туды трэба, нават не сумнявайцеся. Гэта нешта накшталт Барадзіна пад Масквой, у XVІІІ стагоддзі тут адбылася знакавая бітва рускіх са шведамі, у якой перамаглі першыя на чале з царом Пятром І. У Лясной працуе шыкоўны музей-бібліятэка і знаходзіцца ўнікальны храм у гонар Святых апосталаў Пятра і Паўла. Пра расклад таксама лепей даведацца загадзя. Праездам да Лясной можна дабрацца на любым слаўгарадскім аўтобусе або маршрутцы. Па панядзелках можна таксама даехаць на аўтобусе, што едзе ў Пацяраеўку, а па серадах на аўтобусе да Іванішчавіч. Праўда, ад прыпынку да Лясной ісці пехатой яшчэ кіламетры тры. Але гарантавана не заблукаеце: храм, які праглядаецца з дарогі, якраз будзе арыенцірам. У Лясной на старадаўніх могілках ёсць пахаванні тых часоў, а каля музея на грошы міжнароднай дапамогі зроблена рэканструкцыя бою XVІІІ стагоддзя. У салдат, дарэчы, твары сучасных слаўгарадчан.
Аматары даўніны могуць з дапамогай грамадскага транспарту дабрацца да вёскі Улукі, дзе, калі пашчасціць, можна знайсці векавую лістоўніцу. Ну і ў старадаўні Гайшын. Калісьці там быў панскі маёнтак. Цяпер, на жаль, няма. А вось краявіды прыгожыя. Не пашкадуеце, калі любіце шукаць на сваю галаву (у добрым сэнсе слова) падарожжа. Музеяў і помнікаў тут няма, але, калі пашчасціць, вы шмат чаго даведаецеся ад мясцовага насельніцтва.
Усяго праз райцэнтр, як паведамілі на аўтастанцыі, праходзіць 25 міжнародных і прыгарадных маршрутаў. І да Масквы прасцей дабрацца, чым да мясцовых прыгажосцяў, — аўтобус з Бабруйска праязджае горад кожны дзень.
Сціплая абаяльнасць сферы паслуг
Калі збіраецеся нешта паглядзець, ехаць у Слаўгарад трэба на некалькі дзён. Самы бюджэтны варыянт пражывання — гасцініца «Сож». Яна знаходзіцца якраз у цэнтры горада. Але тым, хто прывык да раскошы (які сэнс наогул тады ехаць у Слаўгарад?), гэты варыянт можа не спадабацца. Па водгуках у інтэрнэце, тут, мякка кажучы, час прыпыніўся на адзнацы «Савецкі Саюз».
Але тут і не збіраюцца пускаць пыл у вочы. Адразу ж папярэджваюць, што вельмі сціпла. Па кошце, праўда, гэта не скажаш. Аднамесны нумар каштуе 28 рублёў 19 капеек, а калі грошай няма, то можна абмежавацца ложкам у двухмесным нумары за 16 рублёў 44 капейкі. Праўда, калі ў першым варыянце вы плаціце за набор выгод у выглядзе асобнага санвузла з ваннай, халадзільніка і тэлевізара, то ў другім тэлевізар і халадзільнік не прадугледжаны. Хаця па тэлевізары ў найлепшым выпадку можна паглядзець толькі шэсць каналаў. Інтэрнэт (wі-fі) да слаўгарадскай гасцініцы таксама яшчэ не дайшоў. З посудам, абяцалі, цяжкасцяў не будзе — забяспечаць і талеркамі, і відэльцамі.
Калі не жадаеце эксперыментаваць з пражываннем, выбірайце адразу аграсядзібу — тут і сустрэнуць, і забавяць, і ўсе прыгажосці пакажуць. Адрас можна знайсці на сайце. Там наогул шмат карыснай інфармацыі. Дарэчы, у адрозненне ад гасцініцы тут трэба браніраваць месца — напрыклад, у аграсядзібе «Свет кветак», якая знаходзіцца непасрэдна ў Слаўгарадзе, у выхадныя на два тыдні наперад усё занятае. Пражыванне ў нумары абыдзецца прыкладна ў 20—30 рублёў у залежнасці ад камфорту. Пры гэтым майце на ўвазе, што душ і санвузел не ў нумары. Калі жадаеце, то звозяць і на Блакітную крыніцу. Але аднаму ехаць туды нявыгадна — возьмуць дзесьці 30 рублёў з дастаўкай туды і назад, яшчэ каля гадзіны адводзіцца на агляд крыніцы. Столькі ж будзе каштаваць падарожжа да Лясной.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота аўтара
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.
Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.