Яшчэ адзін сон дзьмухаўца
19 чэрвеня ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбылася трэцяя лекцыя з цыкла адкрытых лекцый Святланы Воцінавай “Сны самотнага дзьмухаўца”, прысвечаных біяграфіі Элізы Ажэшкі.
“Каханне першае і апошняе” – такую яна мела назву. Аўтар цыкла такім чынам – праз гэтую назву, а таксама на падставе некаторых фактаў – выказвае меркаванне, што, нягледзячы на два шлюбы і некалькі рамантычных гісторый, у жыцці пісьменніцы было толькі адно сапраўднае каханне, якое ўплывала на ўсё яе жыццё і нязменна адбівалася ў творчасці, -- доктар Зыгмунд Свянціцкі. Аргументы на карысць такога меркавання досыць паказальныя: ад россыпу “медыцынскіх” эпітэтаў і герояў-лекараў у творах да змянення подпісу “Ажэшка-Нагорская”, які пані Эліза пачала ставіць у лістах пасля вянчання з адвакатам Нагорскім, на ранейшае “Ажэшка”. Змяненне гэтае адбылося пасля візіту да пісьменніцы доктара Зыгмунда Свянціцкага праз трыццаць гадоў пасля іх растання. Кропку ў гэтай гісторыі кахання паставіў сам лёс: абодва памерлі ў адзін год, у адзін месяц, на адным тыдні, з розніцаю ў тры дні. Краіна ж праводзіла іх у апошні шлях адначасова, хвіліна ў хвіліну.
Лекцыя пра каханне выбіваецца з храналагічнага парадку, па якім будуецца цыкл. Наступная, чацвёртая лекцыя, якая адбудзецца 26 чэрвеня, вяртае аповеду пра Элізу Ажэшку храналогію, але і яна мае сваю тэматычнасць. “Бізнес-пані” – такую яна атрымала назву. Ахопіць час ад канца 1869 да 1882 года і закране не толькі тэму дзелавой хваткі пісьменніцы, але і яе творчасць гэтага перыяду. Магістральныя творы дзесяцігоддзя – “Марта” і “Мейр Эзафовіч” -- прынеслі Элізе Ажэшцы славу не толькі на яе роднай зямлі.
Аўтар цыкла запрашае на свае лекцыі ўсіх, каму цікава летнім вечарам паслухаць пра тую, якая жыла, пісала, марыла і пакутавала больш за стагоддзе таму, з тым каб праз чутае здолець убачыць яе на свае вочы.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.